Рускі дом у Гродне працуе крыху больш за год — і за гэты час правёў каля 400 мерапрыемстваў. Арганізацыя ладзіць кінапаказы, літаратурныя вечары (з прэзентацыямі зборнікаў Z-паэзіі), возіць гродзенскіх настаўнікаў на форумы ў Расію і дапамагае збіраць гуманітарную дапамогу жыхарам Данбаса. Hrodna.life вывучыў, як гродзенцам незаўважна насаджаюць расійскую культуру і расійскі погляд на свет.
Рускі дом з’явіўся ў «рэкордна кароткія тэрміны» — і стаў чацвёртым у краіне
У красавіку 2024 года на Вялікай Траецкай, 42 адкрыўся Расійскі цэнтр навукі і культуры. Скарочана — Рускі дом. Фасад упрыгожылі шарамі ў колер расійскага флага, ля ўвахода ўстанавілі трыкалор. Сімвалічную чырвоную стужку разразалі кіраўнік «Рассупрацоўніцтва» Яўгеній Прымакоў і саветнік-пасланнік пасольства РФ у Беларусі Уладзімір Ваньке.
Шлях ад ідэі да адкрыцця Рускага дома ў Гродне заняў усяго паўтары гады. «Рэкордна картокія тэрміны», — заявіў тады пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў.
Гэта чацвёрты такі цэнтр у Беларусі. Астатнія знаходзяцца ў Мінску, Брэсце і Гомелі.
Адкрыць Рускі дом прасілі самі гродзенцы?
Першы год Рускім домам у Гродне кіравала віцэ-консул Генконсульства Расіі Алена Літвішчэнка. У эфіры праграмы «Бодрое утро» на гродзенскім тэлебачанні яна сцвярджала, што запыт на адкрыццё Рускага дома нібыта неаднаразова паступаў ад саміх гродзенцаў. «І ён быў добра ўспрыняты ў Маскве», — рэзюміравала яна.

Праўда, «запыт ад саміх гродзенцаў» насамрэч быў ініцыятывай адной канкрэтнай грамадскай арганізацыі - гродзенскага аддзялення «Рускага таварыства». Гэта існуючае з 90-х аб’яднанне, якое асабліва актывізавалася тры гады таму, калі яго ўзначаліў ураджэнец Расіі Аляксандр Бірукоў. У той жа час іншыя грамадскія аб’яднанні нацыянальных меншасцей у Беларусі ў апошнія гады сутыкаюцца з рэпрэсіямі і ліквідацыяй.
Чытайце таксама: У Гродне ліквідуюць яшчэ адну літоўскую арганізацыю — «Клуб «Гервечай»
У чэрвені 2025 Алена Літвішчэнка паведаміла, што яе «камандзіроўка як кіраўніка Рускага дома ў Гродне» заканчваецца — чыноўніца вяртаецца ў Расію. Пакуль абавязкі кіраўніка выконвае Альбіна Аляксандрава, якая да гэтага была галоўным спецыялістам Рускага дома.
Дзе яшчэ ў свеце працуюць Рускія дамы
Рускія дамы працуюць у 71 краіне свету. Больш за ўсё прадстаўніцтваў адкрыта ў Індыі - пяць, Казахстане — чатыры. Столькі ж і ў Беларусі. Усяго ў свеце 87 рускіх дамоў.

Сеткай гэтых культурных прадстаўніцтваў курыруе «Рассупрацоўніцтва». Гэта дзяржаўнае агенцтва, афіцыйная мэта якога — «узмацненне гуманітарнага ўплыву Расіі ў свеце».
Для гэтага «Рассупрацоўніцтва» прасоўвае расійскую адукацыю, умацоўвае пазіцыі рускай мовы і арганізоўвае маладзёжныя праекты. Штогод запрашае ў Расію каля 2000 чалавек у рамках адукацыйных праграм «Добры дзень, Расія!» і «Новае пакаленне».
Мяккая сіла Крамля
Адкрыццё Рускіх дамоў за мяжой, у тым ліку і ў Беларусі, — праява мяккай сілы, адзначае ў размове з BGmedia гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Утвараючы сетку і займаючы нішу няўрадавых арганізацый, якая вызвалілася пасля рэпрэсій, дамы залучаюць беларусаў у расійскую культурную прастору.
Аналізуючы гэтыя працэсы, журналісты Deutsche Welle адзначаюць, што рэпрэсіі ў сферы культуры і адукацыі ў Беларусі толькі спрыяюць распаўсюджванню прарасійскіх наратываў. Эксперты міжнароднай ініцыятывы iSANS у размове з DW звяртаюць увагу, што беларускую моладзь прыцягваюць у Расію квотамі ўрада РФ на паступленне ў расійскія ВНУ.

Кіраўнік iSANS Улад Кобец называе доўгатэрміновай мэтай працы Рускіх дамоў у Беларусі ўплыў на маладых беларусаў і выхаванне лаяльнага Расіі пакалення.
Што такое мяккая сіла
Мяккай сілай называюць здольнасць уплываць на іншыя дзяржавы для рэалізацыі сваіх мэт за кошт супрацоўніцтва ў пэўных сферах, прывабнасці ўласнай культуры, каштоўнасцей і знешняй палітыкі, пераканання, а не прымусу. Паняцце з канца 1980-х папулярызаваў амерыканскі палітолаг, супрацоўнік Гарвардскага ўніверсітэта Джозэф Най.
Праява расійскай мяккай сілы асабліва прыкметна на ўзроўні наратываў у сферы культуры. Арганізуючы мерапрыемствы ў Гродне, Рускі дом падкрэслівае агульнасць беларускай і расійскай культуры і гісторыі. Беларусаў называюць суайчыннікамі. Падкрэсліваецца маштабнасць рускіх пісьменнікаў і палітыкаў: ад Рурыка і Пушкіна да Пуціна. Пры гэтым постаці беларускіх дзеячаў становяцца амаль нябачнымі.
Як мяккая сіла пераўтвараецца ў сілу жорсткую
Пакуль што расійскія структуры ў Беларусі пранікаюць перадусім у сферу адукацыі. Гісторык Павел Церашковіч звяртае ўвагу ў падкасце «Радыё Свабода», што Расія ў 17 разоў павялічыла квоты для беларускіх абітурыентаў у сваіх ВНУ і прадаставіла 1300 стыпендый, якія цалкам пакрываюць навучанне ў бакалаўрыяце. Пры гэтым мяккая сіла Расіі, сканцэнтраваная на культуры і адукацыі, можа хутка пераўтварыцца ў жорсткую. Пры нагодзе, Рускія дамы могуць служыць нават справе акупацыі Беларусі.
«У 2014 годзе, калі адбывалася анэксія Крыма і фактычная анэксія Данецкай і Луганскай абласцей менавіта офісы „Рассупрацоўніцтва“ былі цэнтрамі падбухторвання да гэтых працэсаў», — узгадвае Церашковіч. А адзін з ідэолагаў «Рускага міру» Цімафей Сяргейцаў у 2022 годзе ў артыкуле пра Украіну напісаў наўпрост, што офісы «Рассупрацоўніцтва» павінны стаць цэнтрамі акупацыйнай улады на занятых тэрыторыях Украіны.
Рускі дом у Гродне: бесперапынная актыўнасць і ўсё больш Z-матываў
За 2024 год Рускі дом у Гродне правёў больш за 300 мерапрыемстваў - дзейнасць была амаль бесперапыннай. Акцыі можна ўмоўна падзяліць на наступныя катэгорыі: ідэалягічныя, адукацыйныя, рэлігійныя і культурныя.
На аснове адкрытых крыніц Hrodna.life палічыў прыкладныя працэнтныя суадносіны мерапрыемстваў, якія Рускі дом правёў за першыя шэсць месяцаў 2025 года. Мерапрыемствы праходзілі як на базе арганізацыі, так і за яе межамі.

Было праведзена як мінімум 66 мерапрыемстваў. З іх:
- 31 ідэалагічнае (акцыі памяці ВАВ і акцыі ў падтрымку вайны ва Украіне) — 46%;
- 15 культурных (майстар-класы і выставы, якія паглыбляюць у культуру Расіі) — 22%;
- 14 адукацыйных (лекцыі, сустрэчы і тэлемасты для гродзенскіх школьнікаў і студэнтаў) — 21%;
- 6 рэлігійных (сустрэчы са святарамі і паглыбленне ў праваслаўныя традыцыі) — 9%.
Ідэалогія: клопат аб ветэранах і прасоўванне Z-паэзіі
Гэтаму напрамку Рускі дом у Гродне надае асаблівае значэнне. Некаторыя мерапрыемствы сацыяльна-арыентаваныя. Напрыклад, супрацоўнікі дома наведваюць ветэранаў ВАВ напярэдадні дзяржаўных свят. Для былой блакадніцы Тамары Камаровай Рускі дом арганізаваў паездку ў Санкт-Пецярбург.
Разам з тым у Рускім доме праводзяць прэзентацыю зборніка вершаў «ПаэZія рускай зімы» і ладзяць фотавыставу «Мы абвінавачваем», якая прысвечана «наступствам удараў кіеўскага рэжыму па мірным насельніцтве» рэгіёнаў Расіі.
Некаторыя мерапрыемствы, здавалася б, нясуць пазітыўны пасыл — напрыклад, Дзень сям'і, кахання і вернасці. Але туды Рускі дом запрасіў ігуменню Гаўрыілу. Ігумення Гродзенскага жаночага манастыра вядома сваёй адкрытай падтрымкай вайны ва Украіне, а таксама антыбеларускімі і антызаходнімі настроямі.

Змешванне ідэалогіі з дабрачыннасцю, рэлігіяй і сацыяльнай працай — звычайная справа для Рускага дома. Супрацоўнікі цэнтра прыходзяць з візітамі і падарункамі ў радзільню і ЗАГС, удзельнічаюць у адкрыцці баскетбольнага турніру і арганізацыі канцэртаў.
Казакі, Азоўсталь і «небяспека ўкраінскага нацыяналізму» — якое кіно паказваюць у Рускім доме ў Гродне
З цягам часу вектар працы Рускага дома ў Гродне становіцца ўсё больш ідэалагізаваным. За апошні год цэнтр праводзіў гуманітарны збор для жыхароў Данбаса, Курска і іншых рэгіёнаў, а таксама прасоўваў віктарыну «Крым у гісторыі рускага свету» (прызам была пуцёўка на анэксаваны паўвостраў).
У красавіку 2025 у Рускім доме паказвалі прапагандысцкі фільм «Азоўсталь. Вызваленне». У фінале кінапаказу прагучала песня Івана Сапунова «Рускі свет», прысвечаная ўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Іншы прапагандысцкі фільм «Данбас. Перадавая. Казакі» паказвалі ў чэрвені, а ў ліпені збіраюцца паказваць філь «Лінія надрыву» — аб «небяспецы ўкраінскага нацыяналізму».
Пры гэтым пакуль што такія фільмы амаль не збіраюць гледачоў. На адзін з сеансаў сабраўся ўсяго дзясятак чалавек — падапечных аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей.
Культура: калабарацыі з гродзенскімі мастакамі і шапкі-вушанкі для замежнікаў
У снежні 2024 Рускі дом арганізаваў у сінагозе выставу рэпрадукцый Льва Бакста. Нягледзячы на тое, што Бакст нарадзіўся ў Гродне, у горадзе да гэтага часу няма яго музея. Таксама Рускі дом супрацоўнічае з мясцовымі мастакамі - напрыклад, там выстаўляліся Кацярына Забеліна і Іван Русачык.


Фокус увагі Рускі дом накіроўвае не толькі на гродзенцаў - арганізацыя запрашае да сябе і замежных студэнтаў. Напрыклад — грамадзян Індыі, Танзаніі або Шры-Ланкі, якія вучацца ў гродзенскіх універсітэтах. Каб моладзь «глыбей пагрузілася ў свет традыцыйнай рускай культуры», ім выдаюць шапкі-вушанкі і выконваюць песні Мусліма Магамаева.


У чэрвені 2025 пад кіраўніцтвам Рускага дома ў культурным цэнтры «Фестывальны» прайшло свята рускай культуры. «Фестывальны» ўпрыгожылі сцягамі краіны, на сталах паставілі самавары, баранкі і чабурашку.
Адукацыя: тэатральныя студыі і бакалаўрыят ад Рассупрацоўніцтва
Адукацыйныя мерапрыемствы — яшчэ адзін напрамак дзейнасці Рускага дома, якому надаюць вялікае значэнне. Працуюць як з дзецьмі і студэнтамі, так і з дарослымі гродзенцамі.
Для дзяцей на базе Рускага дома працуе тэатральная студыя «Тэатрон». Таксама перыядычна для школьнікаў праводзяць кінапаказы расійскіх мультфільмаў або віктарыны. Тэмы вар'іруюцца: ад экалогіі да кібербяспекі. Знаёмяць дзяцей і са спадчынай СССР — паказваюць агітплакаты і расказваюць пра дасягненні краіны ў гады ВАВ.
Сярод старшакласнікаў і студэнтаў рэгулярна праводзяць дыктанты, прымеркаваныя да расійскіх дзяржаўных свят. Арганізацыя актыўна папулярызуе навучанне ў ВНУ Расіі - распавядае пра дні адчыненых дзвярэй, анлайн-канферэнцыях і прэзентацыях. Паведамляюць і аб тэрмінах правядзення дыстанцыйнага тэсціравання для тых, хто хоча па лініі Рассупрацоўніцтва паступіць на бакалаўрыят.
Адукацыйныя івэнты праводзяць і для дарослых. Рускі дом вазіў гродзенскіх настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства ў Расію на форум, прысвечаны «захаванню гістарычнай памяці».
Замест Ажэшкі - Пушкін
Перыядычна Рускі дом праводзіць мерапрыемствы, не ўнікаючы ў кантэкст Гродзенскай вобласці - яе культурных і гістарычных асаблівасцяў. Так у лістападзе 2024 года консульства Расіі і «Рускі дом» былі ў ліку арганізатараў зімняга балу ў Новым замку.
Вырашылі, што першы танец, які выканаюць удзельнікі — паланэз на музыку з фільма «Пан Тадэвуш». Карціна была знята ў 1999 годзе па аднайменнай паэме Адама Міцкевіча і расказвала пра жыццё шляхты напярэдадні вайны Напалеона з Расіяй і пра жаданне змагацца з расійскімі акупантамі за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Для Рускага дому такі выбар музыкі як мінімум выглядае дзіўна.
Рускі дом любіць адзначаць даты, якія не маюць ніякага дачынення да Гродна. Напрыклад, у чэрвені святкуюць дзень нараджэння Пушкіна. У 2024-м па ініцыятыве цэнтра ў рэстаране «Кронан» з’явіўся юбілейны кактэйль «Пушкін 225». А ў 2025-м у бары «Госці» прайшла «Сустрэча двайнікоў Пушкіна і Ганчаровай», куды запрасілі гродзенскіх школьнікаў і студэнтаў.


Былы ўладальнік «Маёнтка Падароск» Павел Падкарытаў адрэагаваў на гэта ў сваім Facebook. «Сабралася іх (двайнікоў Пушкіна — рэд.) вялікая колькасць, многія былі вельмі падобныя. Чыталі вершы Пушкіна, казалі аб любві да рускай мовы. Спадзяюся, быў зачытаны і ліст паэта свайму сябру Вяземскаму ад 1 чэрвеня 1831, вельмі актуальны, пра адмысловую ваенную аперацыю ў былой Рэчы Паспалітай», — напісаў Падкарытаў. Ён меў на ўвазе словы Пушкіна аб тым, што трэба абавязкова задушыць вызваленчае паўстанне, якое бушавала на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у 1830−31 гадах.
У каментарах заўважылі, што за святкаваннем дня нараджэння Пушкіна прапусцілі іншую важную для Гродна дату. «Як шкада, што не ўзгадалі, што 6 чэрвеня нарадзілася Эліза Ажэшка», — напісала адна з гараджанак.