Людзі і справы

Пакаленне аднаго прэзідэнта: Настаўнік гісторыі пра тое, чаму не хоча мець дачынення да выбараў

Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю 26 гадоў. Пры ім паспелі вырасці два пакаленні, якія не бачылі іншага прэзідэнта і жылі сваім жыццём, падрастае трэцяе. Hrodna.life спытала 26- і 19-гадовых гродзенцаў, народжаных у гады прэзідэнцкіх выбараў, што яны думаюць пра жыццё пры адным прэзідэнце і як ён паўплываў на іх лёс.

Аляксандр Перагудаў нарадзіўся ў снежні 1994 года ў Гродне. Ён гісторык па адукацыі, адслужыў у войску, выкладае ў школе. Лічыць настаўніцтва справай жыцця і ўдзельнічае ў культурных праектах, прысвечаных гісторыі Гродна.

— На адукацыю жыццё пры адным прэзідэнце наўрад ці паўплывала. Мне падабаецца мая прафесія, тое, што раблю. Я настаўнік гісторыі, і буду займацца гэтым пры любой уладзе. Складана сказаць, было б лепш, ці горш, бо не параўноўваў.

Палітыкай трохі цікаўлюся, удзельнічаю ў выбарах — чаму не. Першы раз хадзіў галасаваць у 2015 годзе, падтрымаў Таццяну Караткевіч. Пайду і сёлета. У гады папярэдніх выбараў прэзідэнта быў, адпаведна, у малодшай, сярэдняй, і старэйшай школе. Пра іх зараз магу нешта даведацца з прэсы. Задумвацца і цікавіцца стаў ужо перад заканчэннем школы.

У час вырабу гравюры Гродна ў майстэрні Imago ў межах праекта «Анёлы над горадам», травень 2018 г. Праект мусіў дапамагчы вярнуць у Гродна дакладную копію гравюры Адэльгаўзера-Цюнта. Фота прадастаўлена героем

Тое, што прыносіць новая ўлада — заўжды новае. Не заўжды лепшае. Але выбарнасць улады — неад’емная рыса любой дэмакратыі. Улада любога ўзроўню, ад мэра да прэзідэнта, мусіць час ад часу змяняцца. Я прыхільнік той мадэлі, якая існуе ў большасці краін Захаду, дзе ёсць абмежаванне ў два тэрміны. У нас не манархія. Стабільнасць у нейкім сэнсе — гэта балота. Беларусі патрэбны рэформы, а з якой уладай мы іх правядзём — не так істотна. Шмат галін патрабуюць зменаў, і адукацыя ў тым ліку.

У час службы ў войску: парад ля Кургана Славы у Гродне, 3 ліпеня 2019 г. Фота прадастаўлена героем

Няма адчування, што ў жніўні, пасля выбараў, нешта адразу зменіцца. Раней, калі быў маладзейшы, быў больш аптымістычна настроены. Я жыву ў гэтай сістэме, я яе частка, таму — жадаю ці не — буду вымушаны прыняць любы вынік. Але і кандыдаты казалі, што будуць асцярожнымі ў сваіх першых кроках. Таму не думаю, што мы ў адзін дзень прачнемся ў іншай краіне.

Каманда imago.by падчас прэзентацыі праекта «Анёлы над горадам» у Гісторыка-археалагічным музеі ў Гродна, чэрвень 2019. Аляксандр — першы злева. Фота прадастаўлена героем

Я не ў захапленні ад гэтай палітычнай кампаніі і ад кандыдатаў. Да кожнага з іх у мяне ёсць пытанні, адказы на якія я пакуль не пабачыў. Яшчэ не вырашыў да канца, як галасаваць.

Улада не перашкаджае мне весці заняткі ў школе, таму мне і з ёй камфортна. У іншых сферах сітуацыя адрозніваецца, але я кажу за сабе. Я атрымліваў досвед у шэрагу замежных універсітэтаў, браў удзел у канферэнцыях, летніх школах, ніколі не меў з гэтым праблем. Але ўсе гэтыя праграмы былі ці не звязаныя з палітыкай, ці тычыліся яе ўскосна.

У час прэзентацыі краязнаўчага календара на 2018 год, прысвечанага юбілею гравюры Мацея Цюндта. Аляксандр Перагудаў - укладальнік

Лічу, у кожнага сваё прызначэнне. Збольшага, праекты, у якіх працаваў, прысвечаны гісторыі Гродна альбо наваколля. Быў збор подпісаў для шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц, праект па вяртанні ў Гродна копіі першай гродзенскай гравюры. У гэтай нішы вялікі плюс — яна па-за палітыкай. Я бачу цікавасць сярод гараджан, цікава самому, таму буду працягваць працу ў гэтай сферы.

Я — за якасную адукацыю. Я падтрымаю таго лідара, які будзе не толькі пра гэта казаць, але і зробіць. Але гэты рэжым не мусіць парушаць законы. Камуністы або нацысты маглі пабудаваць выдатную адукацыю, але яны рабілі злачынствы супраць чалавецтва.

Выступ пра мапы горада на курсах «Мова Нанова», кастрычнік 2018 г. Фота прадастаўлена героем

Я не хачу быць датычным да правядзення і арганізацыі выбараў, бо шмат у каго ў краіне да гэтага ёсць пытанні. Я не такі чалавек, каб ісці да апошняга ў барацьбе за свой выбар. Калі б мне прапанавалі ўдзел у камісіі - шукаць фальсіфікацыі, перадаваць гэта журналістам — або праца без перашкод пасля, я бы абраў працу. Я хачу даваць нешта людзям, моладзі. Праз выбары, я магу пазбавіцца гэтага шанцу, а ён для мяне вельмі істотны. Таму я наўмысна абмяжоўваю свае пажаданні, гэта чыстая прагматыка. Я дапускаю пэўную супрацу з сённяшняй уладай, калі буду бачыць выгаду не толькі для сябе, але і тых, хто нас акружае. Калі адмаўляць на сто адсоткаў супрацу, можна і шмат пазітыўнага згубіць у гэтай барацьбе. Я маю права на сваё меркаванне, я прагматык у гэтым плане.

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024