Ад 3 лістапада цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман» узначаліў Віктар Шумель. Апошнія амаль два гады ён быў дырэктарам «Каробчыцкага Алімпа». Новы кіраўнік «Нёмана» — гродзенец, 32 гады, юрыст па эканамічным праве і майстар спорту. За два гады ён наладзіў на «Алімпе» круглагадовую працу і зрабіў аб’ект прывабным не толькі для аматараў спорту. Падобныя задачы стаяць перад ім і зараз.
Да прызначэння Віктара Шумеля «Каробчыцкі Алімп» практычна бяздзейнічаў цягам трох гадоў. Адзін з папярэдніх кіраўнікоў атрымаў тэрмін за захоўванне наркотыкаў. У верасні 2015 года міліцыя паведамляла, што на гарышчы адміністрацыйнага корпуса «Алімпа» дырэктар сушыў дзікарослую канаплю. Ад студзеня 2016 года, калі Шумель узначаліў гэты спартыўны комплекс, аб’ект сталі выкарыстоўваць вельмі актыўна.
«Было меркаванне, што паспяховасць гарналыжнага комплексу больш залежыць ад прыроды, чым ад менеджменту. І праўда, за працу „Алімпа“ зімой варта падзякаваць надвор’ю. Асноўныя высілкі давялося прыкласці каб арганізоўваць там спаборніцтвы і па летніх відах спорту. Толькі за 2017 год тут правялі каля 20 мерапрыемстваў».
[irp posts="29 643″ name="Начны забег: «Гродзенская начная дзясятка» набірае папулярнасць"]
Традыцыйнымі на Алімпе сталі «начная дзясятка», спаборніцтвы па маўнцінбайку, кросу і спартыўным арыентаванні.
З культурных падзей, што «прапісаліся» на Алімпе, варта адзначыць фестываль фарбаў і аўтабаі на выжыванне.
[irp posts="30 935″ name="Дым, гразь і пекла: пад Гродна прашлі аўтабаі на выжыванне"]
Спартыўны комплекс «Нёман» заставаўся без кіраўніка ад красавіка бягучага года і дастаўся новаму дырэктару з шэрагам нявырашаных пытанняў, часта гучных і рэзанансных.
Вясной у СМІ пісалі, што Франц Ляцяга абвінаваціў Віталя Казлоўскага ў «загубленым газоне». Што да самага Ляцягі, то ў канцы 2016 года дзяржкантроль абвінавачваў дырэкцыю ЦСК «Нёман» у незаконным атрыманні 400 000 рублёў.
Зарабляць самім, а не «вісець» на горадзе
Новы дырэктар расказаў, што пэўныя планы наконт працы «Нёмана» ужо ёсць, але спачатку варта больш блізка пазнаёміцца з усімі магчымасцямі аб’екта і калектывам.
«Хачу паслухаць прапановы ад супрацоўнікаў. Многія з іх працуюць тут вельмі даўно, таму ігнараваць іх меркаванне было б няправільна. Усе сферы працы таксама трэба разгледзець, ацаніць, якія з іх варта больш актыўна развіваць. З улікам гэтага будзе будавацца стартэгія далейшага развіцця».
У любым выпадку, мяркуе Віктар Шумель, найперш прыдзецца шчыльна заняцца камерцыйнымі пытаннямі:
«Зараз мяне больш цікавіць камерцыйны складнік дзейнасці стадыёна, магчымасці, пры каторых ён зможа сам зарабляць грошы, а не „вісець“ цяжарам на горадзе. Ну і з запазычанасцямі, што засталіся ад мінулых часоў, трэба разлічыцца».
На думку новага дырэктара, у спартыўнага комплекса ёсць вялікі патэнцыял не толькі ў галіне спорту высокіх дасягненняў, але і для выкарыстання звычайнымі жыхарамі горада і нават турыстамі. У комплекс уваходзіць рэстаран, гасцініца, ёсць магчымасць праводзіць забаўляльныя мерапрыемствы і аказваць паслугі.
«Мяркую, што такую дзейнасць можна цалкам паспяхова дапасаваць да спартыўнай. Ужо зараз ёсць шмат магчымасцяў для гараджан, толькі пра гэта мала хто ведае. Значыць — трэба падымаць маркетынгавую частку працы».