Гродзенскія камунальныя службы даўно радуюць гараджан і турыстаў небанальнымі падарункамі. То вялізнай драўлянай жанчынай на ўездзе ў горад, то пластыкавай пячаткай з аленем святога Губерта, то зямным шарам з нержавейкі. Але ўчорашні падарунак зусім незвычайны — ён настальгічны. Бо, як у старыя добрыя часы, на добра бачным (і турыстычным) месцы горада, акурат пад самым старым дзеючым каталіцкім храмам горада — з’явіцца шматмятровы надпіс «Ленінскі раён».
Зразумела, што прачытаўшы ЛЕНІН — ніводзін іншаземец ужо не будзе дачытваць пра нейкі там раён і разнясуцца па ўсім свеце здымкі з задаволенымі палякамі ці літоўцамі на фоне касцёла і вялізарнага надпісу ЛЕНІН.
А гісторыя між іншым такая старая і банальная. Усё гэта ўжо было. Насупраць хрысціянскіх святыняў - цэркваў і касцёлаў, у савецкі час заўжды пісалі СЛАВА ВЯЛІКАМУ КАСТРЫЧНІКУ, СЛАВА ВЯЛІКАМУ САВЕЦКАМУ НАРОДУ і іншае. Маглі яшчэ спутнік з касманаўтам прымаляваць. Маўляў ён там быў - Бога не бачыў. Усё гэта сышло, развалілася, зарасло травою. І гэты «ЛЕНІНскі раён» зарасце некалі, а касцёл як стаяў так і стаяць будзе.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Ленін хітравата або сурова паглядаў на гродзенцаў з плакатаў, часовых інсталяцый, партрэтаў.
Ленін, кастрычнік і савецкі народ мелі фонам старадаўнюю святыню. Адзіны дзейсны тады каталіцкі храм горада.
У 70-х гг. каля касцёла нават паставілі піўнушку, якую гродзенцы называлі «У Хрыста за пазухай».
З супрацьлеглага боку, дзе цяпер драмтэатр, у 70-я гады на гродзенцаў паглядаў Ленін з травы.