«Такое пачуццё, што яго рабілі ў эпоху адкрыцця інтэрнэту. Страшна, нязручна і зусім не перадае атмасферу», — кажа вэб-дызайнер Алесь Вятнік пра сайт гродзенскага Старога замка. Ісці ў сам музей пасля наведвання такога сайта яму ўжо не хочацца. Рэдакцыя Hrodna.life разам з экспертамі ацаніла сайты гродзенскіх устаноў, каб зразумець, чаму яны амаль не выконваюць свае функцыі.
Сайт замка — не адзіны, які трапіў пад разборы Алеся ў TikTok. Дызайнер, напрыклад, звярнуў увагу на сайт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Там выпадковы наведвальнік можа проста разгубіцца — настолькі неінтуітыўная яго канструкцыя.
Страката, незразумела і завісае — першы погляд на гродзенскія сайты
Рэдакцыя Hrodna.life зайшла на некаторыя гродзенскія сайты. Старонка Аўтобуснага парка Гродна мільгае рэкламай. Сайт УЖРЭП Кастрычніцкага раёна вісне пры пракрутцы. На сайце Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея (таго самага Старога замка, які не спадабаўся Алесю), першымі выпадаюць спасылкі на старонкі пра «памяць і боль беларускай зямлі» і «першасную прафсаюзную арганізацыю». А час працы аддзяленняў музея яшчэ трэба паспрабаваць знайсці. Частка фатаграфій «пабіта».
Чаму дзяржаўныя сайты такія нязручныя? Зразумець гэта нам дапамаглі вэб-распрацоўшчык, SEO-спецыяліст і дызайнер.
«Яны не сякуць, хто іх мэтавая аўдыторыя»
Аснова праблемы гродзенскіх сайтаў - у персаналіях, лічыць SEO-спецыяліст Уладзімір (імя зменена). На месцах сядзяць людзі, якія мала ведаюць аб распрацоўцы. Калі «зверху» прыходзіць разнарадка, што трэба зрабіць сайт, заказчык абапіраецца на няўдалыя прыклады і просіць распрацаваць «што-небудзь падобнае».
— Яны наогул не сякуць, хто іх мэтавая аўдыторыя. Ім усё па барабане. Ці ёсць у іх ініцыятыва зрабіць нешта лепш, чым у іншых? Не. Ім прыйшла заявачка зрабіць сайт — яны робяць.
Вэб-распрацоўшчык Аляксандр (імя зменена) згодзен, што пачынаць трэба з разумення: каму і навошта сайт патрэбны. Пасля гэтага ствараюцца прататыпы — схематычныя выявы старонак.
— Прататыпы пажадана тэставаць. Ва ўмоўным калідоры даць сустрэчным людзям пакарыстацца сайтам і атрымаць зваротную сувязь.
Толькі пасля дапрацоўкі прататыпа можна пераходзіць да эстэтычнай часткі дызайну, дзе інтэрфейс і атрымае свой канчатковы выгляд.
Непрывабны дызайн дзяржаўных сайтаў - толькі вяршыня айсберга, рэзюмуе Аляксандр.
Распрацоўка сайтаў для дзяржструктур: рэгламенты, недахоп грошай і «не тыя людзі»
Дзяржаўныя сайты ствараюць «не тыя людзі і не так», лічыць Аляксандр.
— Часта гэтым займаецца адзін чалавек, які працуе ў штаце. Ён настройвае лакальныя сеткі, рамантуе друкаркі і іншае. Каму аддаць распрацоўку сайта — зразумелая справа, яму.
Для стварэння нескладанага, але прафесійнага сайта трэба ад чатырох да сямі чалавек. У гэты спіс уваходзяць дызайнер інтэрфейсу, распрацоўшчыкі, тэсціроўшчык і менеджары. А штатны дзяржаўны «энікейшчык» (памочнік сістэмнага адміністратара — Hrodna.life) можа хіба што ўзяць шаблон ці зрабіць дызайн на каленцы, лічыць Аляксандр.
Пры распрацоўцы сайтаў для дзяржаўных арганізацый трэба выконваць рэгламент, адзначае Уладзімір. Напрыклад, абавязкова павінна быць версія для людзей з аслабленым зрокам.
— Мы як пачалі распрацоўваць (сайты па дзяржзаказах — Hrodna.life), нам такі спіс патрабаванняў далі - і ўсё згодна з законам. Калі гэтага не будзе — паляцяць шапкі. А калі робіш сайт бізнесу, заказчык прыходзіць і кажа: «Чувак, я табе давяраю», — параўноўвае Уладзімір.
На канчатковы вынік уплываюць і часта абмежаваныя фінансавыя магчымасці дзяржаўных структур.
Калі дзяржаўныя сайты могуць выглядаць добра?
Здараюцца і супрацьлеглыя гісторыі, калі працуе сістэма «адкатаў». Фірме трэба рэалізаваць некаторую суму — часам грошы ўкладваюць у распрацоўку сайта.
— Заказвае дзярж — патрэбен сайт. Да цябе прыходзяць у офіс і кажуць, што праводзяць тэндар на шалёную суму: «Я зраблю так, што вы пераможаце, а вы мне проста кэш». Пры такой адкатнай сістэме сайт для дзяржарганізацый можа каштаваць разоў у 3−10 даражэй па рынку. Таму што тыя, хто потым правяраюць сайты, увогуле не шараць.
Уладзімір дадае, што ў рэдкіх выпадках дзяржаўны сайт можа выглядаць добра. Гэта адбываецца, калі задачу па распрацоўцы дэлегуюць ініцыятыўным супрацоўнікам, якія разбіраюцца ў трэндах.
Адзіны гродзенскі сайт, якім, на думку Уладзіміра, можна ганарыцца — старонка абутковай фабрыкі «Нёман». Ён сам курыраваў распрацоўку гэтага сайта.

А вось Аляксандр на просьбу назваць прыклады якасных беларускіх сайтаў кажа, што «не памятае такіх».
Галоўны карыстальнік дзяржаўных сайтаў - яго адмін
Продакт-менеджар Максім (імя зменена) па запыце Hrodna.life прааналізаваў некалькі гродзенскіх сайтаў. Эксперт адзначае, што горш за ўсё ідуць справы з рэсурсамі, якія працуюць на ўнутраны рынак.
— Ці, яшчэ горш, рэгіянальны. У момант праектавання ў цэлым няма такога тэрміна як «персона-карыстальнік». Ніхто іх не даследуе: галоўны карыстальнік сайта — яго адмін.
Аўтобусны парк Гродна: карыстальнікаў шмат, а расклад нязручны
На сайт аўтапарка штомесяц заходзіць больш за 10 тыс. карыстальнікаў - шукаюць расклад. Але амаль палова наведвальнікаў пакідаюць галоўную старонку амаль адразу, таму што атрымаць патрэбную інфармацыю няпроста (тут і далей — інфармацыя па статыстыцы карыстання ўзятая з сэрвісу Similarweb).
Па словах Максіма, сайт выконвае ролю даведніка. Для аўтапарка як ключавога гарадскога сэрвісу гэта крытычна.
— Дачныя, прыгарадныя і міжнародныя рэйсы адкрываюцца ў выглядзе грувасткіх файлаў і табліц, што на мабільных прыладах, а гэта 90% аўдыторыі, робіць інфармацыю практычна недаступнай.
Эксперт дадае, што ў сайта ёсць і станоўчыя бакі. Гэта наяўнасць календара, доступ да цэн і магчымасць пераключыцца на Telegram-канал аўтапарка.

Музеі Гродна: купіць білеты на сайце немагчыма
Максім адзначае перагружанасць і хаатычнасць інтэрфейсу сайта.
— Няма адзінай дызайн-сістэмы, меню працуе часткова, спасылка «Замовіць экскурсію» не адчыняе старонку. Раздзел «Цэны» аформлены ў выглядзе прайс-ліста без фарматавання і клікабельных элементаў, які кепска чытаецца. Адсутнічае анлайн-сэрвіс пакупкі білетаў, што ў 2025 годзе для музея нацыянальнага ўзроўню выглядае крытычным недаглядам.

УЖРЭП Кастрычніцкага раёна: знайсці тэлефоны і аплаціць паслугі атрымаецца, але не адразу
Галоўная праблема сайта — у яго маладаступнасці. Нумар тэлефона УЖРЭП пазначаны ўнізе старонкі, а ў раздзеле «тарыфы» прагледзець доўгія табліцы з тэлефона не атрымаецца — іх немагчыма прагартаць.
— Важныя дакументы выкладзены ў выглядзе сканаў, напрыклад прэйскурант, які адчыняецца проста як адсканаваны файл. Карта тэрыторыі не працуе. Раздзел аплаты праз QR-коды не змяшчае інструкцыі па выкарыстанні і пакрокавага тлумачэння, што менавіта трэба зрабіць. Гэта ператварае сэрвіс у фармальную галачку, а не ў працоўную прыладу.

Турыстычны сайт Гродна: старонкі на англійскай мове перакладзены з памылкамі
Турыстычны сайт Гродна арыентаваны ў першую чаргу на замежнікаў. У сэрвісу ёсць некалькі моўных версій, у тым ліку і на англійскай. Але пры аналізе Максім выявіў, што некаторыя старонкі альбо не перакладаюцца, альбо змяшчаюць памылкі.
— Карткі гасцініц і рэстаранаў не ўтрымліваюць цэн і апісанняў на англійскай мове, часам адсутнічаюць выявы. Карта аб’ектаў фармальна ёсць, але не заўсёды працуе, а фільтры па арэндзе ці гатэлям не выдаюць дадзеных. Старонкі не адаптаваны пад мабільныя прылады, хоць менавіта імі ў дарозе часцей карыстаюцца турысты.

Адзіны шрыфт, дэталёвая інфармацыя і брэндаванне: якія гродзенскія сайты зроблены добра?
Максім адзначае, што сайт гродзенскага ЦУМа, гасцініцы «Турыст» і «Кінавідэапракату» зроблены адносна добра.
Сярод моцных бакоў - якасныя банеры і ілюстрацыі. Кожны з рэсурсаў вытрыманы ў адзіным стылі, важная інфармацыя з’яўляецца паслядоўна, а нумары тэлефонаў і спасылкі - клікабельныя.
— Хай сайты «Турыста» і кінавідэапракату дзяржаўныя, але яны — камерцыйныя. Таму тут выкарыстоўваюцца вонкавыя сэрвісы для браніравання нумароў і продажу білетаў. Напрыклад, гасцініца карыстаецца расійскім сэрвісам, які зроблены дастаткова добра — нават ёсць магчымасць броні на польскай, англійскай і кітайскай мовах.

Чытайце таксама: «Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых