Іван Радзівон 10 гадоў таму вярнуўся ў Гродна. Да гэтага ён амаль 50 гадоў пражыў на Далёкім Усходзе ў Бірабіджане. Вярнуцца на радзіму вырашыў пасля смерці жонкі. Горад яго дзяцінства і юнацтва за дзесяцігоддзі моцна змяніўся, але пенсіянер дагэтуль памятае яго такім, якога ўжо амаль і не засталося.

Івану Іванавічу 70 гадоў. Усё сваё дзяцінства ён правёў на вуліцы Алега Кашавога — цяперашняй Вялікай Траецкай.

Хлопцы разводзілі галубоў

У пасляваеннай моладзі не было камп’ютараў і іншых сучасных гульняў. Адным з улюбёных захапленняў моладзі тагачаснага Гродна было развядзенне галубоў.

«Многія хлапчукі ў Гродне разводзілі галубоў. Гэтых птушак шукалі, куплялі, разводзілі, кармілі, выгульвалі і ахоўвалі. Кожны хлапчук, які сябе паважаў, меў у 1950-х па некалькі галубоў. Шмат хто меў свае галубятні, і ў мяне ў тым ліку свая была. Для бяспекі яна была зроблена з жалеза, мела адмысловы замок, бо, бывала, біліся з-за галубоў.

Мы часта палявалі і адбівалі птушак у варожых галубятнікаў, пасля няпрыяцелі прыходзілі да нас. Хлопцаў тады цікавіла не колькасць птушак у галубятні, а якасць. У мяне была пара чорных, якія раніцай выляталі, а ўвечары прыляталі на кропку. Такія адданыя птушкі вельмі шанаваліся".

У 12 гадоў спускаліся ў падвалы Фары

З часам хобі Івана Іванавіча стала сыходзіць на другі план, у падлетка сталі з’яўляцца іншыя мэты і планы. У 1964 годзе Іван з’ехаў на Далёкі Усход, у горад Бірабіджан. Там гродзенец працаваў мантажнікам, ажаніўся і толькі ў 2007 годзе вярнуўся ў родны горад.

«Жонка памерла і мяне ў Расіі ўжо нічога не трымала. Я вырашыў вярнуцца ў родны Гродна. Амаль 50 гадоў мяне тут не было. Многіх старых будынкаў у цэнтры Гродна ўжо няма. А я іду па вуліцах і ўспамінаю, дзе і што было.

Шмат цікавых успамінаў. Як цяпер памятаю Фару Вітаўта. Нам было тады па 12 гадоў і мы спускаліся ў падвалы касцёла. А ўнутры храма тады ляжалі нейкія сеткі, вёслы i лямпы. Гэта, напэўна, быў 1960-ы год. Да гэтага часу памятаю, што і як было размешчана там. А які храм быў высокі, а якія сцены тоўстыя! Такога я ў сваім жыцці больш не бачыў".

«Разводзілі галубоў, лазілі па падвалах Фары і шукалі беглякоў». Гродзенец успамінае дзяцінства ў 1950-60-х
Іван Радзівон ідзе па скверы, дзе калісьці стаяла Фара Вітаўта.
Пенсіянер распавядае, што ў канцы 1950-х і ў самым пачатку 1960-х у храме былі склады ДТСААФ. Фара была пастаянна пад аховай — побач жыў вартаўнік.

«А мы пацаны былі бясстрашныя — узломвалі дзверы і ўваходзілі ў храм. Нам было цікава, мы раз прыйшлі, пасля вярнуліся і так шмат разоў. У падвалы спускаліся па ланцугу, як пажарныя па трубе. Каля ўваходу ў падзямелле былі нішы быццам для стражнікаў, гэта я вельмі запомніў. Быў побач пакой, дзе стаяла 3 ці 4 катлы, а побач стаяў воз з ручкамі. Ну і побач быў уваход у тунэль. Мы хадзілі па ім шмат разоў: дзесьці ішлі, а недзе паўзлі. Асвятлялі сабе шлях запалкамі - яны доўга не гарэлі, бо пад зямлёй бракавала кіслароду. Хады былі доўгія і, я думаю, яны вялі ў іншыя касцёлы горада. На жаль, мы шмат не прайшлi. Былі смельчакі, якія і далей заходзілі - яны шмат чаго дзiўнага казалi».

Пасля выбуху Фары гродзенцы збіралі зямлю

Іван Іванавiч памятае, што вакол храма быў металічны плот з завостранымі наканечнікамі. Аднойчы яго знаёмы, калі пералазіў, напароўся на адзін з іх. Хлапчука выратавалі і пасля гэтага ён да храма не падыходзіў.

«Памятаю, як узрывалі Фару. Мы былі падлеткамі і яшчэ цалкам не разумелі навошта Фару зносяць. Шкада было. Пасля выбуху ўвесь цэнтр горада быў пакрыты пылам. Памятаю, вайскоўцы ў наступныя дні падрывалі вялікія кавалкі ад храма, бо не маглі пагрузіць і вывезці. Калі храм узарвалі, многія гараджане, у асноўным палякі, прыходзілі, загортвалі ў газету зямлю, і выносілі з сабой. Многія лаяліся і абяцалі, што ўзарвуць ў горадзе нешта. Пасля гэтага масты ў горадзе сталі ахоўваць».

Уцёкі з турмы

У канцы свайго аповяду пра Гродна ў пасляваенныя гады, Іван Іванавiч успомніў уцёкі зняволеных з гродзенскай турмы. Тагачасны падлетак разам з салдатамі і міліцыяй бегаў па горадзе і шукаў уцекачоў.

«Разводзілі галубоў, лазілі па падвалах Фары і шукалі беглякоў». Гродзенец успамінае дзяцінства ў 1950-60-х
Іван Радзівон паказвае адкуль беглі зняволеныя пасля таго як пакінулі турму.
«Гэта быў, здаецца, 1960-ы год. Тады зняволеныя ўцяклі з турмы. Збегла тры чалавекі: дваіх адразу злавілі, а трэцяга ў заапарку. Так казалі ў горадзе. Ахоўніка зняволеныя закруцілі ў палавік. Салдаты, якія бегалі па горадзе, распавядалі, што спачатку хацеў бегчы адзін, але з ім пабеглі і іншыя. Усе яны ляжалі ў лазерэце на другім паверсе, там ім атрымалася прапілаваць краты і выбрацца на вуліцу. Шуміха тады была ў Гродне сур’ёзная. Цяпер гэтага ўжо ніхто не ўспомніць. Напрыклад, амаль усе мае знаёмыя з тых гадоў ужо паўміралі. У нас, на жаль, больш за 70 гадоў мала хто жыве».


Іван Іванавіч рады што вярнуўся ў Гродна. У гэтым горадзе ён правёў дзяцінства, хоча правесці і старасць.

«Я вярнуўся з Расіі, бо там мне рабіць больш няма чаго. Радзіма ў мяне тут. Калі быў далёка ад дома, то ўсім заўсёды з гонарам казаў, што я беларус і мой родны горад — Гродна».