Знайсці наркотыкі або выбраць машыну для паглыбленага дагляду на мяжы дапамагаюць чацвераногія супрацоўнікі. На Гродзенскай рэгіянальнай мытні іх восем. Лабрадоры, аўчаркі і кокер-спаніэль служаць у пунктах пропуску разам са сваімі гаспадарамі-кінолагамі. У сакавіку Hrodna.life пазнаёміўся з мытнікамі і іх чацвералапымі калегамі і даведаўся пра падрабязнасці службы. Аказваецца, у сабак ёсць персанальныя «кабінеты» і нават асабісты службовы аўтамабіль.
Кіналогія на мытні - з’ява адносна новая. У 2005 годзе ў Гродзенскай мытні быў толькі адзін кінолаг і адзін сабака. Сёння тут працуе цэлы аддзел з сямі чалавек і васьмі сабакаў. Яго супрацоўнікі нясуць службу на розных напрамках, у пунктах пропуску па ўсёй Гродзенскай вобласці. Часам іх запрашаюць папрацаваць у горадзе — дапамагчы міліцыянтам і выратавальнікам.
«Працуе» ў кіналагічным аддзеле восем сабакаў: два лабрадоры, спаніэль і пяць нямецкіх аўчарак. Увесь час службы сабака атрымлівае дзяржаўны паёк, а таксама бясплатнае ветэрынарнае абслугоўванне. Пасля службы сабакі з мытні сыходзяць «на пенсію».
Дзе жывуць і «працуюць» службовыя сабакі
Кожны з іх жыве з гаспадаром дома. Гэта спецыфіка ўзаемадзеяння кінолага і сабакі, дзе важны кантакт чалавека і жывёлы. Да таго ж выклік на службу можа паступіць нават ноччу, тады кінолагу не прыйдзецца губляць час, каб заехаць за сабакам. Побач з вальерамі - «фітнес-зона», дзе сабакі трэніруюцца і гуляюць.
— Сабака павінен быць сухарлявы, адэкватны і не агрэсіўны. Зразумела, што калі сабака не ў форме, то ён будзе задыхацца. Усе нашы сабакі худзенькія, стройныя, гуллівыя. Перыядычна мы ўзважваем сабак, у тым ліку для размеркавання корму, — кажа начальнік кіналагічнага аддзела Ігнат Ліневіч. Са сваёй цяперашняй аўчаркай Цейкам ён працуе ўжо два з паловай гады. Гэта яго трэці сабака.
Найлепшы нюх — ў свінні. Але сабакі працуюць лепш
Для працы на мытні часцей выбіраюць сабак службовых парод. Напрыклад, нямецкія аўчаркі добра вывучаны, што пасуе кінолагам нават з невялікім вопытам. Пры выбары пса глядзяць на якасці, якія можна выкарыстоўваць у працы. Сабака павінен добра «разыгрывацца». Калі сабака ўбачыў мячык і адразу зрэагаваў, гэта вельмі добра. Значыць, ёсць задаткі.
Кінолагі распавялі, што нюх у сабак у 10 000 разоў мацней чым у чалавека. Але нават яны далёка не чэмпіёны. «Самы добры нюх маюць свінні. Але ў нас няма такой практыкі прымянення».
Ёсць стэрэатып, што кінолагі кормяць сабак наркотыкамі. «Вядома, гэта не так, — кажа Ігнат Ліневіч. — нюх ставіцца на спецыяльным трэнажоры па ўзорах пахаў».
Як стаць кінолагам?
У кінолагі прыходзяць з розным вопытам. Інспектар Наталля Еўлашэвіч па адукацыі псіхолаг. Яна — самая маладая супрацоўніца, як і яе «калега» — нямецкая аўчарка Ікар.
Старшы інспектар Ягор Бондар скончыў юрыдычны факультэт ГрДУ. Пачынаў працу на мытным пасту ў Бераставіцы, а з лістапада 2018 гады перавёўся ў кіналагічны аддзел. Працуе з нямецкай аўчаркай па мянушцы Далас. Яму паўтара года.
«На кінолагаў» у Гродне не вучаць. У пачатку працы навічкам дапамагаюць старэйшыя калегі. Потым спецыялiсты праходзяць курсы ў Мінску на кафедры кіналогіі. Павышаць кваліфікацыю трэба кожны год у Пінску і Мінску, на базе мытнага інстытута. Усе заняткі праходзяць толькі з жывёлай —
вучацца і сабака, і чалавек. На палігоне мытнага інстытута праводзяць і спаборніцтвы, дзе штогод вызначаюць лепшага кінолага сярод мытнікаў. Яны спаборнічаюць у пошуку наркотыкаў, зброі, выбухоўкі.
«У асноўным працуе сабака»
Кінолагі лічаць сваю працу творчай і спакойна ставяцца да ненармаванага працоўнага дня. «Бывае, прыходзіцца працаваць і па 12 гадзін, усё залежыць ад колькасці людзей на мяжы і супрацоўнікаў на працы». Сабакі, вядома, столькі працаваць не могуць, ім трэба адпачываць і адцягвацца. Мытнікі ў гэты час працуюць з тэхнічнымі прыстасаваннямі - эндаскопамі, газааналізатарамі, прыборамі, якія вызначаюць аднастайнасць і шчыльнасць матэрыялаў, і з дагляднымі люстэркамі.
«Але ў асноўным працуе сабака, — кажа Ігнат Ліневіч. — Бывае, яму больш давяраеш, чым сабе».
«Была ў нас сітуацыя, калі кіроўца спрабаваў пазбавіцца ад гашышу і проста выкінуў яго пад фуру. Сабака мае такі нюх, што нават такое ўчуе», — кажа Наталля.
«Сабака паглядзіць, панюхае і ты ўжо адштурхваешся ад гэтага. Едзе дзесяць машын — табе ўсё трэба агледзець. А калі працуеш з сабакам, трэба больш пільна агледзець менавіта адну, тую самую, на якую сабака звярнуў увагу», — распавядае старшы інспектар Ягор Бондар.
«Сабакі з радасцю заскакваюць»
Гродзенскія кінолагі разам са сваімі падапечнымі былі ўдзельнікамі праекта ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна 2014−2020» па ўзмацненні магчымасцяў кіналагічнай службы мытных ведамстваў.
Каб яшчэ лепш гарантаваць бяспеку пры праходжанні мяжы, а таксама перашкаджаць незаконнаму перамяшчэнню забароненых наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, мытнікі Беларусі і Польшчы правялі шэраг мерапрыемстваў.
У рамках праекта закупілі шэсць аўтамабіляў, абсталяваных клеткамі для перавозкі службовых сабак. Па дзве машыны атрымалі Гродзенская, Мінская рэгіянальныя мытні і Брэсцкая мытня .
Кінолагі з Польшчы і Беларусі правялі тры сумесныя трэнінгі, дзе абмяняліся вопытам і тактыкай у выяўленні наркотыкаў і іншых абмежаваных да перамяшчэння тавараў, у тым ліку цыгарэт.
Усяго па праекце трансгранічнага супрацоўніцтва беларускі бок атрымаў фінансаванне ЕС на суму каля 130 тысяч еўра, польскія калегі - каля 70 тысяч.
Паводле ацэнак Ігната Ліневіч, узровень падрыхтоўкі кінолагаў Гродзенскай мытні і ў цэлым арганізацыя працы спецыялістаў у Беларусі і Польшчы параўнальныя. «Сабакі ў іх таксама жывуць дома з гаспадарамі. Дзяржава забяспечвае сабак, вылучае дапамогу на іх утрыманне».
Новыя аўтамабілі службовыя сабакі мытнікаў асвоілі хутка. «Транспарт новы, безадмоўны. Прадугледжаная механічная вентыляцыя, ёсць кандыцыянер, — распавядае Ліневіч. — Умовы для перамяшчэння і людзей і сабак лепш сталі. З улікам таго, што тэмпература рэгулюецца, сабаку не горача і не холадна, ёсць падагрэў. Жывёла размяшчаецца на мяккай падсцілцы, а сам адсек абсталяваны такім чынам, што сабаку не трасе пры руху аўтамабіля. У паездцы ён адчувае сябе камфортна нягледзячы на тое, што часам дарога на працу можа заняць некалькі гадзін. Сабакі з радасцю заскакваюць у такі аўтамабіль, там яны як у доміку», — рассказыает Ігнат Ліневіч.
Сабакі на мяжы нясуць пазітыў
— Калі бачыш такіх цудоўных сабачак у звычайным жыцці, хочацца іх абняць, накарміць, пагуляць. А як людзі рэагуюць на сабак на мяжы?
— Па-рознаму бывае. Шмат што залежыць і ад сабакі, і ад чалавека. Напрыклад, да кокер-спаніэляў і лабрадораў людзі ставяцца мякка. Ведаюць, што лабрадор — добры сабака, а спаніэль — мілы і пацешны. Вось на аўчарку звычайна глядзяць з асцярогай. Ён большы, бывае і зубы ашчэрыць. Людзі таксама розныя: адны баяцца сабак, а іншыя здалёку ўбачаць і бягуць, каб пагладзіць. Ёсць і такія, што пытаюцца — чаму сабака без намысніка. Які можа быць наморднік у службовага сабакі, які прайшоў курс трэніроўкі, мае навыкі і нясе службу па пошуку забароненых рэчываў на сваім працоўным месцы. Да таго ж у сабакі ёсць службовае пасведчанне, так што ён супрацоўнік мытні, — тлумачыць Ліневіч.
А наогул, прызнаюцца кінолагі, сабакі станоўча ўплываюць на сітуацыю на мяжы: і на тых, хто яе перасякае, і на тых, хто нясе вахту. «Хтосьці пагладзіць спрабуе, хтосьці пагутарыць. У асноўным, рэагуюць станоўча, з усмешкай. Сабакі на мяжы нясуць пазітыў».
Артыкул падрыхтаваны ў рамках сумеснага праекта з EU Neighbours East «СВОЙ КРАЙ: ПАРТРЭТЫ». Погляды, выказаныя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула.