Спадчына

Сядзібу XIX ст пад Ашмянамі рэканструявалі «па-хазяйскі» — і знішчылі гістарычны выгляд

У аграгарадку Будзёнаўка ў Ашмянскім раёне прыватны гаспадар знішчыў гістарычны выгляд будынка XIX стагоддзя. Зруб заклалі газасілікатнымі блокамі, змянілі канструкцыю даху, размяшчэнне вокнаў і іх памер. Пра гэта расказалі ў суполцы «Навіны рэстаўрацыі» ў Facebook.

Будынак былой сядзібы яўрэя Стругача пасля рэканструкцыі ў 2024 годзе. Крыніца: Facebook/Навіны рэстаўрацыі, Беларусь

Будынак не мае ахоўнага статусу. Але пад яго былі зарэзерваваныя зоны аховы ў праекце дэталёвай планіроўкі Ашмянаў. «На вялікі жаль, новыя гаспадары да сутнасці будынку аднесліся «па хазяйскі», — напісаў карыстальнік Facebook Эдвард Ка.

У ходзе рэканструкцыі знешні выгляд дома змяніўся непазнавальна. Напрыклад, знік фігурны франтон, змянілася форма даху, яго пакрылі металадахоўкай. Змяніліся памеры вокнаў - і дом пачаў нагадваць звычайны сучасны катэдж, а не мадэрновы асабняк пазамінулага стагоддзя.

Будынак былой сядзібы яўрэя Стругача ў 2021 годзе. Архіўнае фота Hrodna.life
Будынак былой сядзібы яўрэя Стругача пасля рэканструкцыі ў 2024 годзе. Крыніца: Facebook/Навіны рэстаўрацыі, Беларусь

Сядзібу збудаваў самы багаты яўрэй Беларусі

Вёска Будзёнаўка побач з Ашмянамі раней называлася Святы Дух. Сядзібу ў стылі мадэрн пабудавалі тут у канцы XIX стагоддзя. Яна належала буйному прамыслоўцу Лейбу Стругачу — аднаму з самых багатых яўрэяў Беларусі. Ён валодаў вінакурна-дражджавым заводам у Ашмянах, быў акцыянерам Лідскага бровара і рыжскага акцыянернага таварыства «Дрожджы».

Калі Лейба Стругач памёр у 1906 годзе, дом перайшоў яго сынам. У 1939 годзе дом нацыяналізавалі. Падчас Другой сусветнай вайны сыны Стругача загінулі ў Ашмянскім гета. Апошні ўласнік сядзібы — упраўленне адукацыі Ашмянскага райвыканкаму. Нейкі час у будынку жылі сем'і настаўнікаў.

Раней на тэрыторыі сядзібы быў сад, кветнікі. Часткова захаваліся гаспадарчыя пабудовы, брама з калонамі, каменны мур па перыметры тэрыторыі, а таксама дом для працоўных і лямус. Стайня існавала яшчэ ў 2000-х, але ў апошнія гады была страчана.

Была мадэрновая сядзіба, а будзе «Дом байкера»

У ліпені 2019 года сядзібу выставілі на аўкцыён. Тады яе ацанілі ў $ 4 тыс. Ахвотных не знайшлося і ў студзені 2020 яе паспрабавалі прадаць з паніжэннем цаны на 80%. Тады яе набыў жыхар Ашмян Віталь Баброўскі. Паводле ўмоваў аўкцыёна, новы ўладальнік абавязаны правесці рэканструкцыю і ўвесці будынак у эксплуатацыю не пазней за 5 гадоў з моманту заключэння дагавора куплі-продажу.

Сямейная гісторыя сённяшняга ўласніка звязаная з сядзібай. Калісьці будынак належаў сястры яго бабулі, якую разам з сям’ёй забілі немцы ў 1942 годзе. Сястра бабулі сённяшняга ўласніка была жонкай Абрама Стругача — старэйшага сына заснавальніка сядзібы. Сам Баброўскі раней працаваў мастаком-архітэктарам, 10 гадоў пражыў у Амерыцы, а потым вярнуўся на радзіму.

Будынак былой сядзібы яўрэя Стругача пасля рэканструкцыі ў 2024 годзе. Крыніца: Facebook/Навіны рэстаўрацыі, Беларусь

У 2021 годзе Баброўскі казаў, што плануе арганізаваць у былой сядзібе Стругачоў двухпавярховую аграсядзібу «Дом байкера». На другім паверсе мужчына планаваў жыць сам, а ўнізе — размясціць кавярню, кіназалу альбо більярд. Таксама ён планаваў аднавіць басейн і аранжарэю.

Мог выратаваць мясакамбінат, але кіраўніку лёс сядзібы не цікавы

Раней сядзібу ўжо прадавалі інвестару — мясцоваму мясакамбінату. Але той не пацягнуў рэстаўрацыю. Замест базы адпачынку застаўся незавершаны рамонт. Менавіта ў той час з будынка знікла тынкоўка і ён пачаў імкліва разбурацца. Баброўскі набыў сядзібу ўжо ў паўразбураным стане.

«Пэўную надзею я пачуў, калі пайшлі чуткі і нават дзеянні, што мясцовы ашмянскі мясакамбінат, пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара Тамары Уладзіміраўны Філіповіч, збіраўся ўзяць будынак, пад крыло» і сур’ёзна ўзяцца за рэнавацыю, бо тагачасная дырэктар, апрача безумоўных адміністрацыйных здольнасцей, была вялікай фанаткай, у добрым сэнсе, даўніны і мецэнатам, якая вельмі дапамагала ў аднаўленні святынь у рэгіёне, — напісаў карыстальнік Эдвард Ка у абмеркаванні ў Facebook. — На жаль, Тамары Уладзіміраўне кантракт не прадоўжылі, адправілі на пенсію, на мясакамбінат «павесілі» калгас-мярцвяк, а новаму кіраўніку лёс сядзібы быў не цікавы".

Паводле словаў Эдварда, адметны элемент дэкору — маcкарон з выявай ільва — збілі з фасаду майстры, якія адбівалі ад сцен тынкоўку.

Чытайце таксама: Калгас імя Міцкевіча адрамантаваў сядзібу XVIII стагоддзя, дзе спыняўся кароль Панятоўскі

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025