— Лёгкі на ўспамін! — гэта першыя словы, якія пачуў Сяргей Спарыш, калі напярэдадні дэпартацыі сустрэў у камеры СІЗА КДБ Мікалая Статкевіча.
— Жывы! — толькі і змог адказаць Сяргей. Ён не бачыў Статкевіча з 2020-га года.
Спарыш і Статкевіч былі ў групе вызваленых з турмы і падрыхтаваных да дэпартацыі 52 зняволеных. Іх прывезлі на літоўска-беларускую мяжу, але перасёк яе 51 чалавек. Мікалай Статкевіч застаўся ў Беларусі. Для Hrodna.life Сяргей Спарыш распавёў пра размову з палітыкам.
«Як там дзядзька Коля?»
«Яго тры гады не было наогул, — кажа Сяргей. — Не было ні перапіскі, ні званкоў. Я, калі шчыра, баяўся, калі аб ім нічога не кажуць — значыць, магчыма, яго ўжо няма. Тут гляджу — жывы. Такая радасць была. Я кожны раз, калі тэлефанаваў на волю, пытаўся: як там дзядзька Коля? Мне казалі — невядома».
Для Сяргея сустрэча са Статкевічам стала сапраўднай палёгкай:
«Ён мне падаўся адносна здаровым, хоць праблем са здароўем у яго вельмі шмат. У яго арытмія. Яму трэба прымаць лекі».
Там жа, у СІЗА, Мікалай распавёў і пра зусім асабістае, чаго Сяргей ніяк не чакаў пачуць: «Сяргей Сяргеевіч, я ведаю, што вы ставіцеся да гэтага скептычна, але ў маім асабістым спісе да Багародзіцы вы заўсёды былі на першым месцы». Для Сяргея гэта было нечакана і прыемна.

Мікалай адразу даў зразумець, што пакідаць Беларусь ён не збіраецца. Спытаў аб планах Сяргея на гэты конт:
«Я кажу, што я, напэўна, схільны з’ехаць. Ён адказаў: „Добра, патрэбныя людзі і там“».
11 верасня 2025 года 52 палітвязняў з Беларусі прывезлі да літоўскай мяжы. Але Мікалай Статкевіч, лідар «Народнай грамады», зрабіў крок, якога ніхто не чакаў: развярнуўся і застаўся ў Беларусі. Пазней стала вядома, што яго, верагодна, вярнулі ў калонію.
Вызваленне ад Радзімы
Сяргей называе сваё вызваленне спецыяльнай аперацыяй: «Я ўжо ведаў, што хутчэй за ўсё нас адпусцяць. Даходзіла інфармацыя, што знялі частку санкцый».
Але спачатку замест свабоды 9 верасня ў магілёўскую калонію № 1 наляцела праверка: «Пачынаецца дзікі шухер, усе баяцца: зараз будуць правяраць тумбачкі. У мяне забралі торбы».
На наступны дзень Сяргея павялі туды, адкуль зняволеныя адпраўляюцца на этап або вызваляюцца.
«Нас перадалі КДБшнікам, надзелі на галаву павязкі і сказалі, каб мы трымалі галаву ўніз. Так, з заплюшчанымі вачыма і апушчанымі тварамі, мы даехалі да Мінска».
Пачатак «вызвалення», па словах Спарыша, больш нагадваў сцэну выкрадання, чым шлях да свабоды.
«Не бывае бясплатнай свабоды»
Успамінаючы пра сустрэчу, Сяргей пераказвае словы Статкевіча пра тое, што беларусы ўжо сфармаваліся як нацыя.
«Калі чалавек гатовы выйсці на мітынгі і пацярпець, хаця б пасядзець 15 сутак — з гэтага ўжо пачынаецца нейкая грамадзянская мужнасць у Беларусі. Не бывае бясплатнай свабоды і не бывае бясплатнай нацыянальнай незалежнасці. Калі ёсць людзі, гатовыя ахвяраваць жыццём — тады нацыя будзе жыць».


Па словах Сяргея, Статкевіч казаў гэта і пра сябе. Што сам гатовы ахвяраваць здароўем і, магчыма, жыццём дзеля вызвалення Беларусі.
Спачатку «фас», потым «фу» — як прайшла апошняя раніца ў СІЗА КДБ
Ноч перад вызваленнем прайшла ціха, але раніца пачалася з каманды: «Так на*, усе ўсталі на** на лінію на**, будзеце слухаць гімн на**». З мацюкамі пасля кожнага слова.
«Некалькі чалавек усталі. Мікалай Статкевіч ляжаў на ложку. Яму стала блага, але я думаю, ён, нават калі б яму добра было, ён прынцыпова б не ўставаў»
Грае гімн, КДБшнікі глядзяць, а ўставаць ніхто не спяшаецца. Нават тыя, хто спачатку ўсталі, пачалі хадзіць туды-сюды.
— Скажыце, а як на* я магу на** стаць на лінію на**, на гімн на**? — спытаў з іроніяй Павел Вінаградаў, не забыўшыся пасля кожнага слова ўставіць звыклыя для суразмоўцаў лексічныя адзінкі.
Адказам быў паток мату.
Чытайце таксама: Былы палітвязень Мікалай Дзядок — пра гродзенскую турму
«Мікалай Статкевіч называе такую сітуацыю сітуацыяй сабакі, якой спачатку сказалі „фас“, а потым сказалі „фу“. Я бачыў гэта неаднаразова ў супрацоўнікаў, калі яны не могуць сабе нічога зрабіць. У іх у вачах нейкае блакітнае бязмоўе, такі сіні экран».
Помста была простай: на сняданак далі лыжку кашы і амаль пусты кубак з гарбатай.
У КДБ баяцца не ўцёкаў, а тэкстаў
Неўзабаве раздалі вопісы на подпіс — знак, што рыхтуюць да этапу. Толькі Статкевіч нічога не падпісваў. Ён прынцыпова гэта ніколі не робіць. Ён — «безпапернік». Так страхуе сябе ад рызыкі падпісаць непажаданы для яго дакумент, тыпу прашэння аб памілаванні.
Затым зноў быў ператрус. Частыя ператрусы Сяргей тлумачыць не толькі фармальнасцю:
— А раптам хтосьці напісаў кнігу. Яны вельмі баяцца гэтага, што хто-небудзь напіша артыкул. Чаму Статкевіч быў у рэжыме інкамунікада? Таму што напісаў некалькі артыкулаў натхняльных з турмы і здолеў перадаць.
Калі іх пасадзілі ў аўтобус, настрой у канваіраў было мякчэйшы. На твары зняволеных не апраналі павязкі, толькі загадалі апусціць галавы:
— Яны вельмі баяцца інфармацыі. Ездзяць самі ў масках, на бусіках няма апазнавальных нумароў. Яны баяцца любой агалоскі.

На мяжы Сяргей заўважыў ашаламляльны кантраст:
— Калі я ўбачыў ЦРУшнікаў. Вось ЦРУ сур’ёзная кантора. Ну так, чорныя акуляры. І ўсё, больш нічога. Яны чамусьці не баяцца паказаць твар. А тут нейкая беларуская чухня з вёскі. Дзеці, па сутнасці, хіленькія.
Там жа ў аўтобус зайшлі амерыканскія дыпламаты:
— Сказалі, што нам перадае прывітанне Дональд Трамп. Што нашае вызваленне — гэта яго праца. It’s over now. Усё для вас скончылася.
Нехта са зняволеных заплакаў, іншыя проста ўзрадаваліся. Сам Сяргей кажа:
«Я не моцна, калі шчыра, расчуліўся. Таму што я навучыўся прадбачыць многія падзеі. Часта эмацыйнай рэакцыі няма, таму што для мяне гэта ўжо здарылася».
Выйшаў з аўтобуса, але не з барацьбы
Самым яркім момантам таго дня стаў выхад Статкевіча з аўтобуса. Сяргей сядзеў у канцы аўтобуса, а Статкевіч — ля выхаду. Ён спецыяльна сеў бліжэй да дзвярэй. Сяргей не бачыў, як Мікалай адкрываў дзверы, але бачыў, як ён ішоў каля аўтобуса:
«Вось гэтая яго ўсмешка, баявы азарт. Гэта заўсёды ў яго ў такія моманты».

На пытанне, ці спрабаваў Сяргей у той момант пераканаць Статкевіча, Сяргей адказаў:
«Было б дзіўна, калі б я пайшоў угаворваць Статкевіча застацца. Я не ведаю, што б ён пра мяне падумаў пасля гэтага. Я б запляміў сваё імя, напэўна, назаўсёды».
У размовах пра тое, як быць далей, Мікалай успамінаў амерыканскага філосафа і пісьменніка Генры Дэвіда Таро. У XIX стагоддзі той пісаў: «Пры ўрадзе, які несправядліва саджае кагосьці ў турму, сапраўднае месца для справядлівага чалавека — таксама турма».
«Таму, калі ты хочаш у дадзены момант займацца палітыкай, ты павінен знаходзіцца за кратамі. Іншых варыянтаў няма».