Гродзенскае шлюбнае агенцтва “Гіменей” працуе больш за 30 гадоў. У апошні час фірме давялося канкураваць не толькі з дадаткамі для знаёмстваў, але і з сусветнай геапалітыкай. Пасля пандэміі і закрыцця межаў замежныя мужчыны сталі радзей прыязджаць у Беларусь, а беларускі з-за складанасцяў з візамі — лятаць у Еўропу. Пры гэтым агенцтва да гэтага часу застаецца на плаву. Пра тое, як гэта магчыма, дырэктар «Гіменей» распавяла Onliner.by.

Патэлефанавала ў агенцтва, каб памірыцца з партнёрам

Беларуска Галіна і італьянец Лука пазнаёміліся дзякуючы паслугам агенцтва. Цяпер муж і жонка жывуць на поўначы Італіі, абодвум – за 50 гадоў. Па словах Галіны, сямейнае жыццё магло і не скласціся – прычынай сталі папугаі Лукі, якім ён надаваў больш увагі, чым ёй. І ў гэтым выпадку вырашыць канфлікт дапамаглі супрацоўнікі “Гіменея”.

“Накалоў рэшткі піцы на зубачыстку і заявіў: «Гэта табе, дзетка, а рамантыка – у кіно»”. Як у Гродне 30 гадоў працуе шлюбнае агенцтва
Галіна і Лука. Фота: Onliner.by

— Апошняй кропляй стаў выпадак, калі мы сабраліся ехаць на мора і Лука запусціў папугаяў у трэйлер. Ён не мог з імі развітацца! Я сабрала чамадан і з’ехала. Было вельмі крыўдна. На кампрамісы я не здольная: такі чалавек, толькі барацьба. У Гродне патэлефанавала ў агенцтва, мы доўга размаўлялі. Вырашылі: давай ужыем мастацтва маленькіх крокаў. У выніку я вярнулася, пачала вялікі рамонт у хаце. На другім паверсе мы абсталявалі для птушак асобны пакой, і праблема знікла. Цяпер Лука нават радзей ходзіць да сваіх папугаяў, – распавядае Галіна.

“Мы зарабляем на сустрэчах, за якія плацяць мужчыны”

Па словах дырэктара “Гіменея” Маі Чырковай, у апошнія гады ў агенцтва звяртаюцца еўрапейцы 35-50 гадоў. Гэта мужчыны з уласным бізнэсам, якія шукаюць жанчын узростам да 42 гадоў. У сваю чаргу сярод кліентак “Гіменея” – самадастатковыя жанчыны, якія зацікаўлены ў спадарожніках для сур’ёзных адносін.

“Накалоў рэшткі піцы на зубачыстку і заявіў: «Гэта табе, дзетка, а рамантыка – у кіно»”. Як у Гродне 30 гадоў працуе шлюбнае агенцтва
Дырэктар “Гіменея” Мая Чыркова. Фота: Onliner.by

Чыркова дадае, што так было не заўсёды. У нулявыя беларускі шукалі не каханне, а магчымасць выехаць са збяднелай краіны. Нярэдка здаралася, што партнёраў выбіралі ў паўтара-два разы старэйшых за сябе. Зараз жа 20-гадовыя дзяўчыны амаль не звяртаюцца ў агенцтва – з кожным годам колькасць іх анкет памяншаецца.

На працы агенцтва адбіліся і сучасныя трэнды. Каб канкураваць са шматлікімі сайтамі знаёмстваў і дадаткамі для сустрэч, супрацоўнікі «Гіменея» сталі арганізоўваць анлайн-спатканні.

Таксама беларускам стала больш складана лятаць у Еўропу з-за візавых абмежаванняў, а з пачаткам пандэміі замежнікі радзей наведваюць Беларусь. Таму зараз першая сустрэча-знаёмства патэнцыйных партнёраў праходзіць выключна ў анлайн фармаце.

— Мы зарабляем на сустрэчах і відэаачатах, за якія плацяць мужчыны, – дадае Чыркова.

Мужчына ў гістэрыцы тэлефанаваў у агенцтва – дзяўчына замкнула яго ў сваёй кватэры

Кажучы пра самыя неверагодныя гісторыі знаёмстваў, дырэктар агенцтва ўспамінае француза, які ўбачыў пашпартную фатаграфію адной з беларусак. Мужчына тут жа сказаў, што “гэта яго жанчына”.

“Накалоў рэшткі піцы на зубачыстку і заявіў: «Гэта табе, дзетка, а рамантыка – у кіно»”. Як у Гродне 30 гадоў працуе шлюбнае агенцтва
У офісе агенцтва. Фота: Onliner.by

Гісторыі з сумным фіналам таксама здараюцца. Каб пазбегнуць паўтарэння падобных сітуацый, мужчын заносяць ва ўмоўны “чорны спіс”.

— Быў выпадак, калі кліент накалоў рэшткі піцы на зубачыстку і заявіў: «Гэта табе, дзетка, а рамантыка – у кіно». Бывае, што мужчыны пачынаюць вельмі пільна сачыць за асабістым жыццём фаварытак і прад’яўляюць прэтэнзіі, хаця адносіны нават не пачаліся.

Вядома, мы не гаворым дакладна, маўляў, выключаем вас з падборкі, проста ставім такім мужчынам адмовы. Мы заўсёды на баку жанчын, хаця і яны бываюць розныя. Памятаю, адна закрыла свайго жаніха ў кватэры, ключ схавала і паехала на некалькі дзён у камандзіроўку. Ён патэлефанаваў нам у гістэрыцы. Прыйшлося вызваляць з міліцыяй. Ёсць усялякія гісторыі, але, дзякуй Богу, ніхто нікога не забіў, не прадаў у рабства, не было нейкіх крымінальных выпадкаў, – адзначае Чыркова.

За 30 гадоў працы больш за 800 вяселляў

Па словах дырэктара агенцтва, за ўвесь час працы ім удалося “давесці” людзей да больш чым 800 вяселляў. На дадзены момант у «Гіменеі» арганізуюць спатканні для дзесяці італьянцаў, пяці іспанцаў, амерыканца і аўстралійца. А ў картатэцы знаходзіцца больш за 100 жанчын.

Чытайце таксама: Беларусы распавялі, як былі ў адкрытых адносінах