Гродна стаў першым горадам, куды са сваёй камандай прыехаў прэтэндэнт у кандыдаты на выбарах прэзідэнта Беларусі Сяргей Чэрачэнь. 23 траўня ён зладзіў пікет па зборы подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры.

«Пачынаем з Гродна. Тут надвор’е добрае. Ды і наша каманда вырашыла ехаць у першую чаргу ў гэты горад, таму што тут у нас хапае прыхільнікаў і ёсць прадстаўніцтва партыйнай структуры», — кажа Чэрачэнь.

Хто такі Сяргей Чэрачэнь?

Нарадзіўся ў 1985 годзе ў Крычаве Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасці «Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацый», паралельна — у Інстытуце бізнес-тэхналогій «Атлант-М».

З 2016 года пачаў займацца грамадскай дзейнасцю. З 2018 года стаў старшынёй партыі «Грамада». Таксама з 2018 года Сяргей Чэрачэнь з’яўляецца дырэктарам ТАА «С58 Тэхноладжыз» — кампаніі, якая займаецца інвестыцыйнай і кансалтынгавай дзейнасцю.

"Прыйшоў час ЧЕ?» У Гродне Сяргей Чэрачэнь распавёў, з чым ідзе на выбары

З чым Сяргей Чэрачэнь ідзе на выбары?

Чэрачэнь прапануе беларусам стварыць новую краіну для жыцця і адкрыць яе для ўсяго свету. Стварыць умовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, а таксама вярнуць беларусам падтрымку і абарону дзяржавы.

«Я шмат падарожнічаў, часта праводжу перамовы з партнёрамі і аднадумцамі і бачу, як людзі жывуць у іншых краінах. А што ў нас? Сацыяльныя гарантыі мізэрныя, фінансавая несправядлівасьць і многае іншае, што неабходна мяняць і паляпшаць. Па працы я штодня сутыкаюся з мноствам пытанняў, якія трэба вырашаць. А колькі ў нас некампетэнтных людзей на кіруючых пасадах, некаторыя з іх ствараюць бачнасць працы. А бо так быць не павінна».

Ці гатовая Беларусь да пераменаў?

Сяргей Чэрачэнь уступае ў прэзідэнцкую кампанію з дэвізам: «Эвалюцыя улады — наш шлях развіцця дзяржавы». Толькі моцная эканоміка краіны з’яўляецца асновай сацыяльных гарантый і магчымасцяў.

«Беларусь гатовая да пераменаў, але нашы людзі цяпер у пэўнай апатыі. Беларусам трэба паказаць, што сёння ёсць калектывы і каманды, якія могуць узяць на сябе адказнасць за будучыя перамены. А яны хутка наступяць, я ў гэтым упэўнены. Мы жывем не ў ізаляцыі і людзі бачаць, як можна жыць насамрэч. Рана ці позна перамены наступяць, але каб яны былі не хаатычныя, а строга структураваныя, павінны быць людзі, якія павінны ўзяць на сябе адказнасць.

"Прыйшоў час ЧЕ?» У Гродне Сяргей Чэрачэнь распавёў, з чым ідзе на выбары

Канкурэнты на выбарах

Свае кандыдатуры на прэзідэнцкія выбары 2020 года вылучыла 15 чалавек.

«Я лічу, што сярод кандыдатаў ёсць годныя людзі, у якіх за плячыма пэўныя дасягненні. На мой погляд, сама кампанія будзе цікавая, таму што з’явіліся людзі, якія раней не былі звязаны з палітыкай, але яны ўсталі і расправiлi свае плечы і вырашылі паспрабаваць. Гэта добры паказчык для нашай краіны і паказчык таго, што змены ў нашай краіне хутка наступяць».


Чытайце таксама:

«Есть ли козырь в рукаве? Есть!» Валерий Цепкало говорил в Гродно о коронавирусе, фальсификациях и отношениях с Россией

«Если Лукашенко захватит власть на выборах, будет партизанская война». 9 убеждений блогера Тихановского

Кого ЦИК допустила к участию в выборах президента

Средства защиты и ставка на пикеты. Как претенденты в президенты будут собирать подписи во время пандемии