Жыхар Багушэўска пакутаваў ад п’янства. Доўгі час ён назіраў за ініцыятыўнай групай па здаровым ладзе жыцця, адна з мэт якой — адмова ад курэння і алкаголю. Патроху ён пачаў удзельнічаць у іх акцыях, а потым папрасіў: «Дапамажыце кінуць піць!» Крок за крокам ён пачаў жыццё без алкаголю — з лютага не п’е, удзельнічае ў велаакцыях, да групы далучылася яго сям’я, перастала піць жонка.
Каб падзяліцца досведам па распаўсюджванню ідэй здаровага ладу жыцця і рэалізацыі міні-праектаў для сваіх мясцовасцей шэсць ініцыятыўных груп Беларускага Чырвонага Крыжа сабраліся 18 лістапада на сустрэчы ў Гродне.
Катаюцца на роварах, ходзяць па-скандынаўску, размалёўваюць камяні
На сустрэчы ў сяброўскай атмасферы кожная з шасці груп расказала пра свае дасягненні.
Там, дзе працуюць групы, ёсць мажлівасці заняцца фізічнай актыўнасцю бясплатна ці вельмі танна. Напрыклад, у Паўлаўскім сельсавеце ініцыятыўная група арандуе ў школы фітнес-залу, куды кожны можа хадзіць каб заняцца спортам. Жыхары сельсавета займаюцца скандынаўскай хадзьбой, у школах ладзяць спартландыі.У Жыровічах ад цэнтру да ўскраіны ідзе крыніца і да яе ёсць асфальтаваная дарога. Але можна прайсці і ў абход праз паркавыя і жылыя зоны — праз «сцежкі здароўя», дзе можна шпацыраваць і дыхаць свежым паветрам. Ініцыятыўная група набыла ровары і байдаркі, у планах зрабіць лазню і ды намаляваць на камянях лозунгі: «Не курэнню!» і «Не алкаголю!»Госці з Жупран расказалі, як аднавілі стадыён: там цяпер пляцоўка для гульняў з ценявым навесам для дзяцей і спартыўная пляцоўка для дарослых. У Ашмянах ладзяць акцыі і трэнінгі, напрыклад «Даведайся свой узровень цукру ў крыві».
Не толькі спорт
Адна з мэт ініцыятыўных груп — прыцягнуць увагу людзей рознага ўзросту. Па словах прадстаўнікоў рэгіёнаў, людзі прыходзяць да здаровага ладу жыцця ў кожным уросце: ад 6−7-гадовых дзякуй да сталых людзей, якім пад 90 гадоў. Некаторыя ініцыятывы лепш прасоўваць з дапамогай дзяцей, якія цікавяцца, а потым уцягваюць і дарослых.Але спорт гэта не яшчэ не ўсе. Прадстаўнічка Ашмян расказала, што яны таксама прапагандуюць правільнае харчаванне. На базе Центра дзяцей і моладзі ў іх адкрыўся пакой правільнага харчавання са спецыяльным абсталяваннем, кухонным інвентаром і мэбляй. Там часта праходзяць майстар-класы па прыгатаванню карыснай ежы. У склад страваў уваходзяць: гародніна, садавіна, нятлустыя малочныя вырабы, цвёрдыя сыры, мюслі, вотруб’е, крупы, арэхі, ягады, фасоля, гарох, мяса рыбы і птушкі, кунжут, нерафінаванае масла, розныя прыправы. Спачатку думалі, што людзей будзе няшмат і ладзілі майстар-класы раз на тыдзень. Але людзям стала цікава, даводзіцца арганізоўваюць часцей. Заняткі праходзяць у розных узроставых групах: ад 10-гадовых дзяцей да іх бабуль і дзядуль. Таксама праходзяць кулінарныя конкурсы паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі.
Праект для малых гарадоў
Праект «Далучэнне супольнасцяў да прасоўвання здаровага ладу жыцця» рэалізуецца ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей з 2014 года. Яго падтрымліваюць Швейцарскі Чырвоны Крыж і Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
За гэты час створаны 14 ініцыятыўных валанцёрскіх груп, у якіх удзельнічаюць 254 чалавекі ва ўзросце ад 9 да 85 гадоў. З іх шэсць груп у Гродзенскай вобласці. Удзельнікі гурткоў - актыўныя людзі, захопленыя здаровым ладам жыцця і гатовыя дапамагчы іншым змяніць сваё стаўленне да здароўя. Яны прайшлі спецыяльнае навучанне па пытаннях ЗЛЖ і актыўнай працы з супольнасцямі. Групы ствараюць умовы для здаровага ладу жыцця ў сваіх мясцовасцях, праводзяць тэматычныя мерапрыемствы — сустрэчы, круглыя сталы, конкурсы, майстар-класы, заняткі, акцыі.
А што ў Гродне?
Старшыня Гродзенскай раённай арганізацыі Чырвонага крыжа Алена Паўленковіч кажа:
«Гродна не ўваходзіць у пілотныя рэгіёны. Тут усё болей скаладана, бо ў вялікім горадзе людзі жывуць больш раз’яднана. У маленькім населеным пункце болей цесныя суполкі. Самыя моцныя ініцыятывы — у маленькіх гарадах»
Гродна як рэгіянальны цэнтр мае вельмі шмат магчымасцей па развіцці здаровага ладу жыцця, але людзі маюць вельмі шмат спраў і мала вольнага часу.
Ідэю ЗЛЖ падтрымліваюць мясцовыя лідары
Ідэю здаровага ладу жыцця ў маленькіх мястэчках падтрымліваюць мясцовыя лідары і згуртаваныя прыхільнікі. Разам са здароўем людзям прывіваюць паняцці міласэрнасці, узаемадапамогі, сяброўства, веры ў сябе. У гуртках па інтарэсах людзі могуць расказаць пра сябе і пацікавіцца жыццём іншых. Працуюць «жаночыя комнаты», дзе жанчыны займаюцца рукадзеллем, да іх прыязджаюць прафесіяналы з Мінску, напрыклад кухары, псіхолагі. У карэкцыйных цэнтрах, куды ходзяць людзі з інваліднасцю, школьнікі могуць пагуляць з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці. То бок, здаровы лад жыцця гэта не толькі спорту і адмова ад алкаголю ды курэння, але і самавыхаванне.