Гродзенка Віталія Навумік два тыдні не вырашалася паразмаўляць з прэсай. Думала, яе мужа, якога затрымалі 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім, адпусцяць. Уладзімір Навумік у той дзень на Савецкай плошчы апынуўся выпадкова — праходзіў побач. Зараз яму прад’явілі абвінавачванні па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ён застаецца, як і іншыя затрыманыя ў той дзень, у мінскім СІЗА № 1.
Уладзімір Навумік працуе інжынерам-канструктарам на Гродзенскім заводзе гандлёвага машынабудавання. Незадоўга да таго, што здарылася, яму прапанавалі пасаду вядучага інжынера. Ва Уладзіміра жонка і дачка, сям’я жыве ў інтэрнаце і стаіць у чарзе на кватэру.
«29 траўня быў выпускны ў дачкі ў садзе. З-за пандэміі дазволілі прыйсці толькі аднаму з бацькоў. Пайшла я, — кажа Віталя. — Яшчэ ў гэты дзень быў Дзень нараджэння ў сястры Уладзіміра. Як скончыўся ранішнік, я патэлефанавала мужу. Ён сказаў, што знаходзіцца на Савецкай і збіраецца ісці на маршрутку, каб з’ездзіць да бацькі і павіншаваць сястру. А на зваротным шляху зойдзе ў краму і купіць торт для дачкі».
Наступным разам Віталія не змагла датэлефанавацца Уладзіміру — тэлефон быў выключаны. Жанчына падумала, што ў мужа разладаваўся тэлефон і ён хутка будзе дома.
«Уладзіміра не было. Падумала, магчыма, сустрэў кагосьці і зайшоў у бар, таму прыйдзе позна, і легла спаць. На той момант я наогул не ведала, што ў нас у Гродне быў нейкі пікет, а таксама не ўяўляла, хто такі Ціханоўскі. І муж мне пра гэта нічога не казаў».
Віталія мяркуе, што яе муж пасля працы пайшоў выбраць падарунак сястры і дочкі. Шлях на прыпынак праходзіць акурат праз Савецкую плошчу. Уладзімір, напэўна, вырашыў застацца і паглядзець на блогера, думае Віталія.
Раніцай наступнага дня Віталія не знайшла мужа дома і стала тэлефанаваць сваякам. Цётка, якая чула пра затрыманні на Савецкай, выказала здагадку, што Уладзімір у міліцыі.
У міліцыі Віталіі пацвердзілі, што яе муж знаходзіцца ў РАУС на вуліцы Гая. Але калі яна туды прыехала, то пачула, што яго там няма. Ёй прапанавалі звярнуцца ў прэс-службу УУС. Тады Віталія вырашыла напісаць заяву аб знікненні чалавека.
Калі яна прыехала дадому, ёй патэлефанавала адвакат і паведаміла, што Уладзімір знаходзіцца ў Мінску. Яго затрымалі разам з Ціханоўскім.
«Чаму затрымалі? Мне да гэтага часу незразумела. Бо Уладзімір не ўдзельнічае ў палітычных мерапрыемствах, ён не з’яўляецца актывістам рухаў ці партый. Ён выпадковы чалавек, які з-за простай цікаўнасці апынуўся ў непатрэбны час у непатрэбным месцы».
Віталя кажа, што Уладзімір — спакойны і неканфліктны чалавек. Заўсёды быў зацікаўлены ў выхаванні дачкі, вадзіў яе кожны дзень на гімнастыку, калі жонка займалася хатнімі справамі. Палітыкай не займаўся.
Уладзіміру прад’явілі абвінавачванне па ч.1 арт.342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Але Віталія кажа, што ён не быў знаёмы з Ціханоўскім і не быў у яго ініцыятыўнай групе.
«Цяпер я засталася адна з дзіцем. Дачка пытаецца, дзе тата, я адказваю, што ў камандзіроўцы, і хутка вернецца дадому. Яна вельмі сумуе. У гэтым годзе наша дачка ідзе ў школу, яе трэба сабраць, апрануць і абуць».
Віталія разумее, што яе даходаў не хопіць і без мужа яна наўрад ці зможа ўтрымліваць сям’ю. Працуе яна кладаўшчыком і зарплата ў яе ніжэй сярэдняй. З цяжкасцю хопіць толькі на аплату камуналкі, садка і ежы.
«Без мужа сітуацыя для мяне складваецца вельмі цяжка: як матэрыяльна, ён асноўны карміцель нашай сям'і, так і маральна, бо я і наша дачка адчуваем сябе безабароннымі. Зараз я ў роспачы. Не разумею, як і за што можна затрымліваць невінаватага чалавека.
Я не ведаю, як мне быць і што мне далей рабіць, адчуваю сваю бездапаможнасць. Я веру ў справядлівасць і ў тое, што невінаватыя людзі не павінны пакутаваць. Я веру, што хутка ўсё скончыцца і мой муж будзе дома, і ўсё будзе добра.
Шчыра спадзяюся на прафесіяналізм і кампетэнтнасць Следчага камітэта, які зможа разабрацца ў гэтым пытанні. Яшчэ раз паўтаруся, што мой муж не мае ніякага дачынення да палітыкі і, праходзячы міма, зайшоў на пікет з цікаўнасці - паглядзець на вядомага блогера".
У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.
Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.
Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.
У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…