Новы гандлёва-офісны будынак пачнуць будаваць на Вялікай Траецкай у 2020 годзе. Ён размясціцца паміж дамамі 39 і 33. У пачатку снежня гісторык Мечыслаў Супрон апублікаваў у сваім блогу нататку: чаму, на яго думку, новы будынак абяцае стаць скандальным. Гісторык сумняваецца ў архітэктурна-планіровачных рашэннях, прынятых у праекце. Таксама ён адзначыў, што кафэ на месцы могілак — дрэнная ідэя. Мы пагутарылі з адным з інвестараў: ён распавёў пра будаўніцтва і планы.

Два гродзенскія прадпрымальнікі набылі права праектавання і будаўніцтва на гэтым участку на аўкцыёне ў 2018 годзе. Бізнес-цэнтр будзе складацца з падвала, двух паверхаў і мансарды. Яны хочуць размясціць там выставачную залу на 450 квадратаў, памяшканні пад гандаль і паслугі, а таксама офісы.

Побач, па задумцы інвестараў, будзе пабудавана кафэ з пякарняй. Разыначкай праекта павінен стаць векавы дуб, які захаваюць і ўпішуць у архітэктуру будынка.

Грамадскія абмеркаванні з нагоды будаўніцтва будынка прайшлі ў сярэдзіне снежня. Са слоў інвестараў, гродзенцаў больш за ўсё хвалявалі пытанні экалогіі і безбар’ернага асяроддзя на тэрыторыі будучага аб’екта. Таксама вядома, што гісторык Мечыслаў Супрон адправіў у Мінкульт свае заўвагі. Ён прапануе змяніць планіроўку і знешні выгляд будынка, а таксама не дапусціць будаўніцтва кафэ не месцы былых яўрэйскіх могілак.

Прадаставіць жыллё і знесці дом — асноўныя абавязацельствы для забудоўшчыка

«Прапановы па грамадскіх абмеркаваннях мы ўключылі ў праект, усе пытанні можна вырашыць. Што тычыцца заўваг гісторыка, то тут трэба тлумачыць, — распавядае адзін з інвестараў Антон. — Не наша ініцыятыва зносіць гэты цагляны стары дом. Жыхары дома ўжо былі ў спісах на адсяленне і дом быў унесены ў рэестр зносу. Акрамя таго, у адпаведнасці з тэхнічным пашпартам будынка, год пабудовы — 1949. Прадастаўленне жылля і знос дома гэта асноўныя абавязацельствы для забудоўшчыка, для будучай рэанімацыі гэтага гістарычнага раёна».

«Да гістарычнага цэнтру ставімся з павагай». Інвестар распавёў, што пабудуе на Вялікай Траецкай
Варыянт праекта будучай забудовы з унесенымі зменамі ад Міністэрства культуры

У стылі гістарычнага цэнтра, але з бачным новабудам

У планах у інвестараў разабраць дом, але пры гэтым захаваць цэглу. Таксама захаваць дуб, вакол якога і пачнецца будаўніцтва.

«Мы набылі гэты кавалак зямлі на аўкцыёне, нам гэта месца спадабалася і мы самі гродзенцы, таму да гістарычнага цэнтру горада ставімся з павагай. З тэрыторыяй на Вялікай Траецкай мы знаёмыя добра, ужо будавалі тут некалькі гадоў таму [адзін з інвестараў перабудоўваў будынак па вул. Працоўнай, 10, дзе зараз знаходзіцца піцэрыя «Форна» — рэд.].

Яшчэ на стадыі праектавання новага будынка было прадпісанне Мінкульта, што нам нельга капіяваць гістарычны цэнтр, трэба рабіць аб’ект у стылі гістарычнага цэнтра, але з бачным новабудам. Выкананне падобных праектаў можна ўбачыць як у пачатку Вялікай Траецкай, так і ў канцы".

«Да гістарычнага цэнтру ставімся з павагай». Інвестар распавёў, што пабудуе на Вялікай Траецкай
Від на будучую будаўнічую пляцоўку

У планах акультурыць тэрыторыю, дзе былі могілкі

У будаўніцтве грамадскага будынка і кафэ-пякарні інвестары плануюць выкарыстоўваць і закінутую прыбіральню каля стаянкі, якая была пабудавана ў савецкія гады, але амаль не выконвала свае функцыі і была неўзабаве зачыненая.

«Туалет гэта не частка гістарычнай забудовы, таму мы плануем яго перабудаваць. Там, дзе будзе праходзіць асноўнае будаўніцтва, раней былі жылыя дамы, агароды і іншае. І нам ад гэтага спакайней. Мы разумеем гісторыка, які ўздымаў пытанне старых могілак. Але яны былі крыху далей ад нашага будучага аб’екта. Гэтую тэрыторыю мы плануем давесці да ладу, зрабіць там пляцоўку для адпачынку. Нам здаецца, у цэнтры горада не хапае годнай пляцоўкі для дзяцей. А цяпер там стаянка і звалка, усе пра гэта ведаюць.

Будаваць мы там нічога не збіраліся і нікому не раім, косткі там ёсць. У нашых планах акультурыць тэрыторыю, зрабіць якую-небудзь агароджу, а таксама зрабіць насып. Рана ці позна горад б звярнуў увагу на гэтую тэрыторыю і лепш там зрабіць якую-небудзь зону адпачынку, чым пабудаваць будынак".

«Да гістарычнага цэнтру ставімся з павагай». Інвестар распавёў, што пабудуе на Вялікай Траецкай

«Да гістарычнага цэнтру ставімся з павагай». Інвестар распавёў, што пабудуе на Вялікай Траецкай
Тэрыторыя, дзе ў будучыні можа з’явіцца зона адпачынку

Супрацоўніцтва з яўрэйскай грамадой

У памяць аб яўрэйскім квартале і старых могілках інвестары плануюць зрабіць невялікі мемарыял, каб распавесці пра тэрыторыю. Для гэтага яны хочуць выкарыстаць цэглу старога дому, які знясуць.

«Будзе дакладна ўваходная арка. Тут жа ж на вуліцы было яўрэйскае гета і старыя могілкі. І пра гэта трэба памятаць. Але што дакладна там будзе я пакуль не ведаю. Сабе я стаўлю мэту — пазнаёміць гасцей з гісторыяй месца. Для яе рэалізацыі мы нават звязаліся з яўрэйскай грамадой, каб яна нас курыравала ў пытаннях забудовы. Калі ў іх будуць нейкія прапановы і заўвагі, то будзем прыслухоўвацца».

Праектаваннем аб’екта новага будынка інвестары займаюцца ўжо 1,5 года. У 2020 годзе яны плануюць пачаць будаўніцтва.

«Мы хочам у цэнтры горада зрабіць новае месца, куды можна было б прыйсці і выбраць установу для адпачынку на любы густ. Зараз мы праходзім усе экспертызы і пераходзім да атрымання дазволу на будаўніцтва. Задзейнічаны добрыя спецыялісты. Магчыма, у будучыні Вялікую Траецкую зробяць пешаходнай, але да гэтага трэба паступова падыходзіць, дзякуючы цікавым праектам».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life