Цукеркі ручной работы і гарачы шакалад ад знакамітай кандытарскай фабрыкі з 13 лютага можна пакаштаваць у шакаладным бары ў цэнтры Гродна. Апроч шакаладу наведвальнікам прапануюць каву, гарбату, марозіва і выпечку.
Што па чым
Каб набыць выбраныя смакоткі, трэба заняць чаргу да прылаўка. Нельга сказаць, што чэргі доўгія, але пастаяць давядзецца каля 5-7 хвілін. Цукеркі ручной работы прадаюцца на вагу, а наведвальнікі звычайна хочуць пакаштаваць некалькі гатункаў.

Таму прадавачкам прыходзіцца ўзважваць практычна кожную цукерку. Да таго ж, гродзенцы пакуль не ведаюць, чаго чакаць ад кожнага віда цукерак, і распытваюць пра іх смакі. Персанал ставіцца з разуменнем, прадавачкі ахвотна распавядаюць пра ўласцівасці цукерак. Кошт адной складае прыкладна 0,5-1 рубель.
На падарункі ахвотна набываюць шакаладныя фігуркі – вожык ці мышка вагой каля 100 грам абыходзіцца прыкладна ў 2 рублі.


Сярэдні чэк на аднаго наведвальніка складае 5-7 рублёў. Калі бяруць нешта з сабой, то плацяць 12-15 .
Гарачы шакалад гэта не напой, а ежа
Практычна кожны з наведвальнікаў бара замаўляе гарачы шакалад. З прапанаваных малочнага і горкага перавагу часцей аддаюць другому. Кошт кубка шакаладу незалежна ад гатунка – 2,2 рублі.

Шакалад вельмі смачны і настолькі густы, што пастаўленая вертыкальна лыжка пару секунд застаецца стаяць. Справіцца з 70 грамовай порцыяй з непрывычкі не так проста. Мая выпадковая суседка па століку мусіла, з’еўшы палову порцыі, замовіць шклянку вады, каб справіцца з другой паловай.
Напоі
Напояў шмат – пакетаваныя сокі, каля дзясятка відаў гарбаты, увесь стандартны набор кавы, што гатуецца ў кава-машыне. Ёсць у меню і кактэйль – такі, як мне асабіста помніцца з даўніх часоў. У шклянку сока для яго прыгатавання дадаюць шарык марозіва.

Кошты напояў у шакаладным бары прыкладна такія ж, як у іншых месцах горада. Філіжанка кавы абыдзецца ў сярэднім каля 2 рублёў, на гарбату ці кактэйль хопіць 1,5.
Выпечка і марозіва
Неабходныя ў любой кавярні выпечка і марозіва ёсць і тут. Праўда, гэта ўжо вырабы не “Камунаркі”, а мясцовых вытворцаў. Марозіва пастаўляе “Молочный мир”, пірожныя – “Гроднахлебпрам”, а торты прывозяць з Парэчча.

Атмасфера
У бары няма самаабслугоўвання. Калі наведвальнікаў шмат, прыдзецца пачакаць, пакуль скарыстаны посуд прыбяруць са століка. Ці – смакаваць слодычы побач з чужымі пустымі кубкамі. Засяродзіцца на сваіх думках і правесці нейкі час у цішыні таксама можа не атрымацца. Праз памяшканне бара ўвесь час праходзяць наведвальнікі крамы, што знаходзіцца ў суседнім памяшканні.
Да часовых недапрацовак можна аднесці адсутнасць фірмовай упакоўкі для пакупак на вынас. Гэта адчувалася 14 лютага, калі многія набывалі цукеркі ручной работы ў якасці “валянцінак” для сваіх блізкіх. Пазней, абяцалі супрацоўнікі бара, скрыначкі рознай формы і памераў абавязкова з’явяцца.


