29 сакавіка ў Беларусі стартуе чэмпіянат па футболе ў Вышэйшай лізе. Перад пачаткам новага сезона мы пагутарылі з гродзенскімі спартыўнымі аглядальнікамі і дасведчанымі заўзятарамі. Даведаліся іх меркаванні і чаканні на новы футбольны год. 

Спачатку факты

Усю падрыхтоўку да сезону “Нёман” правёў у Гродне, за выключэннем некалькіх таварыскіх гульняў на выездзе.

За перыяд міжсезоння ў гродзенскай камандзе адбыўся шэраг змяненняў. Трэнерскі штаб “Нёмана” папоўніў вядомы спецыяліст Георгій Кандрацьеў. З ім Кавалевіч працаваў у Моладзевай зборнай. Узмацненне для гродзенцаў гэта ці не, пазнаем у канцы сезону.

За час міжсезоння жоўта-зялёных пакінулі гульцы Анюкевіч і Савасцьянаў, абодва перайшлі ў “Слуцк”. У Януша скончылася арэнда і ён вярнуўся ў “Шахцёр”. З Ковелем, Зубковым і Журавым вырашылі не працягваць кантракты. Сербскі футбаліст Міхайла Яванавіч сам вырашыў не працягваць супрацоўніцтва з “Нёманам”.

За адпачынак гродзенцы таксама папоўнілі свой склад. Кыргызстанец Гулжыгіт Алыкулаў узмацніў лінію атакі, у цэнтральную зону падпісалі Алега Еўдакімава і Міхаіла Бабічава, а ў абароне ўмацаваліся гродзенскім выхаванцам Аляксандрам Пазняком, які вярнуўся ў Гродна з “Шахцёра” і берасцейцам Дзмітрыем Барысавым.

Афіцыйна свае задачы “Нёман” на новы год не агучваў, клуб нават не арганізаваў традыцыйную сустрэчу з заўзятарамі. Кіраўніцтва абяцае гэта зрабіць пасля першага тура чэмпіянату. Сёлета “Нёман” упершыню за апошнія некалькі гадоў пачынае сезон з выязной гульні. 29 сакавіка падапечныя Ігара Кавалевіча сустрэнуцца з “Гомелем”.

Цяпер меркаванні

Павел Кулік, прадстаўнік Клуба заўзятараў футбольнага “Нёмана”

– Цяперашняе міжсезонне, асабіста для мяне, скончваецца са знакам мінус. Я ніяк не магу зразумець і прыняць тое рашэнне кіраўніцтва клуба, згодна з якім футбольны клуб, дзе зараз гуляе Павел Савіцкі, быў дапушчаны да Чэмпіянату краіны без аплаты кампенсацыі за гульца.

Што датычыцца змяненняў у складзе каманды, то і тут ніякіх гучных трансфераў не адбылося. Больш за тое, “Нёман” не праводзіў міжсезонныя зборы за мяжой, у адрозенні ад 14 іншых клубаў. Таму якасць падрыхтоўкі на штучным газоне, у параўнанні з канкурэнтамі, выклікае пытанні.

Ніякіх прарываў у плане выніку я не чакаю. Вылет нам не пагражае, але і да медалёў будзе вельмі далёка. Прыкладнае месца ў раёне 7-9 пазіцый будзе нашым заканамерным вынікам. На жаль, гэта так. Усё, што застаецца простым заўзятарам – гэта наведваць кожны матч роднай каманды і радавацца лакальным перамогам. Можа аднойчы “зацэпім” каго-небудзь з лідараў. Але ніякіх ілюзій асабіста я наконт перспектыў не маю.

Сяргей Гаўрыцкі, спартыўны аглядальнік і карэспандэнт БЕЛТА

– Новы футбольны сезон будзе дакладна цікавым. У гэтым упэўнены на 100%. Усё ж такі класна будзе паглядзець, ці зможа навязаць барацьбу БАТЭ замацярэлы салігорскі “Шахцёр”, ці ўлезуць у гэтыя разборкі два “Дынама” з Брэста і Мінска, ці пройдуць праверку “другім годам” амбіцыйныя “Віцебск” і “Тарпеда” з Жодзіна, ці будзе толк з аб’яднаннем “Дняпра” і “Луча”, чым здзівіць “Іслач” на чале з эпатажным трэнерам…

Ну і, вядома, галоўнае пытанне, як на фоне ўсіх гэтых каманд будзе глядзецца наш “Нёман”. Гродзенцы прайшлі міжсезонку роўна, без гучных заяў, набыткаў, расставанняў і скандалаў. Хіба што на слыху была зацягнутая цяжба з нагоды Савіцкага. Добра, што усё вырашылася.

Хаця, калі закрануць таленты, то з цікавасцю зірнем у гульнях на навабранца “Нёмана” Гульжыгіта Алыкулава. Маладому футбалісту з Кыргызстана выдалі шмат авансаў, паглядзім, ці апраўдае.

У цэлым, пры поглядзе збоку, “Нёман” захаваў склад, кропкава ўмацаваўся па пазіцыях. Нямала каманда забівала ў таварыскіх матчах. Праўда, ці стала яна мацней, ці гатовыя футбалісты вырашаць вялікія задачы – адказы на гэтыя пытанні дасць толькі сезон. Будзем спадзявацца, што ён стане больш паспяховым за папярэдні.

Віталь Будзько, дасведчаны фанат “Нёмана”

– У гэтым сезоне чакаю ад “Нёмана” азартнай гульні , паболей галоў, ну і паспрабаваць уключыцца ў гонку за медалямі і заставацца ў ёй як мага даўжэй. Яшчэ хацелася б, каб паболей заўзятараў прыходзіла на стадыён.

Склад як склад, той які мы можам сабе дазволіць. Хацелася б, каб гульцы не проста бабкі зараблялі, а спрабавалі выйсці на новы ўзровень, гэта было б на карысць камандзе.

Раман Алешка, спартыўны аглядальнік блога s13.ru

– Перад стартам сезона каманда кропкава ўзмацнілася, што радуе. Але скочыць вышэй за 5-е месца наўрад ці атрымаецца. Ужо занадта моцнымі выглядаюць склады супернікаў, ды і ў фінансавым плане “Нёман” далёкі ад вяршыні, але пры гэтым у клубе наступіла стабільнасць – з трэнерскім штабам, складам і фінансамі.

Асабіста мне падабаецца стыль і характар каманды Ігара Кавалевіча, але два сезоны каманда губляе ачкі ў матчах з роўнымі сапернікамі, і паказвае выдатную гульню з больш моцнымі камандамі. Пара збалансаваць сілы.

Дзмітрый Бандарчук, грамадскі дзеяч, прадстаўнік Клуба заўзятараў

– Гэты год, безумоўна, будзе вырашальным для трэнера і кіраўніцтва клуба. Ёсць меркаванне, што вынікі каманды ўплываюць на наведвальнасць заўзятараў. І для многіх гэта важна. Але я стаўлюся да тых, хто з камандай у хвіліны славы і ў хвіліны расчараванняў. Таму для мяне важна, каб «Нёман» паказваў відовішчны футбол, байцоўскі характар, не настройваўся на нічыю з фаварытамі і не абмяжоўваўся мінімальнымі перамогамі. Я за 3 забітых галы ў прайграным матчы, чым за 1 ачко ў нулявой нічыі. Толькі так можна разлічваць на развіццё клуба. У бязвізавы Гродна павінен вярнуцца еўрафутбол і гэтая галоўная задача на сезон.

Яўген Лебедзь, спартыўны аглядальнік “Вечернего Гродно”

– Я не чакаю ад гэтага сезона чагосьці звышневерегоднага. У клубе не адбылося нейкіх рэвалюцыйных змен, не з’явілася суперзорак. Я лічу, што склад гульцоў не стаў ні слабейшы, ні мацнейшы, таму ў гэтым сезоне каманда будзе змагацца за першую шасцёрку. Цікава будзе паглядзець на Алыкулава, астатніх мы больш-менш ведаем. Хочацца спадзявацца, што нехта з маладых вылучыцца і стане адкрыццём сезона.

Вітаўт Руднік, заўзятар са стажам, аўтар кніг пра футбол 

– Традыцыйна чакаю ад каманды лепшай гульні, чым была летась. Захаваліся ўсе лідэры, дадалося талковых навічкоў кшталту Еўдакімава, Пазняка. Мусілі засвоіцца ў чэмпіянаце Нджэнг і Атэменг, заінтрыгаваў у міжсезонне Алыкулаў. Да лета прыйдуць так патрэбныя грошы за Савіцкага. Іншая справа, што і канкурэнты ў барацьбе за 4-6 месцы (а гэта хіба што столь для Нёмана”) таксама узмацніліся. Тое ж “Тарпеда-БелАЗ”. Таму прагназую 6 месца.

Уладзімір Кульбіцкі, анлайн-аглядальнік “Прессбола”

– Традыцыйна ад кожнага новага сезону чакаеш нечага незвычайнага. І скажам так, пара б “Нёману” ўжо трохі і пашумець. Прычым пашумець не толькі на інфармацыйным полі з гісторыяй па Савіцкаму, але і на самым што ні ёсць сучаснасым. У апошнія гады склаўся стэрэатып, што “Нёман” – моцны серадняк, але без прэтэнзій на верхнія радкі турнірнай табліцы. Я лічу, што ў гродзенскай каманды ёсць усё, каб наблізіцца да тройкі. Астатняе залежыць ад саміх рабят і ад вельмі дасведчанага трэнерскага штаба. Калі абстрагавацца ад спраў гродзенскай каманды, галоўная інтрыга – хто зможа пасунуць БАТЭ? І тут, як мне здаецца, адназначнага адказу няма. А значыць нас чакае цікавы чэмпіянат.