Аляксандру Рабкову ўжо за 60, а ён дагэтуль, як у дзяцінстве, збірае і гуляецца з салдацікамі. Калекцыя гродзенца налічвае больш за 2000 розных фігурак. Пра сваіх салдацікаў Аляксандр можа расказваць гадзінамі, бо для яго гэта любімая справа. Ён нават жыццё сваё звязаў з ваеннай службай і гісторыяй.
Аляксандр працуе настаўнікам у адной са школ горада — выкладае гісторыю. У вольны час ён імкнецца займацца калекцыянаваннем. У канцы сакавіка калекцыянеру прапанавалі выставіць свае фiгуркi ў краме «Багач» па вуліцы Савецкай. Мужчына ахвотна пагадзіўся, але выставіў на стэлажы толькі невялікую частку сваёй калекцыi.
«Гэта нармальна, кожнае дзіця, а больш за ўсё хлопчыкі, гуляюць з салдацікамі. Я пачаў гуляць з імі яшчэ ў 5 гадоў, і так выйшла, што працягваю гэта рабіць і збіраць іх і сёння, — кажа Аляксандр. — Зараз я нават не магу падлічыць сваю калекцыю. У краме я прадставіў крыху больш за 100 фiгурак, у асноўным прадстаўлена эпоха Напалеонаўскіх войнаў».
Салдацікаў пачалі калекцыянаваць яшчэ ў Старажытным Кітаі
Захоўвае Аляксандр сваіх салдацікаў у спецыяльных каробках ды старанна сочыць за іх чысцінёй і станам. На сённяшні дзень самы стары салдацік у калекцыі гродзенца датуецца 1913 годам. Гэту фiгурку Аляксандр купіў у чалавека, які выкапаў яе ў гродзенскай зямлі.
«Гэта нямецкі кавалерыст, якога я не рызыкую нікуды выстаўляць, бо ён для мяне вельмі важны. Гэта, напэўна, самы любімы і дарагі для мяне салдацік у калекцыі. Гэта арыгінал, такіх зараз цяжка знайсці, а калі і знаходзяць, то толькі некаторыя часткі.
Наогул, салдацікаў пачалі калекцыянаваць яшчэ ў Старажытным Кітаі - Цынь Шы Хуан-дзі быў уладальнікам салдацікаў, толькi не алавяных, а тэракотавых. А наогул, сярод вялікіх людзей было шмат калекцыянераў салдацікаў: Людовік XIV, Напалеон і яго сын, акрамя таго рускія імператары Павел I, Пётр III, Мікалай I і Мікалай II. І нават Сувораў не раставаўся са сваімі фiгуркамi".
Найлепшы падарунак — салдацiкi
Жонка Аляксандра лічыць, што ён павінен пазбавіцца сваёй калекцыі, але мужчына не здаецца. Добра разумее Аляксандра дачка — яна таксама гісторык і займаецца калекцыянаваннем. Менавіта яна ўвесь час дарыць Аляксандру новыя фігуркі.
«Салдацікі - маё каханне і найлепшы падарунак, які можа быць для мяне. Пра гэтыя фігуркі можна доўга распавядаць, бо кожная з іх прадстаўляе тую ці іншую эпоху. Нядаўна ў нас у крамах прадаваліся часопісы з салдацікамі Напалеонаўскіх войнаў, іх было 124 выпускі. Многiя iх куплялi, я ў тым лiку. Але спынiлi продаж i ў мяне зараз не хапае 13 выпускаў. Даводзіцца калекцыю дапаўняць праз інтэрнэт.
У Расіi на салдацікаў зараз сапраўдны бум, асабліва на тых, якіх выпускаюць у Екацярынбургу. Мне падабаюцца салдацiкi, якіх можна ідэнтыфікаваць як асоб: я з вялікім задавальненнем гляджу на Тадэвуша Касцюшку, Напалеона, Мікалая II і на многіх іншых.
Маю цiкавага салдаціка — маршала Даву. Ён ў 1812 годзе захапіў Мінск i яго там cустракалi хлебам і соллю. Тады ён сказаў жыхарам, што ад ВКЛ яму патрэбныя тры рэчы: хлеба, хлеба, хлеба — накарміць Вялікую армію Напалеона".
«Гэта калекцыя, за ёй павінен быць пільны дагляд. Як ты ставішся да гэтай справы, так і яна будзе да цябе ставіцца. Часам бываюць розныя гісторыі, напрыклад, калі чалавек збірае манеты, то ён у любым выпадку на вуліцы знойдзе манету. Ён бачыць яе, а астатнія папросту не заўважаюць. Так і з людзьмі, якія збіраюць салдацікі. Некалькі гадоў таму я праходзіў каля плошчы Тызенгаўза і ўбачыў на дарозе пластмасавую фiгурку Напалеонаўскіх войнаў, мабыць, нейкае дзіця пакінула, але я гэтага салдацiка выратаваў і цяпер ён займае ганаровае месца ў маёй калекцыі».