Насця Бачкарова збіраецца адкрыць у цэнтры Гродна экакафе, каб гатаваць там стравы без цукру і глютэну, ствараць складаныя дэсерты для сыроедаў і веганаў, пячы нізкакаларыйныя торцікі. Пакуль эксперыментуе дома. Напрыклад, варыць шакалад, робіць з яго далікатныя кветкі, піша greenbelarus.info.
— Да 8 Сакавіка знішчаюць тысячы цюльпанаў, а мае можна ёсць без шкоды для прыроды і здароўя, — усміхаецца Насця. — Какава-алей, сухое какосавае малако — неабходная аснова ў такім шакаладзе, цукар замяняю эрытрытам, ружовы колер бутону надае парашок сублімаванай маліны, а пялёсткі зроблены з гарбаты матча і водарасцяў.
Амаль дзесяць гадоў Насця — вегетарыянка, з пераходамі да сыраядзення і веганства. Як практыкаваць здаровае харчаванне, дзе шукаць прадукты для экадэсертаў і чаму дачка параўноўвае лялькі з зямлёй, яна распавяла Зялёнаму парталу.
«Мару, каб у нас усё было сваё»
…Вялікая кватэра на ўскраіне Гродна ў новабудоўлі, у вокны з аднаго боку глядзіць велізарная школа, з другога — чыстае поле, у якое садзіцца сонца: «Закаты тут выдатныя».
На кухні замест шафак — панэлі, на іх Насця крэйдамі размалявала, дзе і што будзе. Па краях прымацаваныя белыя папяровыя прастакутнікі з рэцэптамі сырых маркоўных тартоў, какосавага печыва, жэлейных фруктовых цукерак, пірожных з зялёнай грэчкі. У гатовым выглядзе на старонцы ў інстаграм Насці яны падобныя на вытанчаны кулінарны сэт.
На стале ў банках — вобмешкі і начынне: сухія ружы, язмін, цёртая цэдра апельсіна, травы…
— Лаванда мая. Чытала, дзесьці ў Гомелі ёсць беларускі Праванс, вырошчваюць плантацыі лаванды, і я пасадзіла на дачы некалькі кустоў. Спадзяюся, будуць разрастацца. Пакуль інгрэдыенты для экадэсертаў купляю імпартныя па дзікім цэнах, але хацелася б знайсці пастаўшчыка з Беларусі, — кажа Наста. — Мару, каб у нас усё было сваё, мы шмат што можам вырошчваць самі.
Большасць патрэбных мне зялёных кампанентаў, нават калі іх выгадавалі тут, сыходзіць на экспарт. Пра ягады дакладна не ведаю, але пра насенне, пра гарох я пыталася ў буйнога вытворцы арганічнай прадукцыі, мне адказалі: «калі хочаце, бярыце, але ў асноўным адпраўляем у Расію». Напэўна, яны столькі ўклалі ў арганіку, што ў нас яна пакуль не акупляецца.
«Пакутую, калі ў горадзе трэба правесці цэлы дзень»
Насця ўдзельнічае ў беларуска-нямецкім праекце Good Impact_Hrodna па стварэнні сацыяльных прадпрыемстваў. Ідэя веганскага кафэ і невялікай крамачкі пры ім пасуе пад патрабаванні конкурсу і ўжо прайшла ў паўфінал пад брэндам Chocolate.moonsun. У якасці візітоўкі выбралі свой фірмовы веганскі шакалад, а «сонца» і «месяц» — гэта партнёрскія нікі: «Я нарадзілася пад знакам Месяца, а мой калега-партнёр пад знакам Сонца».
— Месца для кафэ павінна быць у цэнтры, напрыклад, на Вялікай Траецкае стаіць маленькі шыкоўны домік: на другім паверсе офіс дзяржаўнай кампаніі, а на першым памяшканне развальваецца. У мяне муж — каваль, робіць мэблю, дзверы, перагародкі - усё можа арганізаваць. Але пакуль уладальнікам будынка не хочацца нічога мяняць.
Насця ўпэўненая, у Гродне знойдуцца кліенты для кафэ такога фармату.
— Пакутую, калі трэба ў горадзе правесці ўвесь дзень: практычна няма дзе выпіць смузі або зялёны кактэйль, свежавыціснуты сок з фруктаў або гародніны, цяжка знайсці правільна прыгатаваную салату. Прыходзіцца насіць слоічкі з сабой. Мне не хочацца думаць, што нікому не патрэбна кропка, дзе можна купіць прысмакі, якія не страшна даваць і хворым, і здаровым дзецям. Але не толькі дзецям, не толькі прысмакі. Нават карысныя, яны больш на свята, гэта пястота. Звычайна я з задавальненнем гатую і іншую паўсядзённую ежу.
Для Насты гатаваць — гэта медытацыя. А з карыснай зялёнай грэчкі яна можа стварыць любую страву: ад катлетак да торціка.
Для пірожных і печыва пасуе рысавая мука і нават проса, толькі яго трэба папярэдне адварыць. Агар-агар замяняе жэлацін. З міндальнага малака Насця гатуе далікатнае жэле са сметанковым смакам. А маркоўныя дэсерты робіць з сырой морквы, грэцкіх арэхаў, фінікаў і аўсянай мукі, крэм — з пасты арэхаў кешью.
— Калі мы з дачкой Рымай ляжалі ў бальніцы (у дзяўчынкі рэдкае захворванне, звязанае з неабходнасцю пастаяннай нізкатлушчавай і нізкавугляводнай дыеты), даведалася статыстыку: у Гродне 5% дзяцей і 5,5% дарослых хварэюць дыябетам. Гэтыя дзеці пастаянна галодныя, не праходзіць пяці хвілін, каб яны не прасілі пячэньку або кавалачак сыру.
Яны ўвесь час думаюць пра ежу, і чым саладзей, тым больш трэба калоць інсуліну. Таму трэба шукаць стравы з нізкім глікемічны індэксам, каб ежа не ўздымала цукар у крыві. Калі Рыма стала падрастаць, стала бачыць, што іншыя ядуць і ёй таксама хочацца звыклых прысмакаў. Таму я вырашыла навучыцца замяняць шкодныя на карысныя.
Здаровае харчаванне — гэта рэальна
Насця распавяла, як арганізавана харчаванне ў яе сям'і.
— У нас дзень пачынаецца з лімоннай вадзіцы, каб аднавіць водны баланс, потым п’ем сок салеры, ён супрацьвірусны і падтрымлівае мікрафлору кішачніка. Праз некаторы час садавіна. На сняданак — аўсянка. Рыма гатовая аўсянку есці кожны дзень.
Перакусы: печанюшка, сушкі, садавіна, заўсёды на стале мандарыны і бананы. Рыма вельмі любіць «проста моркву, проста капусту».
На абед: суп веганскі, смятану даўным-даўно не выкарыстоўваем. Пасля сну робім кактэйль з зелянінай ў блэндары. На вячэру — крупы і вялікая міска салаты, або катлеткі з зялёнай грэчкі і салата.
«Больш купляем кніжак, чым цацак»
Прынцыпам ЗЛЖ ў сям'і стараюцца прытрымлівацца не толькі ў ежы. Раздзяляюць дома паперу і пластык.
Нават да цацак дачка ставіцца адказна.
— Рыма — разумніца, яна думае, што будзе з лялькамі потым. Заўсёды пытаецца, ці стануць яны калі-небудзь зямлёй. І калі не, часта адмаўляемся ад пакупкі. А калі дораць пластыкавыя цацкі, стараемся рамантаваць іх максімальна і не выкідваць. Стараемся замяняць пластыкавыя на драўляныя, у цэлым больш купляем кніжкі.
Рэцэпт Насці Бачкаровай: цюльпаны з шакаладу ручной работы
Растопліваюем алей какавы на пары да вадкага стану пры тэмпературы не вышэй за 42- 45 градусаў. Перамешваем, каб алей раўнамерна тапіўся і не пераграваўся.
Дадаем, пастаянна памешваючы, 25 грамаў пасты кешью.
Мелем у міксеры да кансістэнцыі цукровай пудры 25 грамаў эрытрыта з кукурузы (натуральны падсалоджвальнік, нізкакаларыйны).
Дадаем у міксер 60 грамаў сухога какосавага малака, 10 грамаў парашка сублімаванай маліны. Змешваем ў блэндары пару секунд і праз сіта прасейваем ва ўжо разагрэты алей какавы.
Узбіваем яшчэ раз. Пасля блэндара зноў пераліваем у міску і старанна перамешваем, пакуль тэмпература сумесі не стане 28 градусаў.
— У мяне, калі я раблю хатні шакалад, ён можа трошкі раставаць у руках. Але калі шакалад адтэмпераваны (вымешаны і астуджаны), ён не растае.
Пялёсткі цюльпанаў гатуем па тэхналогіі корпусных цукерак. Пераліваем сумесь у загадзя астуджаную ў маразільніку форму, затым перакульваем.
— Вось чаму важна, каб шакалад быў пэўнай шчыльнасці і вязкасці. Частка сумесі зліваецца, але дно формы запоўнена.
Зразаем нажом лішнее, дадаем сублімаваную малінку, і ставім «пялёсткі» у халадзільнік.
У халадзільніку пялёсткі павінны праляжаць па-добраму суткі. Потым іх склейваюць рэшткамі шакаладнай сумесі (награваюць папярэдне).
— Сцяблінкі купляю ў кандытарскай краме, а лісце раблю з гарбаты матча і спіруліны.