Смех лечыць. Італьянцы вучаць гродзенцаў быць бальнічнымі клоўнамі

Восем дзяўчат з Гродна вучацца жангліраваць, імправізаваць і рабіць з шарыкаў фігуркі. Не каб працаваць у цырку, а каб выступаць у бальніцах. Бальнічныя клоўны не лечаць у традыцыйным разуменні гэтага слова, але дзякуючы ім стан хворых паляпшаецца.

— Ёсць такая навука — гелаталогія. Яна грунтуецца на тым, што смех ўплывае на пэўныя псіхалагічныя механізмы, з-за якіх адбываецца працэс выздараўлення, — кажа Роберт Паван, клоун Пасціс. — Смех актывізуе эндарфіны і запускае працэс, калі чалавек пачынае адчуваць сябе лепш. То бок, навукова абгрунтавана, што смех уплывае на працэс выздараўлення. У медыцыне ўжо выкарыстоўваецца метад бальнічнай клаўнады ў мэтах паляпшэння лячэння пацыента.

Роберт Паван, клоўн Пасціс
Роберт і яго калегі - сябры асацыяцыі бальнічных клоўнаў Vip Italia, якая існуе 15 гадоў. У Італіі ў кожным горадзе ёсць свая арганізацыя бальнічных клоўнаў. Яны працуюць у бальніцах, хоспісах, дамах састарэлых, турмах і іншых месцах. Акрамя гэтага, клоўны ездзяць з навучальнымі місіямі ў розныя краіны. Яны вучылі клоўнадзе, клоўнатэрапіі і сацыяльнаму тэатру у Беларусі, Германіі, Малдове, Балівіі, Камбоджы, Кітаі.

Гродзенкі з 13 па 17 мая спрабавалі асвоіць «азбуку» бальнічнага клоўна. Па-першае, трэба аб’яднаць калектыў. Вялікі акцэнт італьянцы рабілі на тым, каб згуртаваць дзяўчат, якія пасля будуць працаваць разам. Але галоўнае — гэта навучыць людзей быць больш чуллівымі і слухаць не вушамі, а сэрцам. Па-другое, дзяўчаты спрабавалі знайсці свой персанаж, паходку і падабраць касцюм. Важна, каб гэта глядзелася натуральна і чалавек адчуваў сябе камфортна ў вобразе. Па-трэцяе, дзяўчаты асвойвалі інструменты клоўнаў: фокусы, жангліраванне, імправізацыя. Цягам апошніх двух дзён навучання яны прайшлі «практыку» ў бальніцах.

«Я сеў на дыван, да мяне на калені сеў дзіцёнак, і мы прасядзелі так гадзіну»

У Беларусі першая група бальнічных клоўнаў над назвай «Funny nose» з’явілася ў Гомелі. Туды прыехала першая ў Беларусі місія Vip Italia дзевяць гадоў назад. Цяпер групы працуюць яшчэ ў Мінску і Брэсце. Гродна стане чацвёртым горадам з групай бальнічных клоўнаў і далучыцца да беларускай асацыяцыі, якая створана па прыкладзе Vip Italia.

Бальнічныя клоўны працуюць з хворымі ўсіх узростаў, і гэта зусім розныя напрамкі працы. Дзеці любяць фокусы, дарослыя — жарты над сабой. У працы са старэйшымі людзьмі важна даць ім магчымасць быць пачутымі, пабыць іх унукамі. Увогуле, кожны чалавек унікальны. Праца бальнічным клоўнам — гэта магчымасць даць людзям расці эмацыйна, развівацца, павышаць самаацэнку праз навучанне пэўным цыркавым элементам.

Гродзенкі разыгрываюць імправізацыю
— Сёння мы працавалі ў Доме дзіцяці, дзе знаходзяцца дзеці ўзростам паўтары-два гады. І я практычна нічога не зрабіў. Я сеў на дыван, да мяне на калені сеў дзіцёнак, і мы прасядзелі так гадзіну. Проста таму, што гэтае канкрэтнае дзіця патрабавала гэтага, — расказвае Роберт. — А вось заўтра я пайду ў бальніцу і пакажу ўсе свае акторскія здольнасці, калі будзе неабходнасць.

Клоўн па жыцці

Быць бальнічным клоўнам — гэта валанцёрства і лад жыцця. У кожнага з Vip Italia ёсць свая прафесія і асноўная праца. Не абавязкова быць лекарам ці псіхолагам, каб займацца гэтай дзейнасцю. Бо бальнічны клоўн не лечыць, а аказвае лячэбнае тэрапеўтычнае дзеянне на тое, што знаходзіцца ў пацыента ў душы.

— У нашай арганізацыі шмат прафесій. Ёсць і псіхолагі, і псіхіятры. Але іх прафесія не давала перавагі перад астатнімі. Не трэба мець асаблівых ведаў пра псіхалагічныя асаблівасці. Тое, што мы робім, грунтуецца на эмоцыях і здольнасці адчуваць чалавека. Вельмі важна разумець, што адчувае чалавек і рэагаваць адпаведным чынам, каб змяніць яго сітуацыю ў лепшы бок. Таму - ці патрэбны нам чуллівы псіхолаг, чуллівы доктар — так. Але і чуллівы механік — таксама так, — кажа Роберт.

Роберт стаў бальнічным клоўнам Пасцісам 13 гадоў таму. Калі ён пачынаў, яму далі гумавы чырвоны нос. З часам ён зламаўся, пацямнеў і сапсаваўся. І Роберт-Пасціс не стаў набываць новы. Калі ў яго пытаюць, які ж ён клоўн без гумавага носа, ён адказвае, што ў гэтым няма сэнсу. Бо ён — клоўн па жыцці.

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025