Ці расце давер да ўладаў у Беларусі? Чыноўнікі ўпэўненыя, што так. Галоўны паказчык для іх — колькасць скаргаў і лістоў, якая зніжаецца. Пра гэта нядаўна аптымістычна заяўляла «Гродзенская праўда», звязваючы трэнд з эфектыўнай працай на месцах. Але што за гэтым стаіць насамрэч: адладжаная праца сістэмы або татальнае расчараванне гараджан?
Чаму гродзенцы сталі радзей пісаць чыноўнікам і чаму «прыгожая статыстыка» можа быць прыкметай сур’ёзнай хваробы дзяржаўнага апарату, разабралася рэдакцыя Hrodna.life.
«Асноўная мэта працы чыноўнікаў сёння — перавод рэальных праблем у вобласць “прыгожых паказчыкаў”», — лічыць праваабаронца Алег Мацкевіч. Тут дзейнічае зручная логіка: калі зваротаў мала — значыць, службы працуюць ідэальна.
«Прыходзьце заўтра». Чаму людзі перастаюць пісаць
Рэгулярныя рапарты пра поспехі — любімы жанр мясцовых уладаў. Напрыклад, у Гродне чыноўнікі адзначаюць, што на асабістыя прыёмы прыходзіць усё менш людзей. Але за гэтым часта стаіць не адсутнасць праблем, а банальнае нежаданне людзей біцца ў зачыненыя дзверы.
Напрыклад, жыхары Фолюша месяцамі спрабавалі дамагчыся рамонту пешаходнай дарожкі. Замест асфальту або пліткі яны атрымалі пачак лістоў аб тым, што «працы будуць разгледжаны пры фарміраванні планаў». Падобная сітуацыя ў Гродзенскім раёне. Жыхары вёскі Каменка гадамі просяць адрамантаваць дарогу, але атрымліваюць адказы, больш падобныя на практыкаванні ў славеснасці, чым на рашэнне праблемы.

Паказальны і вопыт іншых рэгіёнаў: у Клімавіцкім райвыканкаме за 2024 год з 58 званкоў на «прамыя лініі» толькі па 28 былі прынятыя станоўчыя рашэнні — гэта менш за палову. Астатнія атрымалі фармальныя тлумачэнні.
Бар’ер «Обращения.бел»: спрашчэнне ці фільтр?
Раней у кожную раённую адміністрацыю можна было напісаць электронны ліст або знайсці форму зваротнай сувязі на сайце мясцовага выканкама. Спосабы зносін з дзяржаўнымі органамі адрозніваліся, але пры жаданні можна было знайсці спосаб звязацца з любой структурай. Са студзеня 2023 года ўсё замкнулі на адзіны партал обращения.бел. Міністэрства сувязі сцвярджае, што сістэма павінна спрасціць працэс зносін грамадзян з дзяржаўнымі органамі і зрабіць яго празрыстым.
Гэта павінна было навесці парадак, але для некаторых, асабліва людзей старэйшага ўзросту, сістэма можа стаць бар’ерам. Напрыклад, трэба рэгістравацца. Пры гэтым інтэрфейс сайта далёка не самы інтуітыўны. Гэтыя два пункты ўжо самі па сабе адсякаюць частку незадаволеных. Тыя, хто прывык вырашаць пытанні «па-старому», цяпер застаюцца па-за сістэмай.
З іншага боку, сістэма дазваляе адсочваць усе этапы, якія праходзіць ваш зварот: якія органы куды яго перасылаюць, хто рыхтаваў адказ. Ёсць магчымасць падаваць калектыўныя звароты. І, здаецца, сістэма паціху пазбаўляецца ад багаў. Калі ў сярэдзіне 2025 года журналісты Hrodna.life сустракаліся на «обращения.бел» з рэгулярнымі праблемамі – кнопкі не працавалі, формы не запаўняліся, то да канца года сайт стаў відавочна лепш працаваць.

Улады сцвярджаюць, што хочуць развіваць платформу ў кірунку прадказанняў патрэбаў грамадзян. Маўляў, аналіз вялікага масіва зваротаў з дапамогай алгарытмаў штучнага інтэлекту дазволіць выяўляць самыя вострыя тэмы і прагназаваць сітуацыю ў рэгіёнах. А яшчэ гэта павінна дазволіць адмовіцца ад грувасткай справаздачнасці перад вышэйстаячым начальнікам. Працоўны час, які вызваліцца, спецыялісты павінны будуць выдаткоўваць на рашэнне рэальных праблем людзей.
Нягледзячы на афіцыйныя поспехі платформы, улады ўсё яшчэ шукаюць альтэрнатывы для «выпуску пару». У Гродне запусцілі чат-бот для скаргаў на камунальныя службы. Гэта зручна, але ёсць нюанс: такія звароты звычайна не маюць афіцыйнага статусу згодна з Законам «Аб зваротах грамадзян». А значыць, і адказнасці за іх невыкананне менш.
Страх замест дыялогу
Яшчэ адна прычына цішыні ў кабінетах — грамадска-палітычная сітуацыя.
«Зварот у дзяржорганы сёння перастаў быць бяспечным інструментам, — зазначае праваабаронца Леанід Судаленка. — Мы фіксуем выпадкі, калі за калектыўныя звароты па бытавых пытаннях — напрыклад, з нагоды добраўпарадкавання двара або працы ЖКГ — на ініцыятараў пачынаюць аказваць ціск».

Людзей выклікаюць на «прафілактычныя гутаркі», правяраюць іх сацыяльныя сеткі. У такой атмасферы зніжэнне колькасці зваротаў — гэта не «рост даверу», а вынік «зачысткі» грамадзянскага поля, лічыць эксперт. Людзі проста баяцца, што іх скарга на дах, які працякае, стане падставай для візіту ГУБАЗіКа.
Небяспечнымі становяцца не толькі звароты, але і расказы аб праблемах у сацсетках. Улады адкрыта выказваюць незадаволенасць актыўнасцю грамадзян у інтэрнэце. Чыноўнікі розных узроўняў — ад мясцовых да прэзідэнта — запалохваюць тых, хто скардзіцца ў TikTok. Маўляў, гэта пусты «хайп» і спроба «дэстабілізаваць абстаноўку».
Любы вынік можна падагнаць пад правільны адказ
У чыноўнікаў дзейнічае зручная логіка — любы вынік іх працы можна падагнаць пад патрэбную ім канцэпцыю. Маўляў, калі зваротаў мала — значыць, службы працуюць ідэальна. Але і адваротны вынік іх б задаволіў, лічыць праваабаронца Алег Мацкевіч.
«Парадокс у тым, што калі б лічбы (колькасці зваротаў — Hrodna.life) выраслі, яны б таксама знайшлі апраўданне — напрыклад, назвалі б гэта «ростам грамадзянскай актыўнасці». Гэта сітуацыйны і творчы падыход: лічбы заўсёды падганяюцца пад патрэбны ідэалагічны вектар. Галоўнае — пусціць пыл у вочы кіраўніцтву, дэманструючы сваю эфектыўнасць, у той час як рэальныя патрэбы людзей застаюцца за бортам статыстыкі».
Але нават у такой паталагічнай сітуацыі сістэма час ад часу прачынаецца. Важна памятаць, што чыноўнікі абавязаныя працаваць строга ў рамках Закона «Аб зваротах грамадзян…», дзе за валакіту і фармалізм прадугледжана дысцыплінарная адказнасць. Гэта можна і трэба выкарыстоўваць грамадзянам. Бо страх атрымаць вымову — часта адзіны рэальны стымул для чыноўніка на месцах. Тут паказальны прыклад Клімавіцкага райвыканкама, дзе за 2024 год да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 17 службовых асоб — менавіта за неэфектыўную працу са зваротамі грамадзян.
Як «Гродзенская праўда» тлумачыла памяншэнне колькасці зваротаў?
Начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Гродзенскага аблвыканкама Кацярына Федасенка лічыць, што зваротаў становіцца менш з-за большай даступнасці інфармацыі ў адкрытых крыніцах. Маўляў, усё, што трэба ведаць аб будаўніцтве, капрамонтах і дарогах, публікуецца ў сродках масавай інфармацыі. І нібыта таму хадзіць і даведвацца штосьці на прыёмах не трэба. А калі хтосьці не чытае СМІ, то яго праінфармуюць на інфармацыйных гадзінах на працоўным месцы, куды часам прыязджаюць з выступленнямі чыноўнікі.
На думку Федасенка, гэта і дапамагае памяншаць колькасць зваротаў.

З тых зваротаў, што ўсё ж такі ёсць, вялікая частка тычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але тут Федасенка прыходзіць да злёгку парадаксальнай высновы. Нібыта высокі працэнт зваротаў па тэме водазабеспячэння, асвятлення, стану дамоў, двароў і вуліц зусім не значыць, што адпаведныя службы працуюць дрэнна. Яна тлумачыць гэта тым, што тэмы ЖКГ проста самыя важныя для жыхароў.
Што рэальна працуе?
Калі вы ўсё ж вырашылі змагацца за рашэнне сваіх праблем, выкарыстоўвайце правераныя метады:
- Прамыя лініі. Тэлефануйце ў першыя 15 хвілін. Чаму? У гэты час чыноўнікі яшчэ «свежыя», а ліміт рэгістрацыйных нумароў не вычарпаны. Абавязкова патрабуйце нумар рэгістрацыі званка. Графік ліній заўсёды даступны на сайце Гродзенскага аблвыканкама.
- Асабістыя прыёмы. У прамым дыялогу чыноўніку, у тэорыі, складаней хаміць, ігнараваць праблему ці даць фармальную адпіску. Хоць, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, жыхары Гродзеншчыны ў эфектыўнасць асабістых прыёмаў не вераць. Каб дамагчыся ад прыёму максімуму, трэба вызначыць патрэбнага чыноўніка і добра падрыхтавацца да сустрэчы: прынесці ўсе важныя дакументы, доказы праблемы, можна захапіць пісьмовы зварот ад групы асоб. Важна быць ветлівым, але настойлівым.
- Агалоска ў СМІ. Чыноўнікі баяцца не закона, а «дрэннага фону». Як паказвае практыка Гродна, рамонт у двары або ўстаноўка пандуса часта пачынаюцца толькі пасля публікацыі артыкула. Рэпутацыйныя рызыкі перад вышэйстаячым начальствам для чыноўнікаў страшней вымовы.
- Кантроль зверху. Юрыстка Вікторыя Машэй раіць: «Лепш за ўсё сёння працуюць тыя механізмы, якія маюць жорсткі кантроль «зверху» (праз Адміністрацыю Прэзідэнта або Дзяржкантроль). Лакальны чыноўнік баіцца спагнання па вертыкалі больш, чым незадаволенасці суседа».
Чытайце таксама: Хто адказвае за рамонт дарог у Гродне і куды звяртацца, каб іх адрамантавалі?
Маўчанне не вырашыць праблему
Зніжэнне колькасці скаргаў у Гродна — гэта не перамога эфектыўнага ЖКГ або прыкмета большага даверу да сістэмы. Куды больш верагодна, што гэта сімптом назапашанай стомленасці грамадзян. За «пазітыўнай статыстыкай» можа стаяць як майстэрства чыноўнікаў у «маляванні» лічбаў, так і рэальны страх грамадзян перад сістэмай. Ні ў адным з гэтых выпадкаў маўчанне з боку жыхароў і ўладаў не вырашыць праблему разбітых дарог або няякаснай медыцыны.
Хочаце ананімна і бяспечна падзяліцца сваёй гісторыяй поспеху або правалу ў зносінах з чыноўнікамі? Напішыце нам на email [email protected] і адразу выдаліце ліст з адпраўленых і з кошыка. Гэта самы бяспечны спосаб звязацца з рэдакцыяй.



