Серыял «Слова пацана» — гісторыя пра расійскія маладзёжныя банды 1980-х — стаў адной з самых папулярных тэм у беларускім Facebook. Не дзіўна, бо і ў Беларусі былі свае «пацаны» і паўкрымінальны свет. Гродзенец Валерый быў яго часткай. У родным горадзе ён не жыве ўжо каля 15 гадоў - зараз ён законапаслухмяны жыхар адной з еўрапейскіх краін. Але маладосць у Гродне была бурнай і скончылася прысудам. Валерый расказаў каналу Hrodna 11:27, як разам са сваімі пацанамі ў 90-х «крышаваў» Скідзельскі рынак, а пасля звязаўся з крымінальным светам.
Успаміны Валерыя аўтары канала запісалі яшчэ ў 2019 годзе для іншага праекту, але яны так і не былі апублікаваныя. Зараз — у сувязі з выхадам серыяла «Слова пацана» — ім падалося дарэчным іх апублікаваць.
У канцы 80-х, калі ў СССР пачало развівацца прадпрымальніцтва, асновай крымінальнага «бізнесу» стала вымагальніцтва. Новаспечаным прадпрымальнікам дзяржава не дапамагала і яны шукалі падтрымку ў спартыўных хлопчыкаў. Валерый быў акурат з такіх. У крымінальным свеце ён быў вядомы як Габар. Мужчына запэўнівае, што ў пачатку 90-х ніхто з яго хлопцаў наўмысна ў крымінал не лез, для моцных дужых гродзенцаў усё пачалося спантанна.
Зараджэнне: камерсанты, пацаны-спартоўцы і «шанхайцы»
1985 год, Перабудова. Гарбачоў паклаў пачатак кааператыўнаму руху. Людзям дазволілі мець прыватную ўласнасць і пачалося назапашванне капіталу. Многія гродзенцы сталі ездзіць у Польшчу і прадаваць набытае на кірмашах.
«Да 1988 года на Скідзельскім рынку дазволілі свабодны гандаль, — распавядае Валерый. — А наш Цэнтральны рынак суседнічае з даволі крымінальнымі ў мінулым раёнамі - Шанхай [прыватны сектар у раёне вуліц Падольнай і Прыгараднай — Hrodna 11:27] і Белуша. Тады гандляваць на Скідзельскі рынак прыязджалі не толькі камерсанты з Гродна, але з бліжэйшых гарадоў, а таксама з суседняй Літвы і Польшчы. Мясцовыя „шанхайцы“ хутка сцямілі, што з рынка можна трохі пажывіцца, і сталі туды завітваць, каб ім далі на выпіць-закусіць. Былі ў пастаянным запоі, кожны дзень там бывалі. Гандляры, бачачы якую праблему яны нажываюць і якія страты нясуць з-за гэтых „шанхайцаў“, самі звярнуліся да спартовых хлопцаў, якія займаліся ў зале на вуліцы Лідскай. А тады многія гродзенскія хлопцы, якія там займаліся, мелі планы на спартовую кар’еру».
Былі ў Гродне ў канцы 80-х і тыя, хто непасрэдна займаўся крыміналам. Але, як кажа Валеры, гэта быў не рэкет. Гэта была «ломка грошай» пад чэкавай крамай.
«„Ломка грошай“ — гэта спецыяльная маніпуляцыя рукамі пры пераліку пэўнай сумы. Тады вопытныя людзі так адбіралі грошы. Мы гэтым не займаліся. Да рынку ў многіх нашых хлопцаў было банальнае хуліганства, але гэта не быў крымінал. Мы ўсе былі спартовымі і трошкі „галоднымі“. Трэба разумець, што ў гады развалу Саюза, блытаніны ва ўладзе і страты эканамічных сувязяў паміж прадпрыемствамі, на заводах і фабрыках зарплата была каля 20 долараў у эквіваленце. З такімі грашыма было складана жыць і мы гэта разумелі».
Спартыўная зала на Лідскай знаходзілася недалёка ад Скідзельскага рынку. Пасля трэніроўкі хлопцы часта заходзілі на рынак па пакупкі. У адзін з такіх дзён спартсмены аказаліся відавочцамі сітуацыі, калі п’яныя «шанхайцы» вымагалі грошы на выпіўку ў прадаўцоў.
«Нехта з нашых хлопцаў аказаўся знаёмым камерсанта і дапамог даць фізічны адпор п’янай кампаніі. Камерсанты, бачачы такую падтрымку і пралічваючы сітуацыю на пару крокаў наперад, сталі падтрымліваць сяброўства са спартсменам, запрашалі іх у госці на рынак пасля трэніроўкі. Напрыклад, на шашлыкі ці проста пагутарыць. І ў адзін момант камерсанты сцямілі, што гатовыя падтрымліваць адносіны са спартсменамі і выдзяляць некаторую суму грошай ім у дапамогу. Для іх гэта азначала апору і абарону інтарэсаў не толькі на рынку, але і ў горадзе ў любы час сутак».
Як спартсмены ператварыліся ў «крышу»
Ішоў 1989−90 гг. Узаемнае сяброўства камерсантаў і спартоўцаў ператварылася ў так званую «крышу». Але пасля прыезду ў Гродна сталічных гасцей мясцовыя спартсмены сталі займацца і крыміналам.
«Мясцовыя камерсанты „скокнулі пад крышу“ за пэўную суму грошай. Гэта зараз ёсць прыватныя ахоўныя прадпрыемствы і працуюць яны легальна, а тады гэта называлі „крыша“ ці, як усюды, рэкет. Спартсмены пасля трэніровак ехалі на рынак, каб пагасцяваць у камерсантаў і пазначыць сваю прысутнасць. Неяк на Скідзельскі рынак прыехалі мінчане, якія маюць крымінальнае мінулае. Яны былі знаёмыя з некаторымі гродзенскімі спартоўцамі. І менавіта сталічныя хлопцы ўзнялі пытанне, чаму б не абкласці данінай мясцовых і прыезджых камерсантаў. Пытанне было пастаўлена рубам: калі гродзенскія браткі не захочуць ці не змогуць гэтым займацца, то гэтым зоймецца прыезджы крымінал з іншых гарадоў Беларусі».
Валерый расказвае, што ў самым пачатку 90-х адбылася сустрэча многіх аўтарытэтных гродзенцаў на так званым коле, на якім вырашылі ўзяцца за збор грошай з прыезджых і мясцовых гандляроў на Скідзельскім рынку. Сабраныя сродкі збіралі ў агульную касу, а пасля дзялілі паміж сабой. Так у Гродне ўзніклі братва і рэкет.
«У 1990−91 спартоўцы сталі братвой, кіраваліся рашэннем кола братвы па ўсіх спрэчных і канфліктных пытаннях. Было вырашана лішніх людзей у рух не падцягваць, а хто самавольна вырашыў праігнараваць рашэнне братвы — караць нават фізічна і штрафаваць матэрыяльна. І такія выпадкі былі. Для больш скрупулёзнага рашэння спрэчных пытанняў і сітуацый на коле братвы быў абраны „сматрашчы“, які быў на поўным даверы хлопцаў. Ён валодаў відавочнымі лідарскімі якасцямі і справядлівымі поглядамі на жыццё. Яму давяралі разглядаць і выносіць рашэнні па спрэчных пытаннях, ён умеў „разрульваць“ пэўныя сітуацыі. Напрыклад, часта вырашалася спрэчкі камерсантаў: яны звярталіся да браткоў па дапамогу забраць доўг або тавар, калі іх „кідалі“».
У пачатку 1990-х на Скідзельскім рынку адбываліся сур’ёзныя сутычкі паміж братвой і прыезджымі. Часта канфлікты заканчваліся бойкай, а часам панажоўшчынай.
Зліццё братвы з крыміналам
Валерый расказвае, што на мяжы 1991−92 гадоў на рынку адбылося зліццё братвы з крыміналам. Усе былі ў долі.
«Тады, у першыя гады незалежнасці, на рынку часта з’яўляліся „ломшчыкі“ грошай і паміж братвой і імі ўзнікалі спрэчныя сітуацыі. „Ломшчыкі“ часта „кідалі“ камерсантаў, якія былі пад нашай „крышай“. І таму часта стаяла пытанне аб вяртанні грошай. Трэба аддаць належнае чалавеку, які тады быў на даверы братвы — „сматрашчаму“.
Ён не дапусціў бязмежных боек і было прынята рашэнне аб зліцці крымінальных „ломшчыкаў“ з брыгадай братвы. „Ломшчыкі“ сталі працаваць, зыходзячы з агульных меркаванняў з братвой, адлічваючы ў агульную касу, а братва паважала „ломшчыкаў“, беручы ў долю ў рэкеце. Кожны атрымліваў сваю долю з „крышавання“ і „ломкі“. Тады на рынку адбылося першае зліццё крыміналу з братвой».
У 1992−93 гады гродзенская братва стала дзяліцца на брыгады. Склад брыгад у асноўным паходзіў з раёнаў пражывання аўтарытэтных хлопцаў у Гродне і старога сяброўства са спартзалаў сярэдзіны 1980-х-пачатку 1990-х.
«У Гродне ў той час абазначыліся чатыры брыгады, якія разам складалі гродзенскую братву: брыгада Пушкіна-Даватара-Горкага, брыгада з Цэнтра, брыгада з Гагарына-Паповіча-Чайкінай і брыгада барцоў і спартсменаў, якія займаліся барацьбой у Гродне і з узростам скончылі кар’еру.
Гэтыя брыгады складалі гродзенскую братву на коле, якой кіраваў «сматрашчы». Ён часам змяняўся, хтосьці трапляў за краты, камусьці прыходзілася з’язджаць і змяняць на час месца жыхарства. У канцоўцы, каб горад і братва ўвесь час былі пры «сматрашчых», глядзець за становішчам у горадзе сталі тры чалавекі з трох раёнаў горада. Кажуць, адна галава добра, а Змей Гарыныч лепш. Спрэчныя пытанні лепш вырашаць кансэнсусам нават сярод братвы. Хтосьці з гэтых «сматрашчых» ужо скончыў свой жыццёвы шлях, пакінуўшы па сабе добрую памяць, хтосьці, дзякуй Богу, жывы да гэтага часу і жыве нармальным жыццём, карыстаецца да гэтага часу павагай сяброў за справядлівы характар.
Я хачу сказаць, што не кожны дужы хлопец мог бы гэтым займацца — тым, што мы рабілі ў 90-х. Чалавека адразу бачна ў экстрэмальных сітуацыях, трэба мець унутраны стрыжань, смеласць і фізічную сілу, каб у той час уваходзіць у лік братвы. Многіх з маіх хлопцаў цяпер няма ў жывых, многія загінулі ў сутычках, пайшлі ў іншы свет з часам. Многія жывыя і жывуць зараз нармальным аўтарытэтным жыццём. Мы перажылі страшны час, ліхія 90-е. Гэта часы крымінальнай вайны, здарэнняў і турмаў. Мы выжылі і засталіся людзьмі. І не нашая віна, што мы жылі ў той час".