Людзі і справы

Куфар з найстарэйшага дэрманціну на планеце і перакансервацыя маманта. Як гродзенскія рэстаўратары ажыўляюць гісторыю

У аддзеле даследавання і рэстаўрацыі гістарычнай спадчыны Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея працуюць сем чалавек. Гэта рэстаўратары жывапісу, дрэва, паперы, тканіны, скуры, металу, а таксама таксідэрміст. Менавіта іх нябачная воку праца дазваляе гістарычным артэфактам розных эпох на музейных вітрынах быць яркімі і цэльнымі.

Першы ў Беларусі Цэнтр рэстаўрацыі і даследаванняў размясціўся ў адным з гістарычных будынкаў па вуліцы Акадэмічнай. Калісьці двухпавярховы асабняк належаў вядомаму гродзенскаму ўрачу, і за больш чым 100 гадоў прыйшоў у аварыйны стан. Яго адрэстаўравалі ў межах праграмы трансмежавага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» за сродкі Еврасаюза.

Большасць прадметаў у фондах музея і ў выставачных залах Старога і Новага замкаў звязаны з археалагічнымі металам і камянямі, піша «Гродзенская праўда». Гэта зброя, прадметы побыту, упрыгожванні. Амаль усе яны праходзяць праз рукі загадчыка аддзела і спецыяліста па рэстаўрацыі археалагічных металу і камянёў Івана Кірыковіча. Ён займаецца рэстаўрацыяй каля 20 гадоў, паводле адукацыі - рэстаўратар архітэктуры. Скончыў клас з мастацкім ухілам у СШ № 31 у Гродне і Інстытут мастацтва і рэстаўрацыі на базе Маскоўскага архітэктурнага інстытута. У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі працуе з 2019 года. Яго першай працай былі каменныя сфінксы XVIII ст. на браме Новага замка.

Спецыяліст па рэстаўрацыі археалагічных металу і камянёў Іван Кірыковіч. Фота: «Гродзенская праўда»

Пры музейнай рэстаўрацыі прадмет спачатку вывучаецца, ствараецца яго пашпарт, дзе пазначаны стан і ўсе спадарожныя даныя. Абавязковая фотафіксацыя на ўсіх этапах кансервацыі і рэстаўрацыі. Пры працы з археалагічнай знаходкай аб прадмеце нічога невядома. У рэстаўратара павінны быць вялікі запас фонавых ведаў. «Працаваў нядаўна з баявой сякерай XV ст. перыяду Грунвальдскай бітвы. Падчас працы ў яго „усплыла“ кляймо, як аказалася, еўрапейскага тыпу», — падзяліўся Іван Кірыковіч.

Амерыканскі куфар і адмочванне сякеры

З апошніх цікавых прац Іван Кірыковіч назваў амерыканскі куфар з дэрматыну — аднаго з першых, які з’явіўся на планеце. Кірыковіч працаваў непасрэдна з металічнымі часткамі куфра.

Шмат сіл і энергіі спатрэбілася на падрыхтоўку прадметаў для залы зброі ў Новым замку, а таксама на куфар XVIII ст. для новай экспазіцыі Старога замка. Некалі ў ім захоўвалі каштоўныя рэчы. У дне куфра ёсць адтуліны для мацавання да падлогі. Таксама ў яго складаная надзейная сістэма замкаў, ёсць цікавая гравіроўка.

Спецыялісту даводзілася нават перакансерваваць косткі маманта, каб яны зноў маглі экспанавацца. Спачатку трэба было выдаліць сляды папярэдняй кансервацыі, якая прыйшла ў непрыдатнасць. Плёнкаўтваральныя пакрыцці, якія наносяцца на паверхню косткі, з часам пры змене вільготнасці ўспушваюцца, трэскаюцца і адслойваюцца, на іх з’явілася цвіль, грыбкі.

Цяпер Іван Кірыковіч працуе над гаспадарча-бытавой сякерай з фонду этнаграфіі. Некалькі месяцаў сякера павінна ляжаць у ванначцы са шчолачы, потым спецыяліст будзе чысціць яго электролізам. У спецыяльных растворах адмакаюць самавар, гіры, аклад іконы. Так з іх вымываюць хларыды жалеза, праз якія з’яўляецца іржа.

Такая праца неабходна, інакш прадметы ў экспазіцыі будуць проста разбурацца. Гэта адбываецца нават пасля кансервацыі, проста нашмат павольней. Іван Кірыковіч лічыць, што ўсё трэба прыводзіць да эстэтычнага выгляду. Напрыклад, часам за аксіднай плёнкай хаваецца прыгожая гравіроўка, і людзі змогуць убачыць яе толькі пасля ачысткі.

Рэстаўратар — амаль хірург

«Калі рэстаўратар займаецца аднаўленнем кафлі, напрыклад, у яго ўмоўна ёсць чвэрць кафлі, а трэба аднавіць тры чвэрці. Гэта ўсё прамалёўваецца, папаўняецца, — расказаў Кірыковіч. — Работа рэстаўратара чымсьці нагадвае работу ўрача. Сходныя з медыцынскімі многія інструменты, якія мы выкарыстоўваем: скальпелі, пінцэты, нажніцы».

Кожны, хто абраў прафесію рэстаўратара, у першую чаргу павінен валодаць працавітасцю, уседлівасцю і акуратнасцю, лічыць Кірыковіч. «Думаю, усе людзі, хто працуе ў гэтай прафесіі, вельмі карпатлівыя і зануды па вялікім рахунку», — смяецца ён. Таксама важная цікавасць да прадметаў культурнай спадчыны.

За рэстаўрацыю скуры адказвае мастак-рэстаўратар першай катэгорыі Вольга Ціхінская. Цяпер яна аднаўляе сумачку XII ст. Такія сумкі ў такой захаванасці на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца рэдка. У гродзенскай экспазіцыі такая адна. Частка сумкі рассыпалася на кавалкі. Яе аднавілі, потым сумку будуць збіраць і сшываць рэстаўрацыйнай ніткай. Торба — у форме мяшочка, такія былі распаўсюджаны ў Еўропе.

Мастак-рэстаўратар Вольга Ціхінская. Фота: «Гродзенская праўда»

Да Вольгі Ціхінскай у асноўным паступае скура XII-XIV стст. Асноўная складанасць у працы з ёй у тым, што скура моцна перасушана. Калі яе дастаюць з зямлі, яна вільготная, а пазней, ва ўмовах фондзахавання, перасыхае. Спачатку скуру чысцяць ад забруджванняў - сухой ці вільготнай чысткай. Пасля ідзе этап пластыфікацыі. Яна можа доўжыцца да месяца, у складаных сітуацыях — да паўгода. Таксама прыкладна паўгода, часам менш, скура сохне.

Фота: «Гродзенская праўда»

Сушка праходзіць з вільготнай стадыі праз выпарэнне, утварэнне лёду ў маразільнай камеры. Гэты працэс называюць узгонкай.

Унікальнасць гродзенскага музея

Рэстаўратар па тканіне Таісія Санько аднаўляе кафтан. На гэтую працу спатрэбіцца шэсць месяцаў. Аляксей Навумчык — мастак-рэстаўратар. Яго задача — спыняць разбурэнне карцін, захоўваючы іх гістарычную каштоўнасць і аўтарскі стыль мастака.

Рэстаўратар па тканіне Таісія Санько. Фота: «Гродзенская праўда»
Мастак-рэстаўратар Аляксей Навумчык. Фота: «Гродзенская праўда»

У аддзеле працуе і таксідэрміст Аляксандр Плескайціс. Яго захапленне пудзіламі з’явілася яшчэ ў школе, усяму ён вучыўся сам. Зараз у Беларусі гэта дастаткова рэдкая прафесія, такіх спецыялістаў - адзінкі.

Таксідэрміст Аляксандр Плескайціс. Фота: «Гродзенская праўда»

Гродзенскі музей — адзіны ў Беларусі гісторыка-археалагічны музей, заснаваны на сваіх уласных археалагічных раскопках. У 2023 годзе вакол Старога замка археолагам удалося знайсці каля дзесяці тысяч артэфактаў, расказваў раней дырэктар гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. Гэта найстаражытныя рэшткі драўляных пабудоў, вырабы са скуры, шкла, керамікі, наканечнікі стрэл і іншыя элементы ўзбраення, упрыгожванні, у тым ліку з золата.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024

«Акцэнт» пашыў пальчаткі, «Макей» — сумкі. Як гродзенка паказала сваю калекцыю на Тыдні моды ў Парыжы

Гродзенка Кацярына Карлацяну, заснавальніца брэнда Krikate ("Крыкейт"), паказала сваю калекцыю на Тыдні моды ў Парыжы.…

28 кастрычніка 2024

7 атмасферных месцаў Гродна, якія варта наведаць на Хэлоўін

Набліжаецца Хэлоўін, час восеньскага настрою і містыкі. Пакуль у Беларусі яго цэнзуруюць, Hrodna.life сабраў атмасферныя…

25 кастрычніка 2024

Цішоткі, заплечнікі і торбачкі: падборка для сапраўдных фанатаў Гродна, якія хочуць насіць горад на сабе

Гісторыя і краявіды Гродна натхняюць не толькі мясцовыя брэнды, але і буйных вытворцаў адзення і…

23 кастрычніка 2024