Людзі і справы

Сайты райвыканкамаў Гродзенскай вобласці запрацуюць па-беларуску

На працягу першага паўгоддзя 2017 года сайты райвыканкамаў Гродзенскай вобласці займеюць беларускамоўную версію. Таксама будзе версія для людзей, якія слаба бачаць. Магчыма, будуць версіі па-польску, па-англійску і па-літоўску.

Адсутнасць моўных версій — парушэнне закону

Аляксандра Васілевіч, старшыня гродзенскай абласной арганізацыі АГП, звярнулася да райвыканкамаў з пытаннем, чаму іх сайты не маюць беларускамоўнай версіі і пэўных важных пазіцый.

— Гэта парушэнне закону, — кажа Аляксандра, юрыст па адукацыі. — Існуе указ прэзідэнта і пастанова Савета Міністраў, дзе выразна прапісана ўсё, што павінна быць на сайтах дзяржаўных органаў. Уключаючы вядзенне сайтаў на дзяржаўных мовах. Не на адной з моў, а менавіта на дзвюх дзяржаўных мовах.

Аляксандра Васілевіч. Фота: Алена Кавальчук
Паводле Аляксандры, версія для людзей, якія дрэнна бачаць, таксама важная. І ім праз сайты адшукаць інфармацыю прасцей, чым праз асабісты прыём. Англамоўная версія будзе карыснай пры цяперашнім курсе на інвестыцыі і прыцягненне замежных турыстаў. Таксама варта мець версіі на мовах краін-суседак і на базавых еўрапейскіх мовах: англійскай, французскай, нямецкай. Усе версіі павінны быць актуальнымі. Прынамсі інфармацыя для турыстаў павінна дублявацца.

Сайт гар- і аблвыканкама — першыя ў рэйтынгу, раённыя сайты — у самым канцы

Пры складанні зваротаў Аляксандра карысталася вынікамі маніторынгу, які правёў Цэнтра прававой трансфармацыи «Law Trend» у канцы 2015 года.

— Па рэйтынгу «Law Trend» у нас лепшы аблвыканкам і другі па краіне гарвыканкам. Але райвыканкамы Гродзенскай вобласці - першыя «з канца», — кажа Аляксандра. — Часам адкрываеш, а там вісіць толькі партрэт кіраўніка і прывітальнае слова.

У райвыканкамах, акрамя беларускамоўнай версіі, адсутнічае яшчэ каля важных 15 пазіцый. Напрыклад, няма электроннай пошты райвыканкама, гадзін прыёма, узораў дакументаў, апісання іх дзейнасці і дакументаў, якімі яна рэгламентуецца. Аляксандра пачала з адсутнасці беларускамоўнай версіі, пазней яна накіруе звароты і пра іншыя хібы.

Сайты выправяць у 2017 годзе

Пакуль Аляксандры адказалі 14 адміністрацый вобласці з 18. Абяцаюць выправіць сайты ў першай палове 2017 года. Дарэчы, сайты аблвыканкама і гарвыканкама абяцалі мадэрнізаваць і дадаць актуальную інфармацыю да Новага году.

Аляксандр Вярсоцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама паведаміў, што ўжо падпісана дамова з БелТА на прывядзенне ўсіх сайтаў райвыканкамаў у адпаведнасць з Пастановай Саўміна № 645 па інфарматыўнасці, наяўнасці абодвух дзяржаўных моваў і версіі для людзей, якія слаба бачаць. Пры наяўнасці спецыялістаў і рэсурсаў з’явяцца і версіі на іншых мовах.

Аляксандр Вярсоцкі (злева) атрымлівае медаль «70 год вызвалення Беларусі». Фота: Ян Лялевіч
Аляксандра Васілевіч падавала запыты ад партыі. У некаторых раёнах той жа тэкст накіроўвалі ад фізічных асоб. Цікава, што фізічным асобам адказваюць больш абцякальна, расплывіста і «не ў тэму».

— Мне хаця б спрабавалі спасылкі на закон праставіць. А ў Астравецкім раёне на пытанне «Чаму вы парушаеце закон і калі гэта зменіцца» адказвалі «Мы абмяркоўваем пытанне павелічэння фінансавання для паляпшэння кіравання сайтам». Спыталі пра адно, а адказалі нам пра іншае. З адказу можна зразумець, што сайтам зараз ніхто не кіруе, а гэта зноў парушэнне закона, — кажа Васілевіч.

Актуальная інфармацыя на сайтах спрасціць жыццё грамадзян

— Важныя пытанні павінны быць на сайце. Напрыклад, калі трэба заплаціць дзяржпошліну, каб не ісці на сайт райвыканкама, глядзець, хто за гэта адказвае, потым ісці на сайт падатковай, глядзець, колькі гэта каштуе, а потым прыходзіць у банк і прасіць разліковы рахунак. Інфармацыя павінна быць сабрана ў адным месцы, каб чалавеку было зручна яе знаходзіць, — кажа Аляксандра.

Версія для людзей, якія дрэнна бачаць, дапаможа паўнавартасна карыстацца сайтамі. А калі з’явіцца версія на беларускай мове, правы беларускамоўных людзей перастануць парушацца і ў грамадзян з’явіцца права выбару. Да таго ж, упэўнена Аляксандра, гэта яшчэ адзін крок да папулярызацыі беларускай мовы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025