29 сакавіка ў Беларусі стартуе чэмпіянат па футболе ў Вышэйшай лізе. Перад пачаткам новага сезона мы пагутарылі з гродзенскімі спартыўнымі аглядальнікамі і дасведчанымі заўзятарамі. Даведаліся іх меркаванні і чаканні на новы футбольны год.
Усю падрыхтоўку да сезону «Нёман» правёў у Гродне, за выключэннем некалькіх таварыскіх гульняў на выездзе.
За перыяд міжсезоння ў гродзенскай камандзе адбыўся шэраг змяненняў. Трэнерскі штаб «Нёмана» папоўніў вядомы спецыяліст Георгій Кандрацьеў. З ім Кавалевіч працаваў у Моладзевай зборнай. Узмацненне для гродзенцаў гэта ці не, пазнаем у канцы сезону.
За час міжсезоння жоўта-зялёных пакінулі гульцы Анюкевіч і Савасцьянаў, абодва перайшлі ў «Слуцк». У Януша скончылася арэнда і ён вярнуўся ў «Шахцёр». З Ковелем, Зубковым і Журавым вырашылі не працягваць кантракты. Сербскі футбаліст Міхайла Яванавіч сам вырашыў не працягваць супрацоўніцтва з «Нёманам».
За адпачынак гродзенцы таксама папоўнілі свой склад. Кыргызстанец Гулжыгіт Алыкулаў узмацніў лінію атакі, у цэнтральную зону падпісалі Алега Еўдакімава і Міхаіла Бабічава, а ў абароне ўмацаваліся гродзенскім выхаванцам Аляксандрам Пазняком, які вярнуўся ў Гродна з «Шахцёра» і берасцейцам Дзмітрыем Барысавым.
Афіцыйна свае задачы «Нёман» на новы год не агучваў, клуб нават не арганізаваў традыцыйную сустрэчу з заўзятарамі. Кіраўніцтва абяцае гэта зрабіць пасля першага тура чэмпіянату. Сёлета «Нёман» упершыню за апошнія некалькі гадоў пачынае сезон з выязной гульні. 29 сакавіка падапечныя Ігара Кавалевіча сустрэнуцца з «Гомелем».
Павел Кулік, прадстаўнік Клуба заўзятараў футбольнага «Нёмана»
— Цяперашняе міжсезонне, асабіста для мяне, скончваецца са знакам мінус. Я ніяк не магу зразумець і прыняць тое рашэнне кіраўніцтва клуба, згодна з якім футбольны клуб, дзе зараз гуляе Павел Савіцкі, быў дапушчаны да Чэмпіянату краіны без аплаты кампенсацыі за гульца.
Што датычыцца змяненняў у складзе каманды, то і тут ніякіх гучных трансфераў не адбылося. Больш за тое, «Нёман» не праводзіў міжсезонныя зборы за мяжой, у адрозенні ад 14 іншых клубаў. Таму якасць падрыхтоўкі на штучным газоне, у параўнанні з канкурэнтамі, выклікае пытанні.
Ніякіх прарываў у плане выніку я не чакаю. Вылет нам не пагражае, але і да медалёў будзе вельмі далёка. Прыкладнае месца ў раёне 7−9 пазіцый будзе нашым заканамерным вынікам. На жаль, гэта так. Усё, што застаецца простым заўзятарам — гэта наведваць кожны матч роднай каманды і радавацца лакальным перамогам. Можа аднойчы «зацэпім» каго-небудзь з лідараў. Але ніякіх ілюзій асабіста я наконт перспектыў не маю.
Сяргей Гаўрыцкі, спартыўны аглядальнік і карэспандэнт БЕЛТА
— Новы футбольны сезон будзе дакладна цікавым. У гэтым упэўнены на 100%. Усё ж такі класна будзе паглядзець, ці зможа навязаць барацьбу БАТЭ замацярэлы салігорскі «Шахцёр», ці ўлезуць у гэтыя разборкі два «Дынама» з Брэста і Мінска, ці пройдуць праверку «другім годам» амбіцыйныя «Віцебск» і «Тарпеда» з Жодзіна, ці будзе толк з аб’яднаннем «Дняпра» і «Луча», чым здзівіць «Іслач» на чале з эпатажным трэнерам…
Ну і, вядома, галоўнае пытанне, як на фоне ўсіх гэтых каманд будзе глядзецца наш «Нёман». Гродзенцы прайшлі міжсезонку роўна, без гучных заяў, набыткаў, расставанняў і скандалаў. Хіба што на слыху была зацягнутая цяжба з нагоды Савіцкага. Добра, што усё вырашылася.
Хаця, калі закрануць таленты, то з цікавасцю зірнем у гульнях на навабранца «Нёмана» Гульжыгіта Алыкулава. Маладому футбалісту з Кыргызстана выдалі шмат авансаў, паглядзім, ці апраўдае.
У цэлым, пры поглядзе збоку, «Нёман» захаваў склад, кропкава ўмацаваўся па пазіцыях. Нямала каманда забівала ў таварыскіх матчах. Праўда, ці стала яна мацней, ці гатовыя футбалісты вырашаць вялікія задачы — адказы на гэтыя пытанні дасць толькі сезон. Будзем спадзявацца, што ён стане больш паспяховым за папярэдні.
Віталь Будзько, дасведчаны фанат «Нёмана»
— У гэтым сезоне чакаю ад «Нёмана» азартнай гульні, паболей галоў, ну і паспрабаваць уключыцца ў гонку за медалямі і заставацца ў ёй як мага даўжэй. Яшчэ хацелася б, каб паболей заўзятараў прыходзіла на стадыён.
Склад як склад, той які мы можам сабе дазволіць. Хацелася б, каб гульцы не проста бабкі зараблялі, а спрабавалі выйсці на новы ўзровень, гэта было б на карысць камандзе.
Раман Алешка, спартыўны аглядальнік блога s13.ru
— Перад стартам сезона каманда кропкава ўзмацнілася, што радуе. Але скочыць вышэй за 5-е месца наўрад ці атрымаецца. Ужо занадта моцнымі выглядаюць склады супернікаў, ды і ў фінансавым плане «Нёман» далёкі ад вяршыні, але пры гэтым у клубе наступіла стабільнасць — з трэнерскім штабам, складам і фінансамі.
Асабіста мне падабаецца стыль і характар каманды Ігара Кавалевіча, але два сезоны каманда губляе ачкі ў матчах з роўнымі сапернікамі, і паказвае выдатную гульню з больш моцнымі камандамі. Пара збалансаваць сілы.
Дзмітрый Бандарчук, грамадскі дзеяч, прадстаўнік Клуба заўзятараў
— Гэты год, безумоўна, будзе вырашальным для трэнера і кіраўніцтва клуба. Ёсць меркаванне, што вынікі каманды ўплываюць на наведвальнасць заўзятараў. І для многіх гэта важна. Але я стаўлюся да тых, хто з камандай у хвіліны славы і ў хвіліны расчараванняў. Таму для мяне важна, каб «Нёман» паказваў відовішчны футбол, байцоўскі характар, не настройваўся на нічыю з фаварытамі і не абмяжоўваўся мінімальнымі перамогамі. Я за 3 забітых галы ў прайграным матчы, чым за 1 ачко ў нулявой нічыі. Толькі так можна разлічваць на развіццё клуба. У бязвізавы Гродна павінен вярнуцца еўрафутбол і гэтая галоўная задача на сезон.
Яўген Лебедзь, спартыўны аглядальнік «Вечернего Гродно»
— Я не чакаю ад гэтага сезона чагосьці звышневерегоднага. У клубе не адбылося нейкіх рэвалюцыйных змен, не з’явілася суперзорак. Я лічу, што склад гульцоў не стаў ні слабейшы, ні мацнейшы, таму ў гэтым сезоне каманда будзе змагацца за першую шасцёрку. Цікава будзе паглядзець на Алыкулава, астатніх мы больш-менш ведаем. Хочацца спадзявацца, што нехта з маладых вылучыцца і стане адкрыццём сезона.
Вітаўт Руднік, заўзятар са стажам, аўтар кніг пра футбол
— Традыцыйна чакаю ад каманды лепшай гульні, чым была летась. Захаваліся ўсе лідэры, дадалося талковых навічкоў кшталту Еўдакімава, Пазняка. Мусілі засвоіцца ў чэмпіянаце Нджэнг і Атэменг, заінтрыгаваў у міжсезонне Алыкулаў. Да лета прыйдуць так патрэбныя грошы за Савіцкага. Іншая справа, што і канкурэнты ў барацьбе за 4−6 месцы (а гэта хіба што столь для Нёмана") таксама узмацніліся. Тое ж «Тарпеда-БелАЗ». Таму прагназую 6 месца.
Уладзімір Кульбіцкі, анлайн-аглядальнік «Прессбола»
— Традыцыйна ад кожнага новага сезону чакаеш нечага незвычайнага. І скажам так, пара б «Нёману» ўжо трохі і пашумець. Прычым пашумець не толькі на інфармацыйным полі з гісторыяй па Савіцкаму, але і на самым што ні ёсць сучаснасым. У апошнія гады склаўся стэрэатып, што «Нёман» — моцны серадняк, але без прэтэнзій на верхнія радкі турнірнай табліцы. Я лічу, што ў гродзенскай каманды ёсць усё, каб наблізіцца да тройкі. Астатняе залежыць ад саміх рабят і ад вельмі дасведчанага трэнерскага штаба. Калі абстрагавацца ад спраў гродзенскай каманды, галоўная інтрыга — хто зможа пасунуць БАТЭ? І тут, як мне здаецца, адназначнага адказу няма. А значыць нас чакае цікавы чэмпіянат.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…