У цэнтры Гродна, на скрыжаванні Вялікай Траецкай і Дамініканскай, ідзе рэканструкцыя аўтастаянкі. Побач будуюць гандлёва-офісны будынак. На гэтым месцы было пахавана мноства гродзенскіх яўрэяў. Там былі старыя могілкі, якія разбурылі падчас Другой сусветнай вайны. 15 траўня рабочыя побач з будоўляй знайшлі некалькі мацэваў - надмагільных яўрэйскіх пліт.

Мацэвы супрацоўнікі «Рамбудаўтадору» вывезлі пад сінагогу — туды, куды ўжо некалькі гадоў звозяць знойдзеныя ў горадзе яўрэйскія надмагільныя камяні. Акрамя мацэваў пакуль нічога не знайшлі. За тэрыторыяй замацаваны археолаг.

Могілкi знішчылі ў час Другой Сусветнай

Упершыню пра яўрэйскія могілкі на Траецкай згадваюць у дакументах пачатку XVI стагоддзя. Іх зачынілі на пачатку ХІХ стагодзя, тут ужо не хавалі, але месца ахоўвалi. У час Другой Сусветнай вайны могiлкi ўваходзілi ў склад гета № 1. Тады там пахавалі некалькі дзясяткаў, а можа і сотняў, забітых вязняў.
Тады ж, пасля вывазу яўрэяў у лагеры смерці, камяні з могілак гараджане расцягнулі на будаўнічыя патрэбы. Гэтак, гродзенскiя краязнаўцы лiчаць, што з магільных пліт была зробленая лесвіца на Завяршчызну.


Чытайце таксама: «Хутка разваліцца». Пенсіянер заклікае ратаваць лесвіцу на Завяршчызне, але ніхто не спяшаецца

На Траецкай каля стаянкі знайшлі яўрэйскія мацэвы. Там былі вялікія могілкі
На адной з мацэў на іўрыце было напісана «Мардэйхай сын Ізраіля»

Будавалі прыбіральню — знайшлі масавыя пахаванні

Побач з могілкамі знаходзіўся Нямецкі (Рыбны) рынак. Пасля вайны тут сталі з’яўляцца розныя аб’екты: пабудавалі дзіцячы садок і некалькi баракаў з кватэрамі для рабочых.

Жыхары такіх дамоў мелі патрэбу ў прыбіральнях. У пачатку 1970-х гадоў для іх пабудавалі бетонны агульны туалет на некалькі кабінак. У час прац будаўнікі натыкнуліся на масавыя пахаваннi.

Вось што расказвала старшыня Савета ветэранаў-удзельнікаў першых баёў 1941 года на Гродзенскай зямлі Іраіды Макеевай. Запісала ўспаміны гродзенская журналiстка Наталля Макушына ў студзені 2004 года:

«Дачка аднойчы прыбегла, кажа: „Мама, пайшлі хутчэй, там яму капаюць і косці ў зямлі ляжаць, шмат“. Мы тут жа жылі на Савецкай, я падхапілася, гэта ж побач, дзе крама на Кашавога [у савецкія часы вуліца Вялікая Траецкая мела назву Алега Кашавога — рэд.]. Экскаватар капнуў і спыніўся, стаянку аўтамабільную там будавалі, а ў зямлі, божа мой, косці бачныя, пластамі ляжаць з зямлёй перамяшаныя. Адзенне яшчэ цэлае, кавалкі, анучкі нейкія каляровыя. У гарошак мне запомніўся такі кавалачак, лялька ці што была, ручкі маленькія. Я дачцы кажу, ідзі дамой, няма чаго тут глядзець. А сама ў выканкам, што ж такое робіцца, трэба ж спыніць гэта неяк. Няма нікога ў кабінетах, нікога не знайшла. Пакуль хадзіла, вярнулася, а там ужо ўсё засыпалі. Так усё і засталося пад зямлёй, што там было, хто пахаваны? Могілкi там былі яўрэйскiя, але казалі, што яны зачынены даўно. Асфальт паклалі, і прыйшло камусьці ў галаву туалет там паставіць».


Чытайце таксама: Гродзенцы працягваюць знаходзіць яўрэйскія надмагільныя пліты каля Гараднічанкі

На Траецкай каля стаянкі знайшлі яўрэйскія мацэвы. Там былі вялікія могілкі
Стаянка на месцы былога рынка і могілак

Прыбіральню тую зачынілі адразу ж як і адкрылі. Магчыма, паўплывала сведка тых падзей Iраiда Макеева. Цяпер ад той прыбіральні застаўся толькі бетонны падмурак.

Новую прыбіральню «забіў капіталізм»

З часам знеслі ўсе баракі на Траецкай і закаталі былыя могілкі асфальтам — там з’явілася вялікая стаянка. Зноў пачалі казаць пра неабходнасць грамадскай прыбіральні. Яе збудавалі, але яна не працавала.

Вытрымка з рашэння гарвыканкама ад 16.04.1986 года:

«Адвесці вытворчаму аб’яднанню жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры гарвыканкаме пад будаўніцтва падземнага туалета зямельны ўчастак па вул. Алега Кашавога плошчай 0,1 га».

Прыбіральню адкрылі ў тым жа годзе, а спыніла яна сваё існаванне ў пачатку 1990-х гадоў, калі перайшла з дзяржаўнай уланасці ў прыватныя рукі.

На стаянцы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў выстаўляліся палаткі для гандлю, выязджалі аўталаўкі ад крам. Быў гэтакі міні-рынак для выязнога гандлю. Прадаўцам і пакупнікам патрэбна была прыбіральня. Але гродзенцы часта ездзілі ў Польшчу, гандаль са стаянкі перамясціўся на рынкі Скідзельскі і Грандзіцкі. Месца апынулася пустым, прыбіральня стала незапатрабаванай і закрылася.

На Траецкай каля стаянкі знайшлі яўрэйскія мацэвы. Там былі вялікія могілкі
Закрытая былая прыбіральня на Вялікай Траецкай. здымак 2019 г.

Закрыць туалет запатрабавалі яўрэі

Нямногія ведаюць, чаму прыбіральню канчаткова зачынілі. У пачатку 1990-х у Гродне пачала нанова фармавацца яўрэйская абшчына. Аднойчы да нейкай памятнай даты прыехалі замежнікі. Для гасцей запланавалі падрабязную экскурсію па памятных месцах. Было б няправільна паказваць працоўны туалет на месцы старых могілак, палічылі ў абшчыне.

Старшыня іўдзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі казаў, што менавіта мясцовая абшчына і запатрабавала ў гарадскіх уладаў у 1993 годзе каб прыбіральню на месцы могілак канчаткова зачынілі.

«З таго моманту ў абшчыну сталі звяртацца людзі, у якіх па розных прычынах каля дома аказваліся яўрэйскія пліты з тых самых могілак. Менавіта з таго часу свядомасць гродзенцаў змянялася, людзі сталі больш патрыятычна адносiцца да гісторыі свайго горада i лепш да яўрэяў», — казаў Барыс Квяткоўскі.

У Гараднічанцы знайшлі надмагільную яўрэйскую пліту

Знойдзенныя мацэвы на Вялікай Траецкай перавезлі да сінагогі:

У планах — акультурыць тэрыторыю былых могілак

Больш за 15 гадоў каля стаянкі знаходзілася закінутая прыбіральня, пакуль яе не прадалі на аўкцыёне. Два гродзенскія прадпрымальнікі набылі права праектавання і будаўніцтва на гэтым участку ў 2018 годзе.

У будаўніцтве грамадскага будынка і кафэ-пякарні яны выкарыстоўваюць і закінутую прыбіральню каля стаянкі.


Чытайце таксама: Пачалі капаць — знайшлі косткі. Што рабіць з закінутай падземнай прыбіральняй на месцы яўрэйскіх могілак


«Былая прыбіральня гэта не частка гістарычнай забудовы, таму мы плануем яе перабудаваць, — распавядаў адзін з інвестраў. — Там, дзе будзе праходзіць асноўнае будаўніцтва, раней былі жылыя дамы, агароды і іншае. І нам ад гэтага спакайней. Мы разумеем гісторыка, які ўздымаў пытанне старых могілак. Але яны былі крыху далей ад нашага будучага аб’екта. Гэтую тэрыторыю мы плануем давесці да ладу, зрабіць там пляцоўку для адпачынку. Нам здаецца, у цэнтры горада не хапае годнай пляцоўкі для дзяцей. А цяпер там стаянка і звалка, усе пра гэта ведаюць».


Чытайце таксама: «Да гістарычнага цэнтру ставімся з павагай». Інвестар распавёў, што пабудуе на Вялікай Траецкай


У планах ў інвестараў акультурыць тэрыторыю, зрабіць якую-небудзь агароджу, а таксама зрабіць насып каля туалета. А горад плануе нанова пакласці асфальт на стаянцы і, магчыма, зрабіць яе платнай.

На Траецкай каля стаянкі знайшлі яўрэйскія мацэвы. Там былі вялікія могілкі
Адзіная ацалелая мацэва са старых яўрэйскіх могілак з вуліцы Траецкай. Доўгiя гады яна ляжала каля прыбіральні, пакуль яе не перавезлі пад сінагогу. 

Супрацоўніцтва з яўрэйскай абшчынай

У памяць пра яўрэйскі квартале і старыя могілкм інвестары плануюць зрабіць невялікі мемарыял, каб распавесці пра тэрыторыю. Для гэтага яны хочуць выкарыстаць цэглу старога дому, які знясуць.

«Будзе дакладна ўваходная арка. Тут жа ж на вуліцы было яўрэйскае гета і старыя могілкі. І пра гэта трэба памятаць. Але што дакладна там будзе мы пакуль не ведаем. Ставім мэту — пазнаёміць гасцей з гісторыяй месца. Для яе рэалізацыі мы нават звязаліся з яўрэйскай абшчынай, каб яна нас курыравала ў пытаннях забудовы. Калі ў іх будуць нейкія прапановы і заўвагі, то будзем прыслухоўвацца».

На Траецкай каля стаянкі знайшлі яўрэйскія мацэвы. Там былі вялікія могілкі
Разбураная прыбіральня перад рэканструкцыяй. Сакавік 2020 г.