Леаніду 32 гады. Больш за 15 гадоў ён жыве з адной нагой. Нягледзячы на страту, жыццё ў гродзенца амаль такое ж як і ў многіх іншых: праца, сям’я, дом. Як Леанід перажыў цяжкасці і паверыў у свае сілы? Ён расказаў пра гэта Hrodna.life.
У дзяцінстве Леанід быў актыўным вясковым дзіцём, усім цікавіўся, любіў катацца на ровары. Але ў 15 гадоў у хлапчука лекары выявілі рак косткі - прыйшлося ампутаваць нагу. Натуральна, гэта стала сур’ёзнай стратай для падлетка.
«Першы час было вельмі цяжка, нязвыкла і нязручна, як і зараз, у прынцыпе. Было цяжка фізічна, але хадзіць неяк трэба было і я абвыкаў, — распавядае Леанід. — Граў на акардэоне, навучыўся хадзіць на мыліцах. Потым прыехаў з роднага Сапоцкіна ў Гродна вучыцца на арганіста. Спачатку вучыўся і граў у касцёле на Вiшняўцы, а пасля з’явілася вакансія ў Фарным. Мяне ўзялі, нягледзячы на тое, што было яшчэ некалькі сур’ёзных кандыдатур».Праца арганістам у галоўным касцёле горада Леаніду вельмі падабаецца. Ужо восем гадоў ён кожны дзень прыходзіць туды з добрым настроем і з такім жа сыходзіць дадому.
На мыліцах па лесвіцах, на ровары па вуліцах
Адзін час мужчына спрабаваў асвоіць пратэз, але з ім яму было вельмі нязручна — расціраў скуру да крыві. А хадзіць на працу трэба было кожны дзень. Леанід зноў стаў на мыліцы і навучыўся хутка на іх перасоўвацца. Ды не толькі па вуліцах, але і па лесвіцах.
Яшчэ нядаўна арганісту трэба было каля 20 хвілін, каб дабрацца на мыліцах з дома на вуліцы 17 Верасня да Фарнага касцёла. Цяпер Леанід можа дабрацца на працу за 10 хвілін ці хутчэй. Усё гэта дзякуючы ровару, які яму падаравалі.
«Нічога цяжкага тут няма. Уся хітрасць у тым, каб знайсці спосаб паехаць — зрабіць ровар кіраваным адной нагой. У маім выпадку даводзілася падымаць педаль самастойна ўверх. Робіцца гэта за кошт пяцелькi і грузіка. Я кручу педаль адной нагой і еду».
«Людзі дзівяцца, але я не звяртаю ўвагі»
Ровар Леаніду падарыла жонка на дзень нараджэння. Падарунку ён быў вельмі рады, бо апошнім часам і сам задумваўся пра такую пакупку.
«Калі праз доўгі час я зноў сеў на ровар, то быў моцна здзіўлены: як гэта я столькі гадоў абыходзіўся без яго? Людзі на вуліцах дзівяцца, калі бачаць мяне на ровары, але я не звяртаю на гэта ўвагі. Я ніколі не саромеўся сябе. Вядома, іншы раз я бачу сябе ў вітрынах і ўсё выглядае неэстэтычна і непрыгожа. Але гэта не галоўнае. Галоўнае, што мне лёгка перасоўвацца. Саромецца не варта ні ў якім выпадку, таму што сэнсу ў гэтым няма. Хавацца ад людзей з-за сораму ці з-за таго, што хтосьці пальцам будзем паказваць — гэта няправільна. Нягледзячы на цяжкасці, трэба працягваць жыць, бо жывем адзін раз».
Хоча навучыцца праграмаваць
Дзякуючы ровару ў Леаніда з’явілася больш вольнага часу, якi ён з радасцю праводзіць са сваёй сям’ёй. У бліжэйшы час арганіст плануе асвоіць і праграмаванне.
«Яшчэ ў школьныя гады я „захварэў“ камп’ютарамі, марыў стаць праграмістам або якім-небудзь навукоўцам. Але ў пачатку 2000-х камп’ютары былі дарагім задавальненнем. Вучыцца трэба было ехаць у Гродна, а я тады быў малады і без нагі - можна сказаць паленаваўся паехаць. Цяпер буду наганяць упушчанае самастойна, бо веды сталі нашмат больш даступнымі».