«Стрыптызёршы» — кіно поўнае клішэ. Не ратуе нават танец Джэніфер Лопес

Жаданне валодаць неверагоднай сумай грошай і вырашаць уласныя праблемы, не азіраючыся на іншых, велізарнае. Гераіні фільма «Hustlers», звычайныя стрыптызёршы, вырашылі не проста назіраць за мізэрным грашовым струменем у раёне іх інтымных месцаў, але і паспрабаваць любымі спосабамі абзавесціся ўласнымі атрыбутамі раскошнага жыцця.

www.youtube.com/watch?v=fuGHVWKiFPQ

Фільм «Hustlers», пакуль даехаў да нашага пракату, нядрэнна пашумеў у родных Штатах, дабіўшыся добрых водгукаў ад тамтэйшай прэсы. Трэйлер прадугледжваў шырокі рэзананс з-за колькасці нясціплых танцаў на пілоне і аголеных жаночых тэл. Прыхільнасць да фільма выклікалі і слоганы з шэрагу «заснавана на рэальных падзеях», калі група стрыптызёршаў напампоўвала грашовых верхаводаў з Уолл-стрыт наркатой і выпампоўвала тысячы «зялёных прэзідэнтаў» з іх банкаўскіх карт. Гэты скандал 2015 года, хутчэй за ўсё, зрабіў вялікае ўражанне на Джэніфер Лопес, калі яна захацела не толькі прадзюсаваць гэты праект, але і зайграць у ім адну з вядучых роляў.

Выдатная праца харэографаў

Першыя паўгадзіны фільм стараецца знесці галаву гледачу прывабнай прыгажосцю аднаго са шматлікіх стрып-клубаў Нью-Ёрка, дзе дзяўчаты як драпежніцы змагаюцца паміж сабой за кожны цэнт. Сцэна з пілонам — гладыятарскі рынг, дзе жрыцы ап’яняюць свае ахвяры танцам любові.

Аператар імкнецца ўлавіць кожны момант гэтага працэсу, над якім выдатна папрацавалі харэографы. Іх двухмесяцовыя ўрокі асабліва прыкметныя падчас сола-танца Джэй Ло, якая ў свае 50 гадоў выдае сапраўдны майстар-клас бурлівага танцавальнага эратызму. Яе персанаж, Рамона, стане сімвалам дакрызіснай Амерыкі, калі краіна купалася ва ўласнай валюце.

Фемінісцкі варыянт «Ваўка з Уол-стрыт»

Але казка хутка скончыцца, калі наляціць фінансавы крызіс-2008. Таму большую частку фільма нам будуць распавядаць з журналісцкай пэўнасцю пра тое, як не салодка быць жанчынай, калі яна маці-адзіночка, стрыптызёрша і беспрацоўная ў адным флаконе. І як з дапамогай жаночага сяброўства і кемлівасці, а таксама мужчынскай тупасці і юрлівасці, зарабіць на раскошнае жыццё ў вялікім горадзе.

У выніку «стрыптызёршы» з разраду эфектнага «Шоу-гёрлз» перарастуць у фемінісцкі варыянт «Ваўка з Уол-стрыт», дзе работніцы танцавальных шоу будуць жорстка помсціць мужчынскаму насельніцтву Нью-Ёрка. І гэтая павальная мужчынская імбецыльнасць злёгку напружвае, калі ледзі бездакорна дзесяць эпізодаў запар спайваюць кліентаў у пакоях сумніўных устаноў. У такіх эпізодах бракавала суровай адвагі і падступства, бо гераіні пастаянна баязьліва ўспамінаюць аб сваіх страхах перад законам.

Надта шмат клішэ

Жанрава «стрыптызёршы» падобныя да крымінальнай драмы, але велізарная колькасць клішэ не даюць ёю моцна пранікнуцца. Не хапае дробкі пранізлівасці, каб стала страшна за гераінь. Не атрымліваецца стужцы пра бедных стрыптызёрш прыкінуцца нейкім маніфестам, у якім нам бы даказвалі, што жанчыны рана ці позна перамогуць ў няроўнай барацьбе. Занадта павярхоўна падымаюцца хвалюючыя пытанні.

У выніку фільм падаўся «апошнім трамплінам» для Джэніфер Лопес, якая паспрабуе сёлета зачапіць умоўнага «Оскара». Але аднаго эфектнага танца будзе замала…

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025