Калі б у ліпені я не занялася сваім здароўем, а заадно і пахуданнем, не вытрымала б жнівеньскі поствыбарчы марафон з акцыямі пратэсту. За гэты месяц я выклалася па поўнай. Каб вярнуцца ў форму, бяру тайм-аўт і сыходжу ў лясы. Буду збіраць грыбы. Не вярнуся да тых часоў, пакуль белыя і мухаморы не пачнуць мне сніцца замест аўтазакаў.

Вагаў ў мяне з сабой няма. Сантыметровай стужкі таксама. Фітнес-бранзалет з крокамерам згубіўся. Ніякага кантролю за сітуацыяй не будзе. Я не ведаю, колькі ўдасца скінуць, і ці ўдасца наогул. Ні з кім са спецыялістаў свой грыбарэлакс я не ўзгадняла. Усё толькі пад маю адказнасць. Калі раптам спрацуе — запатэнтую потым партызанскі метад грыбапахудання.

Грыбафітнес
Увесь тыдзень у мяне быў правільны рэжым. З раніцы — гадзінная прагулка ў лесе. Па папярэднім досведзе гэта каля 4−5 кіламетраў. Раніцай яшчэ раса і я шпацыравала па прасёлкавай дарозе з палкамі для скандынаўскай хады.
Пасляабедзенны фітнес складаўся з бязмэтнага хаджэння па лесе з нажом. Хаду дапаўнялі глыбокія нахілы і прысяданні па грыбы. Комплекс практыкаванняў заканчваўся пераноскай цяжараў - пакетаў са здабычай да дома. Ад такога фітнесу адмовіцца цяжка. Гэта вам не спартзала, дзе глядзіш на гадзіннік у чаканні канца трэніроўкі.
Пайшла ў лес — і пра час забылася. Азірнулася — а дзвюх гадзін як не бывала.

Вячэрняя прагулка самая кароткая — можна адарвацца ад камп’ютара і выйсці паглядзець на закат. Добра, што ў прыцемках грыбоў не відаць. Можна хутка вярнуцца назад.
Грыбадыета
Ні стравы без грыбоў - дэвіз гэтага тыдня. На сняданак у мяне яечня з грыбамі. На абед — гародніна з грыбамі. На вячэру — грыбны салат. Грыбы добра ідуць з мясам і з кашай. З памідорамі і з бураком. Іх можна заядаць пятрушкай і кропам. Смажыць з цыбуляй і тушыць з морквай. Ці падаваць пад соусам бешамель.
Пакуль толькі з грыбнымі дэсертамі без варыянтаў. Калі ў каго раптам ёсць рэцэпт дыетычнага грыбнога торта — з удзячнасцю прыму ў дар.

Яшчэ ўспомнілася, як дыетолаг казала пра стрэс, гармоны і пахуданне. Пакуль усё на нервах — карцізол і адрэналін не дадуць наладзіць нармальны абмен рэчываў. Спачатку трэба супакоіцца. Тады і пахуданне пачнецца.
Грыбатэрапія
Гриботерапия вельмі добра супакойвае нервы. І нож у руках — таксама.

Лес вакол зялёны, неба сіняе. Самыя правільныя колеры. Вакол цішыня. Ночы чорныя. Грыбы белыя. Гармонія вяртаецца ў свет.
Здаецца, я так супакоілася, што магу не хвалявацца за пахуданне. Ужо і так добра. Асабліва, пакуль у лесе і ніхто не бачыць.

Чытай больш:
- Редакторка Hrodna.Life: Почему я не худею?
- Минус 4 за неделю или с чего начинается похудение
- «Гормоны выше нормы, железо ниже плинтуса». Вот почему я не могла похудеть
- Эффект «Какого чёрта?». Чему порадоваться, если при похудении нет быстрых результатов
- Похудеть на стрессе не получилось. Хочется выбросить весы и чипсов с колой