Здароўе і спорт

Рэдактарка Hrodna.life: Мінус 4 за тыдзень ці з чаго пачынаецца пахуданне

Амаль палову ад запланаваных дзесяці кілаграмаў у праекце Hrodna.life #мінус10 я ўзяла ўсяго за тыдзень: схуднела на 4 кілаграмы. Трэнер патлумачыў, чаму гэта нармальна. Увесь мінулы тыдзень я планавала харчаванне, дамовілася аб кансультацыі з дыетолагам, займалася ў зале 2 разы і праз дзень праходзіла круг у 4 кіламетры па сцежцы здароўя ў Пышках.

Трэба размаўляць пра лішнюю вагу

Першы тэкст праекта сабраў больш за 60 каментароў толькі ў фэйсбуку. «Дзякуй, што пішаш», — адзначае Марына. «Буду сачыць за Вашымі поспехамі. Таксама скінула б кілаграм 10», — дадае Таццяна. «Я распавяла дачцэ Машы і мы за вас удваіх! Хоць мы ўпэўненыя, што вы справіцеся і нават здаецца скінеце больш!» — піша Наста. «Мне 59 з капейкамі. І вагу за апошні час набрала… ого-го якую!» — гатовая паўтарыць мой прыклад знаёмая з інстаграма.

Многія чытачкі Hrodna.life вельмі граматна і з веданнем справы каментавалі сітуацыю. Сябры ўдакладнялі, ці не перагружаюцца суставы на трэніроўках, звярнулі ўвагу на небяспеку хуткага пахудання і дэфіцыту калорый, папярэджвалі, што парады тыпу «проста менш еш» не працуюць, падказвалі не ўжываць хуткія вугляводы, звярнуцца да эндакрынолага, дыетолага і… псіхолага — раптам прычына не ў калорыях і гармонах, а ў «заяданні» праблем.

Мінус 4 за тыдзень — што гэта значыць

Ужо пасля 3−4 дзён з трэніроўкамі і змяненнем у харчаванні вага пачала зніжацца. Кожны дзень я бачыла на вагах меншую лічбу. І вось на 9 дзень раніцай — 94 (замест 98). Мой фітнес-інструктар Антон Дзмітрычэнка ўсё растлумачыў. Лішняя вага — гэта не толькі тлушч. Часта дадатковыя кілаграмы — гэта вада, азызласць з-за затрымкі вадкасцяў у арганізме. Калі з’яўляюцца фізічныя нагрузкі, рух вадкасцяў паскараецца — вада сыходзіць першай. Тлушчу ў месяц можна скінуць каля 1,5−2 кілаграм. З часам страта вагі замарудзіцца або нават спыніцца. Тады трэба арыентавацца на замеры абхопаў таліі, сцёгнаў, грудзей, рук і ног. А яшчэ на адлюстраванне ў люстэрку.

Прагрэс у мінус 4 за тыдзень адчуваецца так: рукавы футболкі больш не ціснуць, а зашпіліць джынсы можна не ўцягваючы жывот. Тое, што сышла лішняя вада, прыкметна яшчэ больш — зніклі мяшкі пад вачыма. А яшчэ — я зноў магу абуваць туфлі і насіць свой любімы пярсцёнак са сланом. Але чырвоная сукенка яшчэ пакуль цеснавата.

Пярсцёнкі ўжо магу насіць. А чырвоную сукенку прымяраць яшчэ ранавата

Палюбіць фізкультуру ў 50?

Усё сваё жыццё я ненавідзела фізкультуру. Здаецца, гэты прадмет прыдумалі, каб сапсаваць мне школьныя гады. Адзіны залік, які я магла здаць без слёз — стральба з вінтоўкі. Мабыць, праз тое, што ўяўляла на мішэні ўсіх, хто прыдумаў нормы ГПА.

На пачатку праекта я больш за ўсё баялася, што не спраўлюся з фізухай. Што пасля гадзіны заняткаў прыйду дадому, лягу і не змагу падняцца да вечара. Або што заўтра не змагу хадзіць. Але здарыўся цуд. Я нармальна сябе адчуваю пасля трэніроўкі. Пытаюся ў Антона — у чым сакрэт?

З Антонам Дзмітрычэнка пасля трэніроўкі. Яшчэ магу ўсміхацца, гэта добра

«Галоўнае — плаўна ўключаць нагрузкі. Перад пачаткам трэніроўкі абавязкова размінка. На практыкаваннях кантралюем тэхніку. Трэніруемся, каб прапрацаваць усе групы цягліц. Калі арганізм прывыкне, павялічым нагрузку — дадамо вагу і колькасць паўтораў у практыкаваннях».

Есці альбо не

Цяжэй за ўсё ў працэсе пахудання прыняць, што змены ў ежы адбудуцца назаўжды. Каб атрымаць вынік (і ўтрымаць яго без шкоды для здароўя), трэба кардынальна змяніць лад жыцця.

Добра, што з правілаў ёсць выключэнні, патлумачыў мне Антон: «У рамках нормы калорый можна часам замяняць правільныя прадукты на тое, чаго вельмі хочацца. Тады порцыя марожанага — не толькі ежа, але і псіхалагічная разгрузка».

Дарэчы, порцыя марожанага гэта 180−300 кілакалорый. Выбіраеш марозіва — застаешся без порцыі курынага філе з грэчкай і салатай з агародніны.

Харчаванне было 4 — 5 разавым. Тры асноўныя прыёмы ежы і 1−2 перакусы. Калі я сыходзіла з дому, брала з сабой ежу ў кантэйнерах. Наконт 1500 — гэта я трохі паспяшалася. У дзень атрымлівалася каля 2000 кілакалорый


Ужо 5 гадоў я жыву з гіпатырэёзам (гэта значыць, мая шчытападобная залоза не выпрацоўвае дастаткова тырэоідных гармонаў). Таму і абмен рэчываў запаволены. Па прызначэнні лекара я прымаю гармоны ў таблетках, як яшчэ больш за 100 тысяч жыхароў Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць пацыентаў з захворваннямі шчытападобнай залозы павялічылася ў 7 разоў з 2000 да 2015 года і працягвае расці. У Беларусі гэта шмат у чым звязана з недахопам ёду, вітаміна Д і з наступствамі Чарнобыльскай аварыі. Яшчэ адна прычына росту колькасці хворых — новае абсталяванне для дыягностыкі. Зараз выявіць паталогію шчытападобнай залозы стала тэхнічна прасцей.

У маім выпадку (пры гіпатэрыёзе) худнець толькі за кошт зніжэння нормы калорый можа быць небяспечна для здароўя. Так што я маю намер дасканала разабрацца ў праграме харчавання і запісалася на кансультацыю да дыетолага. Каб кансультацыя была максімальна эфектыўнай, лекар параіла загадзя здаць аналіз крыві - агульны, на глюкозу і на інсулін. Яшчэ трэба праверыць узровень халестэрыну, трыгліцерыдаў і вітамін Д. Абавязкова пракантраляваць ферыцін, узровень сыроватачнага жалеза і С-рэактыўны бялок. Абавязкова — узровень асноўных гармонаў шчытападобнай залозы — тырэатропнага гармона (ТТГ) і вольнага тыраксіну (Т4 св).

Па выніках аналізаў мы высветлім, як правільна пабудаваць індывідуальны план харчавання.

Пра гэта я распавяду ў наступны раз. А сёння ў мяне запланаваны шпацыр: 4 кіламетры ў Пышках самі сябе не пройдуць.

Круг па сцежцы здароўя — гэта 4,2 км і каля 40 хвілін. Калі ісці да кар’ераў, Сінькі і Зялёнкі, шпацыр зойме 1,5 — 2 гадзіны
Падзяліцца
Меткі: здароўе

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025