Людзі і справы

Прынцыпы 90-гадовага філолага Паўла Сцяцко, гродзенца, які змагаецца з русіфікацыяй нашай мовы

5 сакавіка 90-гадовы юбілей адзначае доктар філялягічных навук, прафэсар Павал Сьцяцко. У ягоным навуковым здабытку больш за 600 апублікаваных мовазнаўчых прац, у тым ліку тры дзясяткі кніг, піша «Радыё С**бода».

Некалькі апошніх гадоў прафэсар цяжка хварэе, нядаўна яму зрабілі складаную апэрацыю. Цяпер ён знаходзіцца ў аддзяленьні сястрынскага догляду пры лякарні аграгарадка Азёры пад Гроднам. Стан ягонага здароўя не дазволіў пагутарыць з навукоўцам. Але С**бода сабрала самае цікавае з ранейшых публікацый пра выдатнага філёляга.

Сталін сапсаваў дзень народзінаў

Паўлу Сьцяцко было 23 гады, калі памёр «правадыр усіх народаў» Ёсіф Сталін. Гэта быў адзіны раз, калі ягоны дзень нараджэньня быў безнадзейна сапсаваны. І калі аднакурсьнікі не шкадавалі сьлёз, сам ён толькі пасьмейваўся.

«Я запомніў, як рэагавалі на сьмерць Сталіна студэнты-выпускнікі — я тады заканчваў Гродзенскі пэдынстытут. Яны, выхаваныя на сталінізьме, асабліва дзяўчаты, плакалі. І калі я маўчаў, не рэагаваў выразна, дык яны абурыліся на мяне, амаль ворагам лічылі. Ну я трохі прыціх, пасьмяяўся, нагадаў, што гэты дзень для мяне найбольш важны тым, што я заканчваю пэдынстытут, атрымліваю адукацыю. Ну і на гэтым закончылася», — расказваў Павал Сьцяцко.

Выхоўваў у студэнтаў патрыятызм

Асабістай драмай для навукоўца стала сытуацыя зь беларускамоўным навучаньнем у галоўнай ВНУ Гродна, якое паступова зьнікае. Успамінаў, што ў 1990-я, калі ён кіраваў катэдрай беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы, на філялягічны факультэт набіралі да 200 студэнтаў. Цяпер жа хапае сілаў толькі на адну групу з 25 чалавек.

«Незапатрабаваны сам прадмет; як і носьбіты мовы, скарачаюцца нагрузкі выкладчыкаў, — наракаў ён. — У дадзеным выпадку гэта пытаньні палітыкі, а я заўсёды лічыў сябе навукоўцам. Я выхоўваў студэнтаў сваёй дысцыплінай, паказваў адметнасьць беларускай нацыі, яе мэнтальнасьць, мову і культуру, і гэтым выхоўваў сапраўдных патрыётаў. Гэта ня нейкія гучныя словы, каб папросту зьвярнуць на сябе ўвагу: недарэмна беларуская занесена ў лік моваў, якія стаяць на мяжы выміраньня».

Працаваў да 86 гадоў

Актыўнай дасьледчай і выкладчыцкай дзейнасьцю Павал Сьцяцко займаўся да 86 гадоў. Але 28 чэрвеня 2016-га камісія Міністэрства адукацыі зрабіла заўвагу адміністрацыі ўнівэрсытэту, што тая нібыта прымушае старога чалавека выходзіць на працу. У выніку рэктар не працягнуў кантракту.

«Я стаўлюся да гэтага дваяка, — гаварыў ён адразу пасьля фактычнага звальненьня. — З аднаго боку, цяпер студэнты слаба працуюць, сьпісваюць навуковыя працы з інтэрнэту, і для мяне гэта было цяжкавата ўсьведамляць. З другога боку, я цалкам яшчэ быў працаздольны, бо мае бацькі-даўгавечнікі пакінулі мне моцныя гены. Мог бы працаваць далей, але што зробіш, калі быў такі загад».

Змагаецца з русыфікацыяй мовы

Сваю «слоўнікавую спэцыялізацыю», над якой асобныя кпілі за «несурʼёзнасьць», Павал Сьцяцко, наадварот, лічыў справай першачарговай важнасьці. Нават папярэджваў: акадэмічныя слоўнікі савецкага пэрыяду настолькі зрусыфікаваныя, што карыстацца імі трэба абачліва.

«Той факт, што яны зрусыфікаваныя, бясспрэчны. Рабілася з адной мэтай: растварыць нашу мову ў расейскай. У перакладных слоўніках на першае месца ставілася слова расейскае. Такім чынам, і з правага боку расейскае, і зь левага эквівалент беларускі. Хоць ніякім эквівалентам яно не было. Моўная палітыка была скіраваная на тое, каб як найхутчэй наблізіць беларускую мову да расейскай. Таму слоўнікі савецкага пэрыяду выконвалі ідэалягічную задачу», — паўтараў адмысловец.

Спрачаўся з Кандратам Крапівою

На перакананьне Паўла Сьцяцко, у свой час шмат карысьці для разьвіцьця беларускай мовы мог зрабіць Кандрат Крапіва — ня толькі як вядомы байкапісец, але і дырэктар Інстытуту мовазнаўства, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук. Але паколькі па сваёй прыродзе быў чалавекам баязьлівым, то проста выконваў загады зьверху, якія дыктаваў ЦК КПБ. Таму ўсе слоўнікі, якія выходзілі пад ягонай рэдакцыяй, мелі налёт савецкага ідэалягізму, — адзначаў навуковец.

«У 1972 годзе праходзіла канфэрэнцыя па нармалізацыі беларускай мовы. На ёй Крапіва рабіў асноўны даклад, дзе заклікаў больш карыстацца моваю зрэдагаваных ім слоўнікаў. Я быў удзельнікам і проста з трыбуны задаў пытаньне: „Кандрат Кандратавіч, дык няўжо вы лічыце ўсіх народных пісьменьнікаў Беларусі непісьменнымі, якія ня ведаюць сваёй мовы?“ Ён толькі крыва пасьміхнуўся. А я тады выступіў з дакладам, у якім раскрытыкаваў усе тыя памкненьні, скіраваныя на ліквідацыю каранёў беларускай мовы і набліжэньне яе да расейскай».

Моўная аўтаномія ад дзяржавы

На перакананьне Паўла Сьцяцко, мова — зьява, якая павінна стаяць па-над палітыкай. Аднак у беларускіх рэаліях гэтага няма. Нават існуе выраз, які немагчыма пачуць дзесьці яшчэ: «дзяржаўная моўная палітыка». Гэта азначае, што дзяржава/палітыка наўпрост дыктуе ўмовы адной з асноўных рысаў нацыянальнай ідэнтычнасьці. Такое адбываецца толькі ў краінах зь невысокай дзяржаўнай адказнасьцю.

«Мова павінна разьвівацца паводле сваіх уласных законаў, — канстатаваў Павал Сьцяцко. — І законы гэтыя мусяць вызначацца спэцыялістамі. У заходніх краінах мова мае сваю аўтаномію. І палітыкі ня ўмешваюцца ў яе жыцьцё, толькі навукоўцы. Яны друкуюць свае прапановы дзеля ўдасканаленьня мовы, і гэтыя прапановы прымаюцца. У нас жа ўсё абавязкова мусіла зацьвярджацца ЦК КПСС, Саветам Міністраў і г. д. І гэта да дабра не вяло. Дзяржава не павінна дыктаваць сваю волю мове. Няма патрэбы зацьвярджаць зьмены ў правапісе ўрадавай пастановай».

Галоўны прынцып прафэсара

Сваю галоўную мэту служэньня прафэсіі Павал Сьцяцко акрэсьліваў надзвычай ляканічна — вярнуць мове яе нацыянальныя рысы. Цягам усяго жыцьця ён застаецца пасьлядоўным абаронцам і прапагандыстам роднай мовы, ролю якой заўсёды ставіў на самыя высокія пазыцыі.

«Пакуль усё кіраўніцтва не загаворыць па-беларуску і ўсе школы, ВНУ ня стануць карыстацца беларускай мовай, справаводзтва ня будзе весьціся на мове тытульнай нацыі, то зрухі ў гэтым кірунку будуць вельмі марудныя, і наўрад ці мы дачакаемся таго, каб не адчуваць небясьпекі зьнікненьня мовы», — некалькі гадоў таму гаварыў адмысловец у размове з карэспандэнтам С**боды.

Павал Сьцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёну. Скончыў літаратурны факультэт, аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры Гродзенскага пэдагагічнага інстытуту. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму лексыкі гаворак Зэльвенскага раёну.

Выкладаў у Менскім пэдагагічным інстытуце на катэдры беларускай мовы. Загадваў катэдрай расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пазьней зноў працаваў у Гродзенскім дзяржаўным унівэрсытэце, на катэдры польскай філялёгіі, зь ліпеня 1990 году ўзначаліў катэдру беларускай культуры.

Удзельнічаў у стварэньні першага ў Беларусі факультэту беларускай філялёгіі і культуры, пазьней узначаліў катэдру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.

Аўтар звыш 600 кніг і навуковых артыкулаў, манаграфій «Антрапонімы Беларусі», «Слоўнік прозьвішчаў Гарадзеншчыны». У ягоным даробку ўнікальны «Дзярэчынскі слоўнік», прысьвечаны гаворцы аднайменнага мястэчка на Зэльвеншчыне.

Падзяліцца
Меткі: мова

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024