На вуліцы Пралетарскай хутка з’явіцца новы жылы раён. Ужо знесены савецкі вайсковы клуб 1960-х, боксы для танкаў і ўсе склады і майстэрні. З-за новабудаў выглядаюць пустымі вокнамі толькі дзве даваенныя казармы. Іх улады вырашылі захаваць. Расказваем іх гісторыю.
Як з’явілася Аляксандраўская слабада
Дваццатае стагоддзе прайшлося па Гродзеншчыне спусташальнымі ваеннымі катастрофамі. Людзі спадзяваліся на лепшае, але рыхтаваліся да вайны, таму горад заўсёды быў напоўнены войскам. Асаблівым вайсковым месцам Гродна стала Аляксандраўская слабада.
Гэтую назву раён горада вядзе не ад аднаго з расійскіх імператараў Аляксандраў, а ад жонкі імператара Мікалая І Аляксандры Фёдараўны (сапраўднае імя гэтай нямецкай прынцэсы было Фрыдэрыка Луіза Шарлота Вільгельміна Пруская), якая пасля аднаго з вялікіх гродзенскіх пажараў фінансава дапамагла ў стварэнні тут паселішча для пераселеных з цэнтра яўрэяў-пагарэльцаў. У царскі час слабаду грунтоўна забудавалі двух- або трохпавярховымі казармамі з жоўтай станіславоўскай цэглы, размясціўшы тут аж два палкі пяхоты і артылерыйскую брыгаду.
Бронетанкавы батальён
У час Першай сусветнай вайны частка казармаў згарэла, а новыя гаспадары Гродна — палякі, пачалі разбудоўваць вайсковыя тэрыторыі далей уздоўж Скідзельскай шашы. Так паўсталі «казармы Сулкоўскага» — названыя ў гонар польскага афіцэра, ад’ютанта Напалеона Банапарта Казіміра Сулкоўскага (1773−1798), якому прарочылі вялікую вайсковую славу аж да трагічнай гібелі падчас Егіпецкага паходу французскай арміі.

Дзе біліся бронемашыны з Гродна
У канцы жніўня 1939 г. з 7-га бронетанкавага батальёна сфарміравалі пяць баяздольных частак — 31, 32, і 33 бранятанкавыя дывізіёны і 32 і 33 роты бронетанкавай разведкі. У кожную такую частку ўваходзіла каля трынаццаці танкетак і восем-дзесяць бронемашын, а таксама грузавікі з неабходным забеспячэннем. Сіламі батальёна былі сфармірованы некалькі калон грузавікоў і легкавых машын, якія павінны былі выконваць на фронце дапаможныя функцыі.
[irp posts="32 681″ name=" Бацька адным з першых загінуў 1 верасня". Сталая гродзенка ўспамінае пачатак Другой сусветнай у Гродне"]
Лёс гэтых злучэнняў склаўся па-рознаму. Некаторыя змагаліся з немцамі цэлы месяц, а байцы аднаго з дывізёнаў адыйшлі ў Гродна і прынялі ўдзел у вераснёўскай абароне горада ад бальшавікоў (праўда ніякай тэхнікі ў польскіх салдат на той момант ужо не засталося).
Пры саветах
Пасля Другой сусветнай вайны ў казармах стаялі ўжо савецкія танкісты — танкавы полк 30-й гвардзейскай іркуцка-пінскай дывізіі, узброенай танкамі Т-54 і Т-55. У той час яшчэ нават існавала польская вайсковая капліца, пераробленая на краму. Гэтая дывізія пакінула Гродна ў жніўні 1968 г., вырушыўшы «абараняць сацыялізм» у Чэхаславакію, а пасля тут размяшчаліся часткі сувязі.
Новае жыццё казармаў
Апошнія дваццаць гадоў вайскоўцаў тут ужо не было, але працэс перадачы гэтых зямель ад войска гораду расцягнуўся надоўга. Мабыць, і забудаваць раён можна было б нейкімі больш цікавымі дамамі, чым проста звычайнымі дзевяціпавярховікамі, але ўжо добра, што пасярод іх захаваюцца дзве старыя казармы, з якіх плануюць зрабіць гандлёвы цэнтар і прыстасаваць пад іншыя патрэбы квартала.