Уладальнік крамы «АвтоЗапчасти» Віктар Рукша некалькі месяцаў судзіўся з Камітэтам дзяржкантролю і абскардзіў рашэнні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці. Усе рашэнні былі прынятыя не на яго карысць. 17 лютага яго фірму ТАА «Рукша» ліквідавалі праз суд. 22 лютага Віктара арыштавалі.
58-гадовы Віктар Рукша — уладальнік крамы аўтазапчастак на вул. Гарнавых, 6. У жніўні 2020 года ён напісаў скаргу на дзеянні сілавікоў. 11 жніўня яны забеглі ў памяшканне і затрымалі ўнутры аўтара Hrodna.life Руслана Кулевіча і двух супрацоўнікаў крамы. У скарзе Рукша апісаў сітуацыю і папрасіў правесці праверку аб перавышэнні паўнамоцтваў сілавікамі.
Пасля скаргі да Віктара прыйшлі з упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (УДФР КДК), магазін апячаталі, а падатковая падала іск аб ліквідацыі фірмы.
У дачыненні да Віктара ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі».
Суды
Суды пачаліся ў снежні 2021 года. Працэс прыпынілі па просьбе адваката: павінна была ўступіць у сілу пастанова па іншай заяве ТАА «Рукша». Віктар прасіў прызнаць несапраўдным рашэнне УДФР КДК па Гродзенскай вобласці ад 25 жніўня 2021 года, якое і з’яўляецца асновай для ліквідацыі.
Паводле версіі Рукшы, супрацоўнікі УДФР узялі за аснову рашэння не бухгалтарскую праграму, а аператыўна-складскую, якой карысталіся менеджары для ўліку тавараў па складзе.
Файл з табліцамі «Заказная книга», які быў інфармацыйным, ва УДФР узялі як «расход». Але гэта не аб’ектыўны бухгалтарскі дакумент: ён служыў для збору папярэдняй інфармацыі з тэлефонных званкоў і месенджараў ад пакупнікоў. Эканамічны суд Гродзенскай вобласці прыняў рашэнне на карысць УДФР.
Чытайце таксама:
- У Гродне праз суд ліквідуюць ТАА «Рукша». У яго краме падчас пратэстаў затрымалі Руслана Кулевіча
- Паскардзіўся на сілавікоў - атрымаў крымінальную справу. Уладальнік крамы аўтазапчастак у Гродне павінен у бюджэт $ 200 000 і паўгода судзіцца з УДФР
Штраф — больш за 100 000 рублёў
У студзені 2022 Віктар стаў удзельнікаў яшчэ двух судовых працэсаў. Ён абскардзіў два рашэнні КДК: па ч. 1 арт. 12.18 КаАП «Парушэнне парадку прыёму грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў за наяўны разлік» і ч. 2 13.7 КаАП «Невыкананне або выкананне не ў поўным аб’ёме абавязку па ўтрыманні і (або) пералічэнню сумы падатку».
Па абодвух справах суддзя Сяргей Лях прыняў рашэнне не на карысць прадпрымальніка. Штраф па двух адміністрацыйных артыкулах склаў больш за 100 000 рублёў. На адным з гэтых пасяджэнняў суддзя прыгразіў Віктару штрафам у 20 базавых (640 рублёў), калі той спрабаваў растлумачыць сваю пазіцыю.
Адвакат: рашэнне суда не пацвярджаюць матэрыялы праверкі
1 лютага 2022 года суд разгледзеў апеляцыю Віктара Рукшы і ТАА «Рукша» на пастанову эканамічнага суда ад 24 снежня. Уладальнік крамы абскардзіў складзены акт праверкі УДФР. Суд праігнараваў хадайніцтва аб выпатрабаванні з крымінальнай справы, не прыняў да ўвагі паказанні менеджэраў-сведак, і зрабіў няправільную выснову аб тым, што нерэалізаваныя тавары ляглі ў «ўтоеную выручку», заявіла адвакат.
З боку Віктара Рукшы хацелі заявіць сведку — Віктара Мойшу, якога падчас папярэдняга разгляду справы не было ў горадзе. Паводле звестак у «Заказной книге», ён закупляў у Рукшы запчасткі. Суддзя не дазволіў гэтага зрабіць, бо ён не быў заяўлены сведкам раней.
УДФР аб канфіскацыі праграмы: «Такая ўдача не так часта здараецца»
Супрацоўнікі УДФР не пагадзіліся з довадамі ТАА «Рукша». «А тое, што гэта ["Заказная книга» — Hrodna.life] - неафіцыйная праграма, мне дзіўна чуць ад іншага боку. А што, для ўліку выручкі павінна быць афіцыйная праграма? Нам і так пашанцавала, што мы яе паспелі выняць і далі ацэнку. Такая ўдача не так часта здараецца". Высновы зробленыя правільна, ацэнка судом першай інстанцыі была аб’ектыўнай, сказаў супрацоўнік УДФР ў судзе.
У выніку судовая калегія пакінула рашэнне суда першай інстанцыі без змянення, апеляцыйную скаргу — без задавальнення.
Выручка, якой няма
15 лютага судовы працэс аб ліквідацыі арганізацыі аднавілі. Ісцом па справе была інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Кастрычніцкім раёне Гродна. Ліквідавалі фірму на падставе акта праверкі УДФР за сістэматычныя парушэнні заканадаўства. Гаворка ідзе аб парушэнні закона ў частцы выплаты падаткаў і парушэнні працы з касавым абаротам.
— У фірмы ўсяго чатыры парушэнні, — адзначыла суддзя Наталля Карых.
— Але яны з’яўляюцца тыпавымі і сістэматычнымі, — адказаў на гэта супрацоўнік падатковай.
Апісаць запчасткі са склада ва ўлік аплаты запазычанасці прадстаўнікі падатковай адмовіліся, бо маёмасці «шмат» і ідэнтыфікаваць яе «не ўяўляецца магчымым». Віктар не згодны: па яго словах, у яго ўсё прамаркавана — усё «па ячэйках, стэлажам, нумарах». Фірма падала скаргу на дзеянні падатковай і вышэйстаячая інспекцыя пагадзілася: ІМПЗ па Кастрычніцкім раёне доўгі час не давала магчымасці для аплаты доўгу наяўных маёмасцю.
Падчас судовага пасяджэння аказалася, што ў акт праверкі УДФР ад 25 жніўня 2021 года ўнеслі дапаўненні. Сума, на думку падатковай, «нязначна» паменшылася — на 19 947 рублёў. Згодна з дакументамі, запазычанасць фірмы падаткаў складае 496 481 рубля 20 капеек, пеня — 154 143 рублі 90 капеек. У суму ўносілі змены пасля пераліку адваката прадпрымальніка.
«Пахаваецца справа ўсяго жыцця»
Прадстаўнікі ТАА «Рукша» былі катэгарычна не згодныя з інспекцыяй. У іх выпадку па падатковаму заканадаўству маёмасць, гэта значыць рэшткі са склада, павінны былі арыштаваць і ўзяць у выплату доўгу. Ліквідацыя ў судзе жа з’яўляецца «выключнай мерай уздзеяння» за парушэнні заканадаўства. Да таго ж, у Віктара маецца тавар, а праца крамы будзе спрыяць пагашэнню запазычанасці.
«Ліквідацыя не будзе спрыяць рэальнаму выкананню падатковага абавязальніцтва ТАА „Рукша“. А проста пахаваецца справа ўсяго жыцця дырэктара, заснавальніка — адным росчыркам пяра. Толькі таму, што падатковы орган палічыў немэтазгодным правядзенне арышту. < … > Ён хоча працягваць сваю дзейнасць. Ён хоча заплаціць у бюджэт пэўныя сумы і будзе паралельна абскарджваць. Але дайце працаваць! Калі бізнэс будуецца ўсё жыццё — гэта тое ж самае, што забіць — прабачце мяне — дзіця сваё», — лічыць адвакат.
— Колькасць даналічаных падаткаў - 20% ад той выручкі, што ў вас маецца. Навошта такім складаным спосабам [аплаціўшы доўг пакінутымі на складзе запчасткамі - Hrodna.life] вы спрабуеце ліквідаваць [запазычанасць]? Якія перашкоды ў прадпрыемства цяпер часткова пагасіць [запазычанасць] і працягнуць працу? Атрыманыя чатыры мільёны, — спытала суддзя.
— Дык няма гэтай выручкі! — спрабаваў растлумачыць Віктар. — Вы ўяўляеце, што такое зарабіць 1,5 млн за год з нацэнкай у 30%?
— Для таго, каб зарабіць такую суму, яму трэба было ўсталяваць гандлёвую ацэнку 600%. Гэта сведчыць аб тым, што УДФР неабгрунтавана правёў разлік, — лічыць адвакат.
Цяпер дзейнасць крамы афіцыйна прыпыненая. Працу немагчыма працягваць з-за таго, што памяшканне крамы апячатанае. Супрацоўнікі падатковай адказваюць, што будынак апячаталі, каб забяспечыць захаванасць тавару.
Суддзя выслухала пазіцыі і прыняла рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Абавязацельствы па ліквідацыі ўсклалі на Віктара Рукшу. Ён збіраецца абскардзіць акт УДФР, на падставе якога фірму ліквідавалі, у Вярхоўным судзе. Пасяджэнне яшчэ не прызначана.
22 лютага следчы па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да прадпрымальніка, па прозвішчы Качан выклікаў Віктара ў Следчы камітэт. Бізнэсмэна заключылі пад варту. Па словах жонкі, гэта звязана з тым, што Віктар адмовіўся быць адказным за ліквідацыю фірмы.