Летнія школы беларускай і рускай моваў праводзяцца ў ГрДУ кожны год. Раней на іх прыязджала да 30 удзельнікаў - у тым ліку з ЗША, Аўстрыі і Польшчы. Большая частка студэнтаў хацела вывучаць рускую. Сітуацыя рэзка змянілася пасля пачатку вайны ва Украіне. Згодна з апублікаванымі здымкамі, у 2024 годзе вывучаць беларускую мову прыехала ў два разы больш студэнтаў, чым рускую. Hrodna.life паглядзеў, колькі каштуе такая адукацыя і што прываблівае іншаземцаў у Гродна.
Цзыньцзюнь Шуай прыехала з Кітая ў Гродна ў 2022 годзе. Дзяўчына паступіла на падрыхтоўчыя курсы для іншаземцаў на базе факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.
У перапынках ад вучобы яна падарожнічала па Беларусі: пабывала ў Гомелі і Мінску. З’ездзіла Цзыньцзюнь і ў Санкт-Пецярбург.
Першы раз яна паўдзельнічала ў летняй школе рускай мовы ў 2023 годзе, а ў гэтым годзе Цзыньцзюнь слухала лекцыі ўжо разам са сваім мужам Лян Чжао.
«Цяпер я разумею, што кажуць людзі ў транспарце і на вуліцы», — распавяла яна ў інтэрв'ю ГрДУ.
Яшчэ адным слухачом летняй школы рускай мовы стаў Крысціян Экер. На яго старонцы ў Facebook пазначана, што ён журналіст-фрылансер і выкладчык італьянскай мовы і культуры.
Крысціян цікавіцца краінамі Усходняй Еўропы: акрамя Беларусі ён пабываў у Малдове і Украіне, а зараз падарожнічае па польскім Падляшшы. «Ужо сумую па Гродне», — адзначае ён у сваім акаўнце.
У школу беларускай мовы прыехалі адразу некалькі студэнтаў з Расіі: Ганна Чарнова з Варонежа і Антон Зубалевіч з Масквы.
Па словах Ганны, вывучаць беларускую яна пачала з-за таго, што яна «ёй вельмі спадабалася» — дзяўчына з дзяцінства чула мову ад бабуль. Антон лічыць, што «беларускі матэрыял заўсёды можа прыдасца ў рабоце». Зараз малады чалавек вывучае народныя дыялекты назваў раслін у славянскіх мовах.
«Варта памятаць, што за жаданнем вывучаць замежную мову могуць стаяць розныя чыннікі - і рацыянальнага, і эмацыянальнага характару, — тлумачыць у размове з Hrodna.life выкладчыца беларускай і рускай моваў аднаго з еўрапейскіх універсітэтаў, якая пажадала захаваць ананімнасць. — Хтосьці бярэцца за навуку, бо гэта нейкім чынам звязана з ягонаю прафесійнаю дзейнасцю. Кагосьці вядзе звычайная цікаўнасць, для кагосьці мова — сентыментальны элемент, звязаны з сямейнаю гісторыяй».
Навучанне ў абедзвюх школах платнае і залежыць ад працягласці. Курсы рускай мовы доўжацца тры тыдні і каштуюць € 385 (каля 1400 руб). Для студэнтаў ГрДУ і тых, хто праходзіць курсы паўторна, ёсць зніжка ў € 15.
Адзін вучань школы рускай мовы «акупляе» работу дацэнта ГрДУ, які ў месяц зарабляе ад 1140 да 1660 рублёў.
Курсы беларускага доўжацца 11 дзён і каштуюць € 250 (900 руб). Можна адмовіцца ад харчавання ва ўніверсітэцкай сталовай — тады школа абыдзецца ў € 180. Прыйсці і паслухаць лекцыі можна за € 150.
Сёлета летняя школа беларускай мовы прынесла ўніверсітэту як мінімум 8000 руб. Удзел студэнта, які набыў поўны пакет навучання ў школе, пакрывае месячны заробак лабаранта ўніверсітэта — ад 700 да 800 рублёў.
Акрамя лекцый для слухачоў прадугледжана культурная праграма: караоке па-руску, экскурсіі па славутасцях Гродна і майстар-класы. За ўдзел у актыўнасцях студэнты даплачваюць каля € 30.
Анхела Эспіноса, беларуская паэтка іспанскага паходжання і даследчыца-славістка, лічыць, што амаль адзіная матывацыя для іншаземцаў у вывучэнні беларускай — зацікаўленасць культурай і літаратурай краіны. Але нават і для гэтага патрэбны больш моцны піяр. Бо для жыцця і работы, нават у Беларусі, беларускую мову можна і не ведаць.
Групавыя заняткі спецыялістка не лічыць занадта эфектыўнымі. На думку Анхелы, лепш вывучаць мову самастойна або з рэпетытарам. Што датычыцца паглыблення ў моўную сераду, то гэта можа як дапамагчы, так і дэматываваць.
«Калі чалавек едзе ў краіну, імкнецца карыстацца мясцовай мовай, да яго ў адказ часта звяртаюцца па-англійску. Таму што людзі ў краме не твае бясплатныя настаўнікі. Яны хочуць прадаць табе сувенір і жыць сабе далей», — тлумачыць Hrodna.life Анхела.
Лайфхак, які дапамог Анхеле ў вывучэнні замежных моваў - стварэнне моўнай атмасферы.
— Чалавек не будзе восем гадзін вывучаць граматыку, але будзе слухаць музыку, глядзець тыктокі і чытаць цікавую кнігу. Мабыць, напіша пару твітаў і зробіць сторыс у Instagram. Хай гэта ідзе ўсё на замежнай мове.
Летняя школа беларускай мовы стартавала ў 2018 годзе. Першы час удзельнікаў было няшмат. У 2019 годзе слухачамі сталі прадстаўнікі Інстытута славяназнаўства РАН і тры студэнткі маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава. Падчас школы ім зладзілі сустрэчу з гродзенскімі пісьменнікамі: Данутай Бічэль, Алай Петрушкевіч і Анатолем Брусевічам.
Да 2024 года школа павялічылася — прыехалі 16 чалавек, у тым ліку студэнты з Расіі, Польшчы і Казахстана.
«Славянскія філалогіі ў еўрапейскіх універсітэтах заўсёды займалі хутчэй маргінальнае месца ва ўніверсітэцкіх структурах. Найбольшае запатрабаванне было на тыя славянскія мовы, якія абслугоўвалі вялікі рынак — а гэта былі руская і польская», — лічыць выкладчыца, што пажадала захаваць ананімнасць. На яе думку, у выбары ўсходнеславянскіх моваў для вывучэння на першае месца могуць выходзіць ірацыянальныя фактары.
Першая школа рускай мовы пачала працу ў 2015 годзе. Тады ў Гродна прыехалі 26 студэнтаў з васьмі краін: Аўстрыі, Італіі, Польшчы, Бельгіі, Чэхіі і Іспаніі. Навучанне праходзілі нават «супрацоўнікі буйных кампаній са Славеніі і ЗША», пісала БелТА.
У 2016 годзе геаграфія ўдзельнікаў школы пашырылася — з’явіліся студэнты з Японіі. Агулам вывучаць рускую прыехалі 30 чалавек.
У наступныя гады школа карысталася папулярнасцю: у Гродна прыязджалі з Бразіліі, Швецыі, Францыі і Азербайджана. Сярод удзельнікаў былі студэнты, магістранты, аспіранты, журналісты і нават супрацоўнік Еўрапарламенту ў Брусэлі. Узроставы дыяпазон удзельнікаў школы таксама быў шырокім — ад 19 да 60 гадоў.
Але пасля 2020 года сітуацыя рэзка змянілася: у дзяржаўных СМІ інфармацыі пра летнюю школу рускай мовы станавілася ўсё менш. Змянілася і геаграфія ўдзельнікаў - у Гродна прыехалі студэнты з Венесуэлы і Індыі, з’явіліся вучні з Венгрыі.
Колькасць чалавек, якія прыехалі на летнюю школу ў 2024 годзе, не агучваюць. На Facebook-старонцы школы арганізатары напісалі, што сёлета «прыехалі госці з Італіі, Кітая, Польшчы, Румыніі, Сербіі». Згодна з апублікаванымі здымкамі, удзел у мерапрыемствах школы прымалі ад пяці да сямі чалавек.
Анхела Эспіноса лічыць: цікавасць да рускай мовы лёгка тлумачыцца тым, што па-руску размаўляе вялізная колькасць людзей. Паэтка прызнае, што ў звычайнай сітуацыі беларускай мове цяжка канкураваць з расійскай. І ўсё ж «відавочна — палітыка» паўплывала на набор студэнтаў сёлета, адзначае Анхела.
«Вядома, палітычная сітуацыя моцна адбілася на стаўленні да рускай мовы. Сваю адмоўную ролю адыгрывае „культура адмены“, што наўпрост адбілася на колькасці асоб, якія хочуць вывучаць рускую мову. З іншага боку, узрастае, хаця і нязначна, цікавасць да тых славянскіх моў, якія раней проста не траплялі ў спіс прыярытэтаў», — тлумачыць другая экспертка.
Аднак, паводле яе слоў, рабіць высновы пра папулярнасць мовы толькі на падставе колькасці слухачоў летніх школ няправільна. Тым больш, што ў такіх школах часта можна сустрэць людзей, для якіх вучоба — гэта свайго роду інтэлектуальна-пазнавальны турызм.
Выбар Беларусі для вывучэння рускай мовы студэнтамі з Італіі, Сербіі, Румыніі ці Кітая можа быць абумоўлены эканамічнымі і палітычнымі прычынамі, мяркуе выкладчыца. Напрыклад, санкцыі супраць Беларусі не такія моцныя, як у выпадку з Расіяй, узровень таксічнасці Беларусі ў вачах заходняга грамадства ніжэйшы.
Летняя школа рускай мовы скончылася 10 жніўня. Па выніках навучання студэнтам уручылі сертыфікаты, «якія пацвярджаюць руплівасць і прагрэс у засваенні вялікага і магутнага». Валанцёры атрымалі лісты падзякі.
Школа беларускага скончыла сваю работу 16 жніўня.
На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…