Сяргей Спарыш з Гродна апынуўся ў Вільні не па турыстычнай візе, а пасля дэпартацыі з беларускай калоніі. Палітвязень з 2020 года, філосаф па натуры і гродзенец паводле менталітэту, ён расказаў для Hrodna.life, навошта сам прасіўся ў ШІЗА, як у калоніі спальвалі катоў і чаму маёр лічыў яго шкарпэткі.
З цаглянага дома ў старым горадзе Вільні выйшаў хударлявы мужчына ў цёмных джынсах — гэта Сяргей. На яго чорнай футболцы — партрэт Ігара Ледніка, журналіста і ў мінулым сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Ілля таксама знаходзіўся ў зняволенні, але не выйшаў - памёр у калоніі ў 2024 годзе.
«БСДП — не наша партыя, — кажа Сяргей. — Але яны таксама сацыял-дэмакраты. Вырашыў надзець у знак салідарнасці».

У пакоі, дзе праходзіла размова, на сцяне — фотаздымкі, а на белым фоне чырвонымі літарамі - заклік да вызвалення Мікалая Статкевіча. Гэта офіс партыі «Народная грамада».
«Тут ад перадачкі сёе-тое засталося. Мяне вызвалілі адразу пасля атрымання перадачы — 36 кілаграмаў — і вось я іх сюды прывёз», — патлумачыў Сяргей. Таму да гарбаты былі беларускія смачнасці.
— Вы ўжо адчуваеце сябе свабодным?
— Я заўсёды сябе адчуваў свабодным.
Так пачалася размова.
Здымай майткі, надзявай тэрмабялізну
«Я правёў у ШІЗА каля 150 сутак. За адзін раз у мяне было максімум 30. Я сам прасіўся».
Пасля пераводу з «Ваўчыных нор» (выпраўленчая калонія каля Івацэвічаў Брэсцкай вобласці) у Магілёў Сяргея адправілі спачатку на каранцін. Для палітычных дарога адтуль заўсёды адна — у ШІЗА. У гэты час Сяргей акурат захварэў. Яго ўсё роўна пасадзілі ў ШІЗА, але быццам гэта бальнічная палата. Нават пасцельную бялізну выдалі. Праз два дні «раскошнае» жыццё скончылася.

«У ШІЗА амаль нічога няма. Драўляныя нары прышпіленыя да сцяны, ноччу іх спускаюць. Спіш на дрэве, аббітым жалезам. Зімой жалеза ледзяное, асабліва цяжка ў міжсезонне, калі холадна, а батарэі яшчэ не ўключылі. Спаць можна ў робе, але гэта не адзенне, а „сцякляшка“. Яна не грэе. Узімку можна надзець тэрмабялізну, але тады без майткоў. Гэта канкрэтна прыдумалі ў Магілёве: выбірай або тэрмабялізну, або майткі. З дазволенага: туалетная папера, тэпцікі, зубная шчотка і паста — у пакеціку, а не ў цюбіку».
Пасля «Ваўчыных нор» ШІЗА — курорт
У ШІЗА можна сядзець або хадзіць. Ляжаць днём — нельга. Адціскацца, прысядаць — па ідэі можна, але часам пачынаюць крычаць і пагражаць. Па словах Сяргея, ён проста хадзіў і думаў.
У Магілёве звычайна сядзяць у адной камеры два-тры чалавекі, часам чатыры. У «Ваўчыных норах» бывала і шэсць. Размаўляць можна, але там не садзяць палітычных з палітычнымі. А ў крымінальнікаў у асноўным размовы пра алкаголь, наркотыкі і як яны будуць красці, калі вызваляцца.
Тым разам Сяргей быў у камеры адзін. Пасля пракураных «Ваўчыных нор» магілёўская камера з чыстым паветрам падалася амаль курортам.
«У мяне неяк так атрымліваецца, што ў ШІЗА адбываецца мабілізацыя унутраная. Асабліва, калі гэта адзіночка. І я ачуняў там».
Сяргей нават у тлумачальных замест «прашу строга не караць» пісаў «прашу прызначыць у якасці пакарання 10 сутак ШІЗА». Пасля 30 дзён начальнік западозрыў нешта нядобрае: «Штосьці табе тут занадта моцна спадабалася». Потым яго ўжо неахвотна туды саджалі.
«Я інтраверт. Мне з сабой не сумна. У адзіночцы ніхто не перашкаджаў і я прадумаў вызначэнне філасофіі: „Філасофія — гэта праблематызацыя, якая зыходзіць з чалавечай рэальнасці“. Цяпер артыкул трэба будзе напісаць на гэтую тэму».
Тэрарыст з падушкай бяспекі: як 270 рублёў перасяклі мяжу
У 2022 годзе КДБ занёс Сяргея Спарыша ў спіс «тэрарыстаў». З гэтага моманту грашовыя пераводы сталі для яго закрытай тэмай.
«Мне пашанцавала, што дастаткова шмат грошай даслалі валанцёры, сябры, незнаёмыя людзі, плюс сваякі. Таму ў мяне быў запас — на ўсялякі выпадак, калі павязуць „на крытую“».
«Крытая» — гэта не калонія. Гэта турма, дзе зняволеныя сядзяць у чатырох сценах, амаль без перадач. Там выжываць можна толькі на тым, што купіш за ўласныя грошы.

«Калі мне сказалі, што нельга дасылаць грошы, я перастаў выпісваць часопісы, таму што гэта можа быць пытаннем выжывання. Калі цябе пасадзяць „на крытую“, трэба атрымліваць вітаміны: купляць якія-небудзь яблыкі або памідоры. Рацыён там жудасны: кормяць так, каб ты проста не здох».
У калоніі эканоміць грошы дапамагалі цыгарэты. Іх дасылала жонка і яны станавіліся валютай:
«Цыгарэты каштуюць, дапусцім, 4 рублі, я чалавеку кажу: давай я табе пачак цыгарэт за 2 рублі, 10 пачкаў цыгарэт — гэта 20 рублёў, ты мяне на 20 рублёў атаварваеш — абодва ў плюсе. Але, па-першае, могуць падмануць, так здаралася. Па-другое, хтосьці можа стукануть і тады пацерпяць абодва».
Калі Сяргея разам з іншымі зняволенымі дэпартавалі ў Літву, ён і не спадзяваўся ўбачыць свае грошы. Супрацоўнікі калоніі згрузілі ўперамешку ўсе яго рэчы ў адну сумку. Ужо ў Вільні, перабіраючы свой баул, Сяргей знайшоў гатоўку і зразумеў: яго «страхавы фонд» перажыў сістэму. У Вільню з ім прыехалі 270 рублёў — капітал, які ў калоніі мог выратаваць жыццё.
Маёр пакрыўдзіўся і прыйшоў лічыць шкарпэткі
У калоніі палітвязняў як бы не існавала. Фармальна — іх няма. Але Сяргей сам чуў па рацыі: «тэрміновы ператрус па ўсіх палітычных».
Аднойчы прыехаў правяральнік пагутарыць з палітычнымі. Выклікаў Сяргея і завёў звыклую размову:
— Не шкадуеш?
— Не, не шкадую.
— Але чаму? Вось я тут, у мяне ўсё добра. Я на волі, а ты сядзіш.
— Грамадзянін начальнік, можам і памяняцца з часам, — усміхнуўся Сяргей.
Начальнік таксама ўсміхнуўся, але, як аказалася, сур’ёзна пакрыўдзіўся.
«Я вельмі часта сутыкаўся з тым, якое лайно цяперашнія беларускія афіцэры. Чалавек з маёрскімі пагонамі крыўдзіцца на некалькі слоў — і потым прыязджае зноў і зноў, каб пералічыць мае шкарпэткі».
Так іронія ператваралася ў маленькую асабістую вайну, а маёр — у бухгалтара па шкарпэтках.
«Глядзі, не пераблытай»: медыцынская дапамога па-магілёўску
Бальніца ў магілёўскай калоніі мала нагадвае медустанову. «Ты заходзіш — і цябе саджаюць у клетку. Там чалавек 30: хтосьці сядзіць, хтосьці стаіць. Сярод іх ёсць і хворыя, і вельмі старыя. Нават у спякоту чакаюць у гэтай душнай клетцы. Гэта здзек з людзей. Таму я не хадзіў у бальніцу».
Беларуская турэмная медыцына, кажа Сяргей, заслугоўвае асобнай кнігі. Ці хаця б анекдота, дзе фельчар ламае таблетку аспірыну напалову і дае двум пацыентам: «Табе ад галавы, табе — ад жывата. Глядзіце, не пераблытайце».
З зубамі ўсё яшчэ горш. Здаровых можа пара зубоў у мяне яшчэ засталося. Астатнія практычна ўсе разваліліся. Але я там іх не лячыў і не вырываў.
Зубны боль, па словах Сяргея, гэта не смяротна: «Псіхічны ціск — ён больш сур’ёзны на самай справе».
Не вынес з турмы ні радка
Сяргей шкадуе, што не змог забраць з калоніі кнігі, асабліва тыя, што былі звязаны з яго асабістай гісторыяй. «Дыялогі Платона я яшчэ ў дзяцінстве купіў у Гродне, у кнігарні непадалёк ад танка. Другая кніга — Ніцшэ на нямецкай. Я яе тэкст калісьці перапісаў ад рукі. Гэтыя кнігі я б хацеў мець у сваёй бібліятэцы, яны для мяне сімвалічныя. Але ўсё забралі. Упэўнены, што ўжо спалілі».
Не ацалелі і лісты: усё даўно было канфіскавана. Калі прыязджаў начальнік або аператыўнік і вырашаў паактыўнічаць, то забіралі якраз лісты. А іх Сяргею прыходзіла шмат. Больш за ўсё з Мінска, але пісалі і з іншых гарадоў, у тым ліку з Гродна. Пісалі і з вёсак, і з-за мяжы.
«Былі лісты, у якіх людзі падпісваліся цэлай вуліцай: 30 подпісаў пад лістом. Пісалі з Амерыкі, з Кіпра, адкуль толькі можна. У мяне было велізарная колькасць паштовак, стосы. Але не засталося нічога. Калі пачалі саджаць людзей, якія пісалі нам, я сам знішчыў лісты, на якіх былі імёны і адрасы адпраўнікоў».
У адным з лістоў Сяргея запрашалі прыехаць на Кіпр адпачыць. На пытанне, ці паедзе, Сяргей толькі ўсміхнуўся:
— Баюся, ужо не знайду гэтага чалавека. Лістоў жа ў мяне не засталося.
Паляць кнігі, лісты і катоў
Сяргей памятае, як у 2020-м палітвязняў літаральна завальвалі лістамі. Тады лісты можна было перадаваць ад любога чалавека. Потым законы змянілі — лісты перадаюць толькі ад тых, хто прапісаны ў асабістай справе. Таму да канца 2021 года плынь лістоў вычарпалася.
«Натуральна, лісты забаранілі. Гэта быў акт прыніжэньня для мянтоў. Яны разумелі, што ім ніхто столькі пісаць не будзе. А чалавек карыстаецца падтрымкай. Яны хочуць паказаць яго маргіналам, які нікому не патрэбен. А тут — стосы лістоў».
Цяпер, па словах Сяргея, у калоніях карэспандэнцыю нават не турбуюцца чытаць.
— Лісты проста збіраюць у пачкі і паляць у топцы. Тое ж самае робяць з кнігамі. І з катамі. Тут тая ж логіка, што і ў Гродне, калі залівалі асфальтам брук: каб парадак быў. Яны паляць катоў у печках, жывых катоў.
ГУЛАГ 2.0 працуе стабільна
У беларускіх лагерах «палітычнымі» аказваюцца самыя розныя людзі — часам нават перакананыя прыхільнікі рэжыму.
«Я бачыў чалавека абсалютна лукашысцкіх поглядаў. З нейкага маленькага гарадка. Ён сам не разумеў, наколькі ён лукашыст. Але паколькі ён трапіў у атрад, дзе з палітычнымі нельга мець зносін, свае яго выгналі. Ён стаў да нас прыцірацца, а мы яго падколвалі. Чытае ён газету і кажа: «Нашы ў «Савецкай Беларусі» напісалі». Удакладняем: «А хто «нашы»? Адказвае: «Ну, Гладкая». Мы ўсе іржом, ён не разумее, чаму ржуць».
У гэтым Сяргей бачыць паралель з ГУЛАГам, аб якім пісаў Салжаніцын. Там сярод «ворагаў народа» сядзелі і самыя адданыя прыхільнікі сістэмы. Яны працягвалі верыць у партыю і апраўдвалі сваё заключэнне «памылкай».
«Без шапкі нельга» — як лагер уеўся ў падкорку
Лагер чэпка трымае нават там, дзе, здаецца, ён ужо скончыўся. Быццам бы свабода, Вільня, а звычкі — усё яшчэ з калоніі.
— Калі выходжу на вуліцу без шапкі, у мяне яшчэ застаецца думка: «блін, напіша рапарт, што я не надзеў кепку». Не тое каб баішся рапарту, але ўсё роўна нязручна. І не таму, што пасадзяць у ШЫЗА ці чагосьці пазбавяць. Проста не хочацца лішні раз мець зносіны з людзьмі без гонару.
Нават словы гучаць цішэй, чым можна.
— Калі мы перасеклі мяжу Літвы, я распавядаў пра Лукашэнку паніжаным тонам. Гэта звычка: думаеш не пра сябе, а пра суразмоўцу. Каб не пачуў ніхто іншы і не загнаў чалавека ў ШІЗА.

А больш за ўсё турма мяняе твар чалавека: «Я звярнуў увагу, у мяне з мімікай ўсё не вельмі добра. Убачыў свае відэа і быў у жаху: што ў мяне з тварам? Баюся ўсміхацца, таму што паглядзеў фоткі, дзе я ўсміхаўся, а там нейкая дзіўная грымаса».
Слушнасць — бронекамізэлька, Статкевіч — компас
Сяргей прызнаецца, што галоўным шчытом ад ціску было пачуццё слушнасці. «Дапамагала ўсведамленне таго, што мы робім правільныя рэчы. Калі ты маеш рацыю, табе прасцей. Па-другое, разуменне, што сядзім не дарма: не толькі за праўду, але яшчэ і за добрую справу».
Трымала і салідарнасць з тымі, хто не пайшоў на здзелкі.
— Вельмі дапамагаў прыклад такіх людзей, як Мікалай Статкевіч, Калеснікава і іншыя, хто не напісаў прашэнне аб памілаванні, хоць на іх, вядома, ціснулі.
Чытайце таксама: Сяргей Спарыш расказаў пра сустрэчу і расставанне з Мікалаем Статкевічам
Сяргей кажа, што адмыслова шмат разоў у прысутнасці стукачоў агучваў сваё стаўленне да памілавання:
— Пісаць памілаванне — гэта здрада. Я першапачаткова быў змоўшчыкам Статкевіча. Калі я напішу прашэнне, то атрымаецца, што я называю Статкевіча злачынцам. І іншых сваіх таварышаў называю злачынцамі. Калі скажу, што паддаўся дэструктыўнаму ўплыву телеграм-каналаў — гэта здрада супраць журналістаў. Гэта недапушчальна, так паступаць нельга.
У Мінску адчуваў сябе ў эміграцыі, у Вільні - як у Гродне
У Сяргея асаблівая сувязь і з Гроднам, і з Мінскам: нарадзіўся і вырас ён у Гродне, а пасля 2010 года пераехаў у сталіцу.
«Гродна больш еўрапейскі, а ў Мінску спачатку адчуваў сябе крыху ў эміграцыі. Гэта сталінскі горад, у якім вельмі мала захавалася чагосьці старога»
Пасля дэпартацыі ў Літву Сяргей апынуўся ў Вільні — і адчуў, што тут ён як дома. «Я не ўспрымаю сябе тут у эміграцыі. Вільня вельмі падобна да Гродна: той жа стыль, віленскае барока».
У калоніі, калі Сяргей думаў аб выхадзе на свабоду, заставацца ў Беларусі ён не планаваў. Вярнуцца на Радзіму збіраецца толькі пасля падзення лукашэнкаўскага рэжыму.
«Мне больш падабаецца Гродна. Але вяртацца прыйдзецца ўсё-ткі ў Мінск. Гэта цэнтр прыняцця рашэнняў, там больш актыўнае палітычнае жыццё».
