Лета скончылася, адпачынкі - таксама. Прыйшоў час задумацца, дзе паесці падчас перапынку на працы. Hrodna.life узгадаў, якія сталовыя працуюць у Гродне, сабраў свежыя водгукі наведвальнікаў і даведаўся, якія каронныя стравы там падаюць.
Сталовыя горада з найлепшым рэйтынгам
Адзін з лідараў паводле адзнак у Яндэкс.Картах — сталовая «Хімвалакно» на Славінскага, 4. Яна атрымала 5 зорачак па выніках 414 адзнак.
Іван лічыць, што гэта «не сталовая, а скарб» — мужчына гатовы прыязджаць у Гродна толькі дзеля яе. Міхаіл адзначае смачную выпечку быццам у бабулінай вёсцы, а «сочнікі як жаўтком памазаныя». А вось Таццяну расчаравалі прыгаркі ў гарохавым супе.
Сярэдні чэк за комплексны абед у сталовай — 10 руб.
У сталовай «Ваенсэрвісу» на Карбышава, 25 на Яндэкс.Картах ганаровы рэйтынг у 5 зорачкі. Установа прымае наведвальнікаў з 11:00 да 15:00, а пры замове ежу падаюць да століка — як у сапраўдных кафэ. Стравы можна ўзяць на вынас. Яшчэ адзін плюс сталовай — побач (на Будзёнага) ёсць вялікая стаянка, дзе можна прыпаркаваць аўто.
Кірылу спадабалася ўсё, акрамя супу. «Прыдзірлівае дзіця ўсё з’ела», — дадаў Ігар.
Агулам паесці тут можна за тыя ж 10 рублёў. Менавіта столькі заплаціў Віталь за кашу, рыбу, салата і ўзвар.


Сталовыя, у якіх можна паабедаць з шыкам
У сталовую прадпрыемства «Гранітэкс» на вуліцы Горкага, 91 варта зайсці хаця бы дзеля добрай мэблі - там стаяць шырокія сталы і драўляныя крэслы, а на сцяне вісіць тэлевізар.
Рэйтынг у Google Maps у сталовай — 4,3 зорачкі. Сярэдні чэк за абед — 12 руб. Раней было яшчэ танней: у 2024-м за боршч, тушаную капусту з катлетай, салат і кампот можна было аддаць не больш за 8 рублёў. Зараз карыстальнік пад нікам Эсберн за адну толькі катлету ў паніроўцы аддаў амаль 4 руб.
Яна расчаравалі салёныя макароны і невырзную падліўку, Аляксандр папярэдзіў аб вялікіх чэргах у гадзіну-пік. Іншыя наведвальнікі адзначылі шырокі выбар салатаў, смачныя другія стравы і ветлівы персанал.
Сталовая «Гродна Азот» на праспекце Касманаўтаў, 100 атрымала 4,6 зорачкі і ў Яндэкс.Картах, і ў Google Maps.
Ва ўстанове цікавы інтэр'ер: высокія белыя столі з люстрамі, стылізаванымі пад крышталь, а перагародкі на сценах упрыгожаны народным арнаментам. Дзякуючы яскраваму інтэр'еру ў сталовай нават праводзяць юбілеі і карпаратывы.
У Ганны абед на чацвярых чалавек абышоўся ў 27 руб. (менш за 7 рублёў на чалавека). Сям’я замовіла пюрэ, катлеты, салаты, сокі і сасіскі ў цесце. «Вельмі смачны хлеб!» — дадала госця. За капусту, салату з крабавымі палачкамі, кампот і адбіўную Андрэй аддаў 11 руб. Наведвальнікі таксама раяць пакаштаваць выпечку, а ў прыватнасці медавік.


Сталовыя, куды трапіць не так проста (але ёсць лайфхакі)
Плануючы зайсці ў «Сталоўку» на Урублеўскага, 5А, трэба быць уважлівым: установа працуе толькі ў абедзенны час з 12:00 да 16:00. А ў выходныя дні зачынена. Рэйтынг установы ў Яндэкс.Картах — 4,6 зорачкі.
Вольга ўзяла салату з «агурочка з пупырышкамі», хек на агародніннай падушцы і маркоўны сок — абед абышоўся ў 10 руб. За халаднік, катлету з пюрэ і сок Андрэй заплаціў 12,5 руб. Ежа і абслугоўванне гродзенцу спадабаліся. Але пры ўваходзе ў будынак няма пандуса, адзначае гараджанін.
Салаты ў «Сталоўцы» каштуюць ад 2,30 да 3,90 рубля. Супы (250 грам) — 2,60−2,70 рубля. Гарачае — ад 3 (за курыны біточак вагой 85 грамаў) да 5,90 (за порцыю плову).
Тое, што не ўдалося з’есці падчас абеду, супрацоўнікі сталовай спакуюць ў кантэйнер з сабой.
З абедам у сталовай ГрДУ на Ажэшкі, 22 таксама ёсць нюанс: трапіць сюды не студэнтам — складана. Але вопытныя людзі раяць лайфхак — трэба запісацца ў вахцёра ў спецыяльным часопісе. Праўда, для гэтага спатрэбіцца пашпарт. «Трэба прад’явіць дакументы на турнікеце. Запішуць. Потым, калі паабедаў, выпішуць», — тлумачыць карыстальнік John.
У Google Maps сталовая ГрДУ адзначана як «супны рэстаран» і мае 4,4 зорачкі.
Аляксандру «паўнавартасны абед на дваіх» абышоўся ў 11 руб. Павел адзначыў, што месца добрае: «Асабліва мяса з сырнай галоўкай, там на галоўцы памідор і салёны агурок, вельмі смачна».

Сталовыя, дзе можна паабедаць максімальна бюджэтна
Сталовая аўтобуснага парку на вуліцы Перамогі, 16 атрымала 4,8 зорачкі ў Яндэкс.Картах. Сяргей раіць свой стандартны набор: «Пюрэ з соўсам і катлета „Асаблівая“ — смак не змяняецца, а гэта прыклад добрага повара». Дзяніс таксама адзначыў асаблівы смак соуса — у дадатку да макаронаў з каўбаскамі «гэта быў улёт». Андрэй сілкуецца ў сталовай рэгулярна, але пякоткі ніколі не бывае.
Сталовай медуніверсітэта на вуліцы Горкага, 80 паставілі 4,6 зорачкі ў Google Maps. Наведвальнікі адзначаюць смачныя супы і смажанкі. Агаце не спадабалася, што пры падачы запяканкі дэсерт прытрымлівалі голымі пальцамі - дзяўчына гадзіцца. Сярэдні чэк у сталовай — 5 руб. Карыстачу пад нікам Parniska ў пюрэ трапіўся прусак. Уваход, як і ў сталовую галоўнага корпуса ГрДУ, строга па пашпартах, калі вы не студэнт.
Кафэ-сталовую корпуса ГрДУ на Захарава, 32 наведвальнікі ў Google Maps ацанілі на 4,4 зорачкі. Госці адзначаюць, што асартымент установы радуе не заўсёды: маленькі выбар супоў і ўсяго дзве кашы.
Затое сярэдні чэк за ўсё 5 руб. Віку абурыла, што раней «смачныя сасісачкі ў цесце, смажанкі каштавалі 80 капеек» — цяпер за выпечку прыйдзецца аддаць 1 руб. Вользе спадабаліся пячоначныя аладкі. Андрэй ходзіць абедаць у сталовую кожны дзень і вельмі задаволены працай персаналу.
Сталовая з сярэднім чэкам у 7 руб. знаходзіцца на праспекце Касманаўтаў, 66 у будынку тралейбуснага ўпраўлення. Пюрэ тут прадаюць за 1,5 руб., а ялавічны гуляш можна купіць за 4,3 руб.
Установа атрымала 4,5 зорачкі ў Яндэкс.Картах. Наведвальнікі кажуць, што ежа смачная, а выбар пазіцый вялікі. Кірыла расчаравала зветранае філе, аб якое ён ледзь не зламаў зуб. «Ганьба», — напісаў мужчына. Віктара аблічылі на 10 капеек за варанае яйка.
Сяргею спадабалася, што ўлетку ў сталовай уключаюць кандыцыянер.

