Спадчына

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны

Ад аднаго з самых шчыльных раёнаў старога Гродна сёння засталіся толькі чатыры будынкі. Астатнія былі зруйнаваныя ў мірны пасляваенны час. Паглядзіце, як выглядала некалі гэтая частка горада.

Гродна — горад сінагог

Усе мы ведаем Гродна як горад барочных касцёлаў. Аднак мала хто сёння ведае, што да Другой сусветнай вайны Гродна было горадам… сінагог. У 1895 г. у горадзе налічвалася ажно 35 яўрэйскіх бажніц! Амаль што ўсе яны, акрамя вялікай харальнай і занёманскай сінагог, уяўлялі сабой малітоўні або малітоўныя школы. Часцей за ўсё пад гэтай назвай разумеліся асобныя будынкі або памяшканні, дзе яўрэі адпраўлялі агульныя малітвы. У горадзе былі асобныя малітоўні для асобных прафесій: кучараў, мяснікоў, вадавозаў, краўцоў, шкляроў, пільшчыкаў, падмайстраў і нават адстаўных салдат.

Яўрэі ў Гродне на працягу апошніх пяці стагоддзяў былі адной з самых шматлікіх этнічных груп. У 1897 г., згодна з матэрыяламі першага ўсеагульнага перапісу Расійскай імперыі, іх было 22 384 чалавекі - 47,7% ад агульнай колькасці жыхароў горада.

Школьны двор фарміраваўся паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. Фрагмент плана 1832 г
Квартал, дзе цягам стагоддзяў існавала найбольшая канцэнтрацыя яўрэйскага насельніцтва, называўся «Школьны двор». Тут знаходзілася адразу некалькі малітоўных дамоў, або «школ».
Плошча Школьны двор на плане 1860 г.

Раён частых пажараў

Яўрэйскі квартал пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай сінагогі. Да першай паловы 19 ст. гэта быў раён хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. З-за высокай шчыльнасці там часта здараліся пажары.

Найбольш моцны пажар адбыўся ў 1837 г.: згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў так і называлася — «Школьны двор». Затым, прыкладна з 1880-х, яе называлі «Рыбная плошча», а ў міжваенны час — «Мясны рынак». Тут было шмат драўляных крамак, дзе звычайна гандлявалі прадуктамі жывёльнага паходжання і хлебам.

Школьны двор на плане 1753 г. У цэнтры бачны мураваны будынак сінагогі, а ля яе — будучай школы Кляўз

Будаўнічы бум

Пасля з’яўлення плошчы горад працягваў цярпець ад пажараў, якія тут часта ўзнікалі. Прыкладам могуць быць вялікія пажары 1885 і 1899 гг. Пасля апошняга згарэла Вялікая харальная сінагога і амаль што ўсе малітоўні квартала. Як вынік, у пачатку 20 ст. гэты раён зведаў сапраўдны будаўнічы бум: замест драўляных будынкаў тут за некалькі гадоў з’явіліся дзясяткі камяніц.

Фотаздымак наступстваў пажара 1899 г. Па цэнтру мы бачым будынак сінагогі. Перад ім — школа Кляўз, з правага боку — школа Хасідаў, з левага — яўрэйская багадзельня.
Найбольш старажытным культавым будынкам яўрэяў у гэтым раёне з’яўляецца Вялікая харальная сінагога. Сучасны будынак паўстаў прыкладна ў пачатку 17 ст. і да канца 19 ст. заставаўся амаль нязменным. Пачатковы выгляд нам вядомы дзякуючы малюнкам Напалеона Орды.
Малюнак Напалеона Орды даліны Гараднічанкі. На пярэднім плане мы бачым грамадскую лазню. Уверсе злева бачна Вялікая харальная сінагога.
Пасля пажару 1899 г. сінагога была перабудавана, хутчэй за ўсё, паводле праекту землямера і таксатара М. Любіча. Яе выгляд з тых часоў заставаўся практычна нязменным.

[irp posts="93 798″ name="Кубачак кавы на Гварнай вуліцы: што рабіць з кварталам за сінагогай цяпер, калі ад дублёра Траецкай адмовіліся"]

Школы каля сінагогі

Сапраўдным сюрпрызам стала інфармацыя пра час узвядзення будынка па адрасе Вялікая Траецкая, 57. Згодна з дакументамі канца 19 ст., сучасны будынак з’явіўся ў 1781 г. Цалкам праўдападобна, што ён яшчэ старэйшы, бо на плане горада 1753 г. на гэтым месцы пазначана мураваная пабудова такой жа канфігурацыі. У 19 ст. у гэтым будынку, вядомым пад назвай «Бенсомедрэм-Агадэль», або «Кляўз» памяшчаліся тры малітоўныя школы: Хеўрэ-Цегілем, Кляўз і Хеўрэ-Мігіхает. Пасля пажару 1899 г. школа была перабудавана.

Малітоўная школа Кляўз. Абмерны рысунак 1892 г.

Сінагога. Злева ад яе — будынак школы Хеўрэ-Алшых, справа- Кляўз, за ёй — школа Хасідаў.
На некаторых фотаздымках к. 19 — пач. 20 ст. паміж Вялікай харальнай сінагогай і Гараднічанкай бачны будынак школы «Хеўра-Алшых». Яна паўстала ў 1901 г. на месцы згарэлай драўлянай. Яе спраектаваў землямер М. Любіч. Гэта быў аднапавярховы цагляны будынак, дэкор якога вельмі блізка паўтараў упрыгожванні з харальнай сінагогі. На завяршэнні фасада была вежачка, над якой віднелася шасціканцовая зорка Давіда. Нядаўна рабочыя падчас пракладкі камунікацый натыкнуліся на падмуркі гэтай пабудовы.
Школа Хеўрэ-Алшых. Праектны план 1900 г.
Насупраць паўночнага фасада харальнай сінагогі стаяў будынак школы хасідаў. Некалькі дзясяткаў метраў на поўнач на вуліцы Крывой над абрывам знаходзілася школа Хаядэм, адразу за ёй — школа мяснікоў. Мяснікі - распаўсюджаная прафесія ў горадзе. Тое, што іх малітоўная школа знаходзілася адразу ля рынка, дзе прадавалася мяса, падаецца вельмі заканамерным. На другім канцы вуліцы Крывой знаходзілася школа падмайстраў краўцоў, а амаль насупраць яе на вуліцы Школьнай жыдоўскай — школа адстаўных салдат.

Школа Хаядэм. Праектны план 1900 г.
Школа падмайстраў краўцоў на вул. Крывой. Абмерны рысунак 1884 г.
Школа для адстаўных салдат. Праектны план 1893 г.
Абмерны рысунак дома, які стаяў пасярод Рыбнай плошчы. Яўрэйская абшчына прасіла дазволу ў гарадскіх чыноўнікаў, каб адкрыць у ім малітоўную школу, аднак атрымала адказmore

Перажыў вайну, не перажыў міру

Квартал Школьнага двара працягваў забудоўвацца ў міжваенны час. У часы нямецка-фашысцкай акупацыі квартал апынуўся на тэрыторыі гета № 1, дзе на невялікай тэрыторыі з лістапада 1941 г. па сакавік 1943 г. утрымлівалі каля 15 000 чалавек. Большасць вязняў гета загінула ў лагерах смерці.

Малітоўныя школы Школьнага двара

Пасля вайны амаль што ўсе будынкі двара засталіся без гаспадароў. У 1950-х большасць дамоў і малітоўняў на тэрыторыі Школьнага двара захаваліся, але па невядомай прычыне цягам дзесяцігоддзя былі зруйнаваныя. Да нашага часу захаваліся толькі чатыры будынкі ад некалі густанаселенай часткі горада з багатай гісторыяй. Сёння паўстала пытанне аб рэнавацыі гэтага месца. Будзем спадзявацца, на мапе горада некалі адродзіцца яўрэйскі квартал, чые жыхары зрабілі велізарны ўнёсак у культурны і архітэктурны здабытак Гродна.

[irp posts="94 301″ name=" Ужо ёсць інвестары". Малады гродзенец распрацоўвае праект аднаўлення яўрэйскага квартала"]

Праекцыя плана горада 1951 г. на сучасным спадарожнікавым здымку. Чырвоным колерам пазначаны будынкі, якія не захаваліся да нашага часу.more
Аэрафотаздымак Гродна 1944 г. Бачна, што Школьны двор не пацярпеў у выніку падзей Другой сусветнай вайны. Чырвоным колерам пазначаны будынкі, якія захаваліся да нашага часуmore
Grodno. Polska do 1939. Dzis Bialorus.Widok z saolotu na miasto. 1915
Repr. T. Wisniewski / FORUM
Падзяліцца

Апошнія запісы

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024