Спадчына

Руіны на Ласасянцы: млын на мяжы дзяржаў, які яшчэ можа стаць турыстычнай атракцыяй

Кожны, хто едзе з Гродна ў бок Ласосна, можа заўважыць па левы бок ад моста праз Ласасянку руіны старога млына, якія ўздымаюцца над бурлівай плынню вады. Фрагменты трох цен — гэта ўсё што засталося ад пабудовы, гісторыя якой налічвае некалькі стагоддзяў. А гэта месца магло б мець вялікі турыстычны патэнцыял.

Першая вядомая нам згадка пра гэты млын, які стаяў ля «ласасінскага пруда», датуецца 1712 г. — ён ўзгадваецца ў інвентарах Гродзенскай каралеўскай эканоміі. Стан млына і плацін характарызаваўся як вельмі трухлявы. Таму цалкам магчыма, што пабудова на гэтым месцы магла з’явіцца на два стагоддзі раней — вядома, што на Ласасянцы ў пачатку XVI ст. былі як мінімум тры вадзяныя млыны.

У другой палове XVIII ст., калі на левым беразе ракі пад пільным наглядам гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза пачалося будаўніцтва прамысловага комплексу Кунштат (ад нямецкага «Künstätte» — горад майстроў), на месцы старога быў пабудаваны цагляны млын, які належаў каралеўскай эканоміі. Уздоўж плаціны праходзіў мост, які з’яўляўся галоўнай камунікацыяй Гродна з левабярэжжам Ласасянкі.

Млын у Ласосне на малюнку Напалеона Орды, сяр. ХІХ ст.

Мяжа на Ласасянцы

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай рэчышча Ласасянкі стала дзяржаўнай мяжой Расійскай імперыі і Прускага Каралеўства, а пасля — мяжой Гродзенскай губерні і Царства Польскага. Вёска Ласосна апынулася па той бок мяжы, а млын застаўся на тэрыторыі Гродзенскай губерні.

Памежны слуп ля Ласосна, пач. ХІХ ст.
Мост-плаціна быў паўнавартасным памежным пераходам: ля яго быў узведзены будынак мытні, будка вартаўніка, побач была карчма. Тут жа на мяжы XVIII і ХІХ стст. з’явіўся мураваны памежны слуп — чатырохвугольную канструкцыю вышынёй каля шасці метраў, якая завяршалася чатырохсхільным дахам. Абапал слупа была драўляная агароджа, ля якой знаходзіліся «ўказальныя дошкі». Яны, хутчэй за ўсё, паказвалі напрамак і адлегласць да найбліжэйшых вялікіх населеных пунктаў.

Губернскія ўлады сачылі за яго станам. Так, у 1836 г. у Ласосну накіраваўся памочнік губернскага архітэктара, які заўважыў, што на слупе месцамі паадвальвалася тынкоўка, а каменныя сходы ля яго асновы былі не вельмі трывалыя. Пасля рамонту слуп яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў служыў свайму прызначэнню, але да нашага часу не захаваўся.

Пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай і Гродзенскай каралеўскай эканоміі млын стаў прыватнаўласніцкім. У дакументах апісваецца гісторыя, як у 1820 г. яго гаспадар, яўрэй Меер Заляшанскі, скардзіўся гарадскім уладам, што паручнік англійскіх войск О’Брыен дэ Ласі разбурыў дарогу з дрэва, якая з даўных часоў вяла з «Гродна да ласасянскага млына», і выкапаў ірвы, што стварыла цяжкасці для таго, каб туды дабрацца. Пастаянная дабудова млына і павелічэнне яго ў аб’ёме сведчаць, што ён карыстаўся попытам.

У другой палове ХІХ ст. млын згарэў. У 1883 г. гаспадар Вольф Вільбушэвіч атрымаў дазвол у губернскіх улад яго перабудаваць. У пачатку ХХ ст. праз Ласасянку метраў 200 ніжэй па цячэнню быў пракладзены вялікі мост з адной каменнай апорай і плаціна назаўсёды страціла значэнне галоўнай камунікацыі.

Схематычны разрэз ласасянскага млына, 1883 г. Правая частка першага яруса — рэшткі больш старога млына часоў Тызенгаўза

Ласасянка на плане 1883 г. Справа ўнізе відаць ласасянскі млын з карчмой

Праект перабудовы млына. 1883 г.
Пасля Першай сусветнай вайны вадзяны млын не пацярпеў і працягваў спраўна працаваць. Ля яго стаяў вялікі драўляны дом гаспадара. Пасля прыходу савецкай улады дом быў нацыяналізаваны і ў яго засяліліся чатыры сям'і. Сцены млына пачалі паступова разбіраць на цэглу і камяні мясцовыя жыхары.

Мост праз Ласасянку, пач. ХХ ст.
Ласасянскі млын на фота пач. ХХ ст.

Млын сёння

Пад адкрытым небам разваліны старажытнай пабудовы змогуць прастаяць не так шмат часу. З кожным годам шанцаў на аднаўленне або кансервацыю млына ўсё менш. Між іншым, калі адбудаваць у комплексе млын, плаціну, памежны слуп, карчму, гэтае месца мела б вельмі вялікі турыстычны патэнцыял.

Велізарныя каменныя жорны ляжаць недалёка ад развалін млына. Некалькі год назад невядомыя скралі аналагічны камень

Млын у Ласосне. Фота з архіву Hrodna.life
Фрагмент сцяны больш позняга млына 18 ст.
Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024