Людзі і справы

«Гэта вам не Гомель». Што здзівіла моўнага інспектара ў нашым горадзе

Моўны інспектар, ён жа Ігар Случак, завітаў у Гродна 4 верасня. Ён распавёў гродзенцам аб тым, як адстойваць сваё права на мову, і распытаў аб сітуацыі з беларускай мовай — як з боку ўладаў, так і грамадства. Пасля сустрэчы Ігар разам з журналістам Hrodna.life «праінспектаваў» гарадскую прастору Гродна.

Дарожныя знакі

Першае, што заўважыў Ігар яшчэ з вокнаў маршруткі - гэта «беларускамоўнасць» дарожных знакаў.

У Гомелі большасць дарожных знакаў - рускамоўныя, знакі на беларускай складаюць каля 20%. Прычым знакі на мове ў Гомелі пачалі з’яўляцца толькі ў апошнія гады.

Кава замест кофе

У Гродне можна выпіць не толькі «кофе», але і каву — кажа «інспектар». Ігару спадабалася, што ў той жа «Нашай каве» беларускамоўная не толькі шыльда, але і меню. А персанал абслугоўвае беларускамоўных кліёнтаў на роднай мове.

Беларуская Савецкая плошча

Уразіла сваёй беларускамоўнасцю і Савецкая. Такой канцэнтрацыі шыльдаў на мове Ігар яшчэ не сустракаў.

«Глядзі - некалькі ўстаноў запар з шыльдамі па беларуску!» — сказаў Ігар і дадаў, што ў Гомелі такога няма.

І сапраўды — ад «Ратушнага» да маладзёвага цэнтру беларускамоўных шыльдаў аказалася шмат: Арт-галерэя «Крыга», цырульня, крама «Багач», ювелірная крама «Славія» і пірожня-кавярня «Раскоша».

А вось шапік «Гроднооблсоюзпечать» пасля шэрагу «беларускамоўных» устаноў расчараваў інспектара. У Гомелі ўсе шапікі Гомельаблсаюздруку аформлены на беларускай мове. Аднак побач ззяла «па-беларуску» светадыёдная стужка і гэта ўсцешыла госця.

Грамадскі транспарт

Прыемна здзівіў Ігара факт, што шыльды з маршрутамі ў тралейбусах і аўтобусах Гродна таксама напісаны па-беларуску. І гэта ён яшчэ на іх не ёздзіў! Там і прыпынкі па-беларуску аб’яўляюць. Але каб Ігар добра спаў ноччу, мы вырашылі не катацца з ім. Бо адразу столькі мовы ў межах аднаго горада і без таго надта моцна збадзёрылі моўнага інспектара.

Вуліцы

На вочы інспектару патраплялі слупы з указальнікамі накірункаў на беларускай мове. «Ды яшчэ і з правільнай транслітарацыяй!» — дзівіўся Ігар. Спадабаліся Случаку і шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц.

Інфармацыйныя стэнды для турыстаў спачатку расчаравалі інспектара, бо першы такі стэнд на шляху інспектара быў зроблены па-руску. Але ўсё астатнія, больш новыя, рэабілітавалі турыстычную інфраструктуру горада.

Самы беларускамоўны?

Падсумаваўшы вынікі «інспекцыі», Ігар вызначыў, што ў некаторых беларускіх гарадах беларускую мову на вуліцах трэба шукаць днём з агнём. А пра цэнтр Гродна такога не скажаш.

«Тут мова прысутнічае нашмат больш, чым у іншых абласных цэнтрах краіны. Калі Гродна і не самы беларускамоўны населены пункт у краіне, то дакладна, самы беларускаарыентаваны. Прынамсі, так ён выглядае знешне, што можа паслужыць узорам і для іншых беларускіх гарадоў».

Натхняе, як калісьці Талін

Шпацыруючы далей па вулачках Гродна Ігар узгадаў студэнцтва і горад Талін, у якім вучыўся. «Гродна такі ж утульны і еўрапейскі». Дарэчы, акурат Талін, а дакладней сустрэча ў гэтым горадзе з тагачаснымі паслом Швецыі ў Беларусі Стэфанам Эрыксанам і беларускім міністрам замежных справаў Паўлам Латушкам ды іх прамовы на беларускай натхнілі Ігара, каб працаваць дзеля прасоўвання беларускай мовы.

Пра «беларусізацыю»

Аднак нават гродзенская сітуацыя з мовай у гарадской прасторы — не нагода заспакойвацца, мяркуе Ігар Случак. Беларускія ўлады, на яго думку, не асабліва спрыяюць беларусізацыі.

«Я б не сказаў, што ў Беларусі ёсць нейкая мяккая беларусізацыя, ці нешта падобнае. Проста ўлады сталі менш душыць тое беларускае, што раней душылі. Яны проста дазволілі людзям прасоўваць беларускую мову, нацыянальную сімволіку і культуру. Відаць, усвядомілі, што ў гэтым няма нічога дрэнна, а наадварот — толькі карысць».

Вынікі «мяккай беларусізацыі» грунтуюцца на людзях. Новыя пакаленні разумеюць, што беларуская мова — гэта добра, што ёй можна і трэба карыстацца.

Таксама Ігар адзначае, што ўкраінскія падзеі даволі значна паўплывалі на свядомасць беларусаў. «Людзі зразумелі, што калі яны не будуць у сабе беларускасць культываваць і падтрымліваць, можа адбыцца «нешта дрэннае». Па словах Случака, прыкметы беларускасці, прынамсі ў Гомелі, пачалі з’яўляцца крыху раней за ўкраінскія падзеі, дзесці ў 2012. Змены ў суседскай краіне толькі выступілі каталізатарам і паскорылі гэты працэс.

Шмат змянілася ў добрым кірунку, але працэс ідзе павольна. Грунтоўныя змены могуць прыйсці, калі ініцыятыву знізу падтрымаюць зверху.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025