У гандлёвым цэнтры Triniti 4 сакавіка 2023 года ў 18:00 павінна адбыцца сустрэча “ЧВК Рёдан”. Падобная сустрэча ў Гомелі 28 лютага скончылася затрыманнем падлеткаў. Hrodna.life даведаўся, што такое “ЧВК Рёдан” і што вядома пра гэты рух у Гродне.

"ЧВК Рёдан". Крыніца: arbat.media
“ЧВК Рёдан”. Крыніца: arbat.media

Што такое і адкуль узялося “ЧВК Рёдан”

“Рёдан” – новы рух аматараў анімэ ў Беларусі, Расіі і Украіне. Рух заснаваны паводле мангі [японскія коміксы – Hrodna.life] Hunter x Hunter, якая выходзіць з 1998 года. Ёсць таксама заснаваны на манзе анімэ-серыял.

У Hunter x Hunter апавядаецца аб фантастычным свеце, населеным чароўнымі жывёламі і людзьмі, якія на іх палююць. Адзін з персанажаў – верхавод злачыннай групоўкі “Павукі” Геней Рёдане. Удзельнікі групоўкі б’юць сабе татуіроўкі ў выглядзе павука з парадкавым нумарам. У 2020 годзе ў Японіі выпусцілі мерч паводле мангі з выявай павука.

Чаму ўсе зараз кажуць пра “ЧВК Рёдан”

Рух стаў вядомы пасля таго, як у маскоўскім гандлёвым цэнтры “Авіяпарк” 22 лютага 2023 года адбыўся канфлікт групы хлопцаў з асобамі неславянскай знешнасці нацыянальнасці. Яны не падзялілі крэслы і пачалі бойку. Сілавікі затрымалі 226 падлеткаў.

Пасля гэтага з’явілася новае адгалінаванне руху “ЧВК Рёдан”. Яе члены плануюць распраўляцца з мігрантамі, а таксама прадстаўнікамі іншых субкультур: “спорцікамі” (аматарамі здаровага ладу жыцця), скінхэдамі, “офнікамі” (каляфутбольнымі фанатамі).

Удзельнікі субкультуры фарбуюць валасы ў чорны колер, носяць клетчатыя штаны, а таксама кофты з выявай павука і лічбай “4” (у японскай мове гэтая лічба гучыць падобна да слова “смерць”).

“ЧВК Рёдан”. Што за новая субкультура і ці дабралася яна да Гродна
“ЧВК Рёдан”. Крыніца: asahi.com

Сустрэчы адбыліся ў расійскіх і ўкраінскіх гарадах

У Расіі сілавікі правялі рэйды з выяўленнем удзельнікаў “ЧВК Рёдан” у гандлёвых цэнтрах Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Новасібірска. У Сант-Пецярбурзе сілавікі затрымалі больш за 100 чалавек. 

Ва Украіне падлеткі, якія адносяць сабе да руху, збіраліся для боек 27 лютага 2023 года ў Кіеве, Харкаве, Львове, Жытоміры і Івана-Франкоўску. У Харкаве ўдзельнікаў і арганізатараў сустрэч затрымлівалі. У Дняпры і Чаркасах паліцыя затрымала двух адміністратараў Telegram-каналаў руху “Рёдан”. Аднаму адміністратару было 13 гадоў, другому 16.

Затрыманыя ўдзельнікі "ЧВК Рёдан" у Харкаве. Крыніца: hk.npu.gov.ua
Затрыманыя ўдзельнікі “ЧВК Рёдан” у Харкаве. Крыніца: hk.npu.gov.ua

Што пра гэта вядома ў Беларусі

У гомельскім гандлёвым цэнтры “Сакрэт” 28 лютага 2023 года была запланавана сустрэча падлеткаў “ЧВК Рёдан”. Падчас сустрэчы сілавікі затрымалі 200 чалавек. З іх 183 – непаўнагадовыя. Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджанні, таксама іх паставяць на “улік” у інспекцыю па справах не паўнагадовых. Тым, хто старэйшы за 16 год, дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасць.

На выхадзе з гандлёвага цэнтра сілавікі прымянялі гумовыя дручкі. Таксама ў падлеткаў правяралі мабільныя тэлефоны.

Затрыманне ўдзельнікаў "ЧВК Рёдар" у Гомелі. Крыніца: Telegram-канал "Флагшток"
Затрыманне ўдзельнікаў “ЧВК Рёдар” у Гомелі. Крыніца: Telegram-канал “Флагшток”

Увечары 28 лютага ў Telegram-канале сілавікоў “Книга ГУ“База”” апублікавалі пакаяльнае відэа. У ім дзяўчына сказала, што не хоча негатыўных наступстваў для сваёй аўдыторыі ў паўмільёна падпісчыкаў, а таксама папрасіла не здзяйсняць злачынстваў і боек, не паддавацца на правакацыі, адрозніваць субкультуру ад экстрэмізму, а таксама не падпісвацца на дэструктыўныя каналы.

Чытай падрабязней: У Гродне затрымалі школьніка з «ЧВК Рёдан», а ў бацькоўскіх чатах заклікаць не пускаць дзяцей у Triniti

У Telegram-канале “ЧВК РЕДАН БЕЛАРУСЬ” ў якім 35 падпісчыкаў аб’явілі набор адмінаў у рэгіянальныя чаты “Рёдана”. Каб стаць адмінам трэба запоўніць гугл-форму. 

Ці ёсць “ЧВК Рёдан” у Гродне

Інфармацыю пра тое, што сустрэча “ЧВК Рёдан” адбудзецца ў Гродне 4 сакавіка 2023 года размясцілі ў Telegram-канале “время “редан” Гродно”. На момант напісання матэрыяла ў канале было 28 падпісчыкаў. Відэа з заклікамі далучыцца да сустрэчы ў Triniti апублікавалі таксама ў TikTok.

Гродзенскія сілавікі 28 лютага 2023 года заклікалі бацькоў кантраляваць дзяцей і праверыць, “што адбываецца ў мабільніках” дзяцей.