Людзі і справы

Закупы ў сэкандзе: новы від спорту ці шлях да зялёнай эканомікі?

Наташа знайшла ў кішэні купленых джынсаў купюру ў 20 еўра. Воля купіла фірмовы скураны кашалёк за смешныя грошы. Таня знайшла «абсалютна шалёную» сукенку за некалькі рублёў. Дзяўчаты расказалі «Цёці Іры», што паходы ў сэканд сталі для іх і іх сябровак нечым паміж спортам і паляваннем. Эканаміст і эколаг ставяцца да пытання інакш. Другое дыханне сэкандаў яны звязваюць з пытаннямі ўстойлівага развіцця і зялёнай шэрынг-эканомікі.

Сэканд ашчаджае грошы

«Усё пачыналася са спробаў эканоміць на ўсім, чым можна, — кажа Света. Дзеці былі малыя, адзення трэба шмат. Апрануць іх прыгожа і танна, ды яшчэ так, каб можна было змяніць забруджаныя рэчы некалькі разоў на дзень, было проста немагчыма». Тады і прыйшла думка зазірнуць у сэканд. Па словах дзяўчыны, спачатку было страшна сустрэць там знаёмых ці прызнацца некаму, што яна купляе «бэушныя» рэчы. Але пасля высветлілася, што амаль усе сяброўкі там закупаюцца. Высветліўшы, што «ўсе ледзі робяць гэта», Света стала наведваць сэканды рэгулярна.

Абутак на паліцы крамы сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

Дзеці таксама нармальна ставяцца да паходаў у гэтыя крамы. З веданнем справы скіроўваюцца да паліцаў з цацкамі і выбіраюць на свой густ. «Звычайна купіць цацку не каштуе дорага, а малым радасць. Зараз ужо няма такой пільнай неабходнасці эканоміць, — кажа Света, — але звычка наведваць сэканд засталася. Забягаю калі на прывоз, калі на зніжкі, цікаўлюся. Бывае, нешта кідаецца ў вочы і просіцца купіць».

Цацкі на паліцы крамы сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

Сэканд стварае канкурэнцыю легпраму

«У Беларусі апошнім часам заводзіліся нават крымінальныя справы на ўласнікаў сэкандаў. Часцей за ўсё гэта было звязана з недаплатай падаткаў, — расказала для „Цёці Іры“ эканамістка Анастасія Лузгіна. — У 2021 годзе была прынята пастанова, што ў такіх крамах нельга прадаваць новыя рэчы. Казалі, што гэта робіцца, каб навесці парадак у рынкавых стасунках і выключыць нясплату падаткаў. Насамрэч, пытанні да сэкандаў часцей узнікалі з боку вытворцаў адзення. Бо сэканды стварылі значную канкурэнцыю для беларускіх тавараў».

Крама адзення сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

Сэканд дае шанец на творчую рэалізацыю

Некаторыя рэчы знайсці ў крамах беларускіх вытворцаў проста немагчыма. З такімі праблемамі сутыкаюцца творчыя людзі - самадзейныя акторы, танцоры ці фатографы.

«Я часта хадзіла ў сэканды, па шмоткі для фотасесій, — дзеліцца досведам фатографка Лена. — Бо дзе яшчэ можна ў Гродне набыць касцюм у стылі БДСМ, капелюшы з пер’ямі ці мотакуртку? Брала што патанней, каб потым выкінуць, не шкадуючы».

Па словах Лены, часам заходзіла проста паглядзець, што новага прывезлі. Калі знаходзіла нейкую класную рэч, то пад яе дабудоўвала вобраз. «Аднойчы знайшла сукенку з паеткамі, сабрала касцюм у стылі дыскатэкі 80-х гадоў. Калі на вочы патрапіў карсет, прыдумала касцюм Чырвонай шапачкі пасля Апакаліпсісу. Ужо пад яго шукала скураныя ласіны і кашулю».

Адзенне ў краме сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

«Усялякія дробныя аксесуары, кшталту саламяных капялюшыкаў, пальчатак, камізэлек ці туфляў на 15-сантыметровых абцасах, якіх не маглі знайсці па знаёмых, куплялі ў сэкандзе».

Сэканд — гэта экалагічна

Жана ходзіць у сэканд рэдка, але «ідэйна». Яна шмат увагі надае экалагічнаму ладу жыцця. Таму карыстаецца рэчамі доўга. «Я ўвогуле рэдка купляю адзенне. Выбіраю нешта трывалае, што зручна насіць і лёгка даглядаць. Напрыклад, флісавай курткай карыстаюся ўжо пяты год. Бывае, дораць сяброўкі ці бацькі. Калі ж нечага нестае, то іду ў сэканд. Шчыра не разумею, як можна шматкроць пераплочваць за рэчы з новых калекцый ці асобных брэндаў».

Сукенкі на вітрыне ў краме сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

Пасля пераезду з Беларусі за мяжу Кацярына таксама карыстаецца сэкандамі: «Я прыехала з адным малюткім чамаданчыкам. Было незразумела, як доўга прыйдзецца тут заставацца. Таму ні цёплага адзення, ні бытавых рэчаў не мела. Кошты ў звычайных крамах пасля Беларусі падаваліся шалёнымі. Выручыў сэканд. Да гэтага часу, калі нешта патрабуецца, то найперш іду туды. Толькі як не знайду, то ўжо кіруюся ў супермаркет».

Посуд у краме сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

«З пункту гледжання экалагічна адказнага ладу жыцця, сэканды і шэрынг рэчаў (ежы, прыладаў, транспарту і г. д.) — найлепшы варыянт спажывання, — кажа Яніна Мельнікава, рэдактарка «Зялёнага партала». Бо такім чынам мы ашчаджаем прыродныя запасы, даем рэчам другое (трэцяе, чацвёртае…) жыццё і змяняем свае пакупніцкія звычкі на больш адказныя і ўдумлівыя. Сёння не складана стаць ахвяраю модных трэндаў і павесціся на хітрыкі мас-маркету. Калі мода змяняецца ў кожным сезоне, то нібыта варта за ёю гнацца, каб «ісці ў нагу з часам». Насамрэч, такім чынам мы толькі забіваем свае шафы рэчамі, якія могуць апранацца некалькі раз за сезон, а могуць так з цэтлікамі і ляжаць на паліцах.

Гэта тым больш прыкра, калі разумець, што, напрыклад, на вытворчасць чарговай пары джынсаў у гардэробе патрабуецца па розных ацэнках ад адной тысячы ажно да трох тысяч (!) літраў вады. Той самай, якой зараз не хапае ўжо не толькі ў далёкіх пустэльнях, але і ў еўрапейскіх гарадах.

Таму сэканды сёння — гэта не толькі пра эканомію сродкаў, але і пра адказнае стаўленне да планеты. Гэта магчымасць трохі знізіць нагрузку на Зямлю і даць ёй час на аднаўленне".

Вітрына з сумкамі ў краме сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

Еўропу сэканды не палохаюць

Змены ў беларускім заканадаўстве і не спрыяюць развіццю сэкандаў, і змагаюцца з імі, як з канкурэнтамі. У суседяў сітуацыя іншая, кажа Анастасія Лузгіна. «У шматлікіх еўрапейскіх краінах у крамах сэкандхэнд прадаюць не толькі адзенне, але і бытавую тэхніку, тавары для дома, нават мэблю. Напрыклад, у Польшчы колькасць сэкандхэнд-крамаў каля 14 000. Для параўнання, у Беларусі на 2022 год зарэгістравана каля 1 500».

Матэрыялы для вязання ў краме сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»

Меркаваннем эканамісткі, стаўленне да сэкандаў змянілася з цягам часу. Раней туды хадзілі ў асноўным малазабяспечаныя людзі, каб купіць танныя рэчы. Другое дыханне сэкандаў звязана з пытаннямі экалогіі і ўстойлівага развіцця, і гэта пазітыўна ўспрымаецца ўладамі.

Сэканды — прыкмета новай эканомікі

«Сучасныя сэканды — гэта пра зялёную эканоміку. У нас з такога пункта гледжанне гэта пытанне не разглядаецца».

І спецыялісты, і вытворцы, і спажыўцы зараз сыходзяцца на думцы, што пытанні разумнага спажывання не менш важныя за атрыманне прыбыткаў. Многія брэнды даюць зніжкі, калі пры пакупцы новых рэчаў людзі здаюць старое адзенне на перапрацоўку. Існуе цэлая індустрыя стокавых крамаў, дзе з вялікімі зніжкамі прадаюцца новыя рэчы з калекцый мінулых гадоў.

«Гэта модна, прыцягвае пакупнікоў і мае важнасць для ўсіх, — тлумачыць Анастасія Лузгіна. — Змены клімату Беларусь ужо адчувае на сабе. Але тут думаюць пакуль не пра глабальныя праблемы, а пра папаўненне бюджэту і канкурэнцыю з дзяржаўнымі вытворцамі».

Лялькі ў краме сэкандхэнд. Фота: «Цёця Іра»
Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024