Моўны інспектар, ён жа Ігар Случак, завітаў у Гродна 4 верасня. Ён распавёў гродзенцам аб тым, як адстойваць сваё права на мову, і распытаў аб сітуацыі з беларускай мовай — як з боку ўладаў, так і грамадства. Пасля сустрэчы Ігар разам з журналістам Hrodna.life «праінспектаваў» гарадскую прастору Гродна.
Дарожныя знакі
Першае, што заўважыў Ігар яшчэ з вокнаў маршруткі - гэта «беларускамоўнасць» дарожных знакаў.
У Гомелі большасць дарожных знакаў - рускамоўныя, знакі на беларускай складаюць каля 20%. Прычым знакі на мове ў Гомелі пачалі з’яўляцца толькі ў апошнія гады.
Кава замест кофе
У Гродне можна выпіць не толькі «кофе», але і каву — кажа «інспектар». Ігару спадабалася, што ў той жа «Нашай каве» беларускамоўная не толькі шыльда, але і меню. А персанал абслугоўвае беларускамоўных кліёнтаў на роднай мове.
Беларуская Савецкая плошча
Уразіла сваёй беларускамоўнасцю і Савецкая. Такой канцэнтрацыі шыльдаў на мове Ігар яшчэ не сустракаў.
«Глядзі - некалькі ўстаноў запар з шыльдамі па беларуску!» — сказаў Ігар і дадаў, што ў Гомелі такога няма.
І сапраўды — ад «Ратушнага» да маладзёвага цэнтру беларускамоўных шыльдаў аказалася шмат: Арт-галерэя «Крыга», цырульня, крама «Багач», ювелірная крама «Славія» і пірожня-кавярня «Раскоша».
А вось шапік «Гроднооблсоюзпечать» пасля шэрагу «беларускамоўных» устаноў расчараваў інспектара. У Гомелі ўсе шапікі Гомельаблсаюздруку аформлены на беларускай мове. Аднак побач ззяла «па-беларуску» светадыёдная стужка і гэта ўсцешыла госця.Грамадскі транспарт
Прыемна здзівіў Ігара факт, што шыльды з маршрутамі ў тралейбусах і аўтобусах Гродна таксама напісаны па-беларуску. І гэта ён яшчэ на іх не ёздзіў! Там і прыпынкі па-беларуску аб’яўляюць. Але каб Ігар добра спаў ноччу, мы вырашылі не катацца з ім. Бо адразу столькі мовы ў межах аднаго горада і без таго надта моцна збадзёрылі моўнага інспектара.
Вуліцы
На вочы інспектару патраплялі слупы з указальнікамі накірункаў на беларускай мове. «Ды яшчэ і з правільнай транслітарацыяй!» — дзівіўся Ігар. Спадабаліся Случаку і шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц.
Інфармацыйныя стэнды для турыстаў спачатку расчаравалі інспектара, бо першы такі стэнд на шляху інспектара быў зроблены па-руску. Але ўсё астатнія, больш новыя, рэабілітавалі турыстычную інфраструктуру горада.
Самы беларускамоўны?
Падсумаваўшы вынікі «інспекцыі», Ігар вызначыў, што ў некаторых беларускіх гарадах беларускую мову на вуліцах трэба шукаць днём з агнём. А пра цэнтр Гродна такога не скажаш.
«Тут мова прысутнічае нашмат больш, чым у іншых абласных цэнтрах краіны. Калі Гродна і не самы беларускамоўны населены пункт у краіне, то дакладна, самы беларускаарыентаваны. Прынамсі, так ён выглядае знешне, што можа паслужыць узорам і для іншых беларускіх гарадоў».
Натхняе, як калісьці Талін
Шпацыруючы далей па вулачках Гродна Ігар узгадаў студэнцтва і горад Талін, у якім вучыўся. «Гродна такі ж утульны і еўрапейскі». Дарэчы, акурат Талін, а дакладней сустрэча ў гэтым горадзе з тагачаснымі паслом Швецыі ў Беларусі Стэфанам Эрыксанам і беларускім міністрам замежных справаў Паўлам Латушкам ды іх прамовы на беларускай натхнілі Ігара, каб працаваць дзеля прасоўвання беларускай мовы.
Пра «беларусізацыю»
Аднак нават гродзенская сітуацыя з мовай у гарадской прасторы — не нагода заспакойвацца, мяркуе Ігар Случак. Беларускія ўлады, на яго думку, не асабліва спрыяюць беларусізацыі.
«Я б не сказаў, што ў Беларусі ёсць нейкая мяккая беларусізацыя, ці нешта падобнае. Проста ўлады сталі менш душыць тое беларускае, што раней душылі. Яны проста дазволілі людзям прасоўваць беларускую мову, нацыянальную сімволіку і культуру. Відаць, усвядомілі, што ў гэтым няма нічога дрэнна, а наадварот — толькі карысць».
Вынікі «мяккай беларусізацыі» грунтуюцца на людзях. Новыя пакаленні разумеюць, што беларуская мова — гэта добра, што ёй можна і трэба карыстацца.
Таксама Ігар адзначае, што ўкраінскія падзеі даволі значна паўплывалі на свядомасць беларусаў. «Людзі зразумелі, што калі яны не будуць у сабе беларускасць культываваць і падтрымліваць, можа адбыцца «нешта дрэннае». Па словах Случака, прыкметы беларускасці, прынамсі ў Гомелі, пачалі з’яўляцца крыху раней за ўкраінскія падзеі, дзесці ў 2012. Змены ў суседскай краіне толькі выступілі каталізатарам і паскорылі гэты працэс.
Шмат змянілася ў добрым кірунку, але працэс ідзе павольна. Грунтоўныя змены могуць прыйсці, калі ініцыятыву знізу падтрымаюць зверху.