У Гродне не першы год кажуць пра развіццё «прамысловага турызму». Размоваў шмат, але дзеючыя фабрыкі горада збольшага так і не адчынілі свае брамы для турыстаў, а старая прамысловая спадчына горада амаль цалкам знішчаная за апошнія 10 гадоў.
Страцілі шмат, захавалі мала
Няма старой электрастанцыі па вуліцы Будзёнага (знішчана ў 2009 г.), фабрыкі алоўкаў (знішчана ў 2012 г.), гарбарні на Гарнавых (знішчана ў 2017 г.), фабрыкі матацыклаў (знішчана ў 2006 г.) і многіх іншых.
За апошнія гады ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўдалося ўнесці толькі былую Станіславоўскую кафлярню на Чырвонаармейскай. Частка яе знаходзіцца ў прыватных руках і вельмі сімпатычна адноўлена, а другая частка выглядае далёкай ад ідэалу. Але можа там калі і паўстане музей гісторыі гродзенскай прамысловасці.
Жывёлу рэзалі пераважна яўрэі
На вуліцы Камунальнай, недалёка ад спартыўнага комплексу «Нёман», ацалела забудова былой гарадской рэзні - мясакамбіната. Менавіта з гэтага ўведзенага ў строй у 1912 г. комплекса пачалася гісторыя прамысловай перапрацоўкі мяса ў Гродне.
Забой жывёлы быў у значнай ступені засяроджаны ў руках сямейных кланаў, такіх як Баярскія, Менакеры, Стральцы, Сысуны, Шэваховічы, Тапольскія.
«Стары яўрэй з велізарным нажом»
Аднак вернемся да рэзні па Камунальнай. Жывёльныя тушы тут разбіралі ўручную. Шэсць чалавек за дзень забівалі і апрацоўвалі да 30 галоў.
У 1924 г. кіраўніком гарадской рэзні быў В. Леантовіч. На рэзні жывёлу спачатку забівалі: «Сумнае відовішча, жывёлы прадчуваюць сваю смерць. Стары яўрэй вялізарным нажом пераразае горла сваім ахвярам». Пасля здымалі скуру, свіней перад гэтым ашпарвалі, каб сабраць шчацінне. І толькі пасля пачынаўся працэс разбору тушы. Яшчэ ў 1920-х гг. рэзню забяспечылі спецыяльнымі фільтрамі паводле англійскага праекту, каб вада, што скідвалася ў Літоўскі ручай, была трохі чысцейшай.
Стаханавец на 180%
З прыходам савецкай улады рэзня была нацыяналізавана і атрымала назву Гродзенскага мясакамбіната. Па стане на 1 мая 1940 г. тут працавала 104 чалавекі. Сярод лепшых стаханаўцаў быў Пейсах Бурлан, які ў гэты год выканаў норму на 180%.

Кашэрна, але негуманна
Тут варта згадаць пра пытанне, пра якое неаднойчы пісалі газеты ў 1930-х гг. Большасць жывёлы ў Гродне (натуральна, каровы) забівалася такім чынам, каб мяса было кашэрным. Такім забоем займаліся нават спецыяльныя рэзнікі, якіх называлі «разак». Такія разакі пераразалі горла карове — і тая стоячы сцякала крывёю каля 15−20 хвілін.
У ХХ ст. у Еўропе такі спосаб забіцця ўжо лічыўся негуманным, і хрысціяне досыць гучна пратэставалі супраць рытуальнага забою жывёлы, аднак на практыцы аказвалася, што менавіта такім чынам забіваецца большасць кароў не толькі ў Гродне, але і амаль ва ўсіх гарадах ІІ Рэчы Паспалітай.
Няма у спісе — не спадчына?
У савецкі час рэзня працавала на гэтым месцы да 1970-х гг., пакуль не пачаў працаваць сучасны гродзенскі мясакамбінат. Вось ужо паўстагоддзя былая рэзня выконвае самыя розныя функцыі, да яе нешта дабудоўваюць. У прынцыпе гэты сімпатычны будынак можна было аднавіць да першаснага выгляду, але яго няма нават у спісе гісторыка-культурнай спадчыны.