У будынку Архірэйскага падворка ў пачатку 2000-х гадоў знайшлі на сценах старадаўнія малюнкі, але пра гэта і сёння ведаюць у Гродне нямногія. Роспісы захаваліся, бо доўгія гады знаходзіліся пад пластамі тынкоўкі. Рабочыя знайшлі іх выпадкова ў час рамонту. Што з роспісамі будзе ў будучыні, распавёў Hrodna.life протаіерэй Аляксандр Велісейчык.
Што за Архірэйскі падворак?
Будынкі, вядомыя цяпер як Архірэйскі падворак, былі спраектаваны ў 1765−1772 гадах, як палац віцэ-адміністратара Гарадніцы. У 1858 годзе комплекс набыла Літоўска-Віленская епархія, у якую ўваходзіў тады Гродна. Тут размяшчаліся духоўная кансісторыя, архірэйская рэзідэнцыя і жыллё для святароў. У той час на тэрыторыі Архірэйскага падворка была заснавана Дамавая царква, якую можна ўбачыць на малюнках Напалеона Орды.
Знайшлі роспісы, калі мянялі разеткі
«Яшчэ да XVII стагоддзя прыкладна на тэрыторыі цяперашняга Архірэйскага падворка знаходзілася Нікольская царква, менавіта таму Гродзенская епархія і вырашыла ў свой час тут размясціцца, — распавядае протаіерэй Аляксандр Велісейчык. — На трэцім паверсе цэнтральнага будынка, там дзе былі знойдзеныя іконы, у пачатку XX стагодзя хутчэй за ўсё знаходзілася Дамавая царква. У савецкі час у будынку з’явіліся новыя перакрыцці і частка роспісаў апынулася на розных паверхах. Выявілі іконы цалкам выпадкова, калі трэба было мяняць разеткі. Пасля таго, як абвалілася малая частка тынкоўкі, уладыка Арцемій ўзяў лапатку, збіў яшчэ і выявіў вялікія роспісы».
«Мы плануем кансервацыю гэтых роспісаў, менавіта таго, што знаходзіцца на трэцім паверсе. На другім захавалася толькі малая частка. Каб усё аднавіць, трэба прыбіраць перакрыцці, а гэта зрабіць нерэальна. У выніку прынялі рашэнне захаваць галоўную частку і гэта цяпер адна з галоўных нашых задач. Захаваем ў такім выглядзе, у якім роспісы знаходзяцца», — дадаў протаіерэй Аляксандр Велісейчык.
Скончыць рамонт на тэрыторыі Архірэйскага падворка плануюць цягам некалькіх гадоў. Застаўся толькі цэнтральны трохпавярховы будынак, дзе ў будучыні плануюць размясціць музей, рэдакцыю газеты «Гарадзенскія епархіяльныя ведамасці», бібліятэку, Цэнтр сацыяльнай дапамогі, місіянерскі аддзел, аддзел па справах моладзі епархіі і іншае.