Гродзенскія ўлады самастойна паставяць у горадзе боксы для раздзельнага збору лекаў. Гэтым будзе займацца мусарасарціровачны завод, іншыя арганізацыі прыцягваць не плануюць. Такі адказ атрымалі экаактывісты з Брэсцкай вобласці. Яны прапанавалі за ўласныя сродкі арганізаваць у Гродне сем пунктаў збору старых медыкаментаў ад жыхароў.
Цяпер, каб людзі маглі здаць непатрэбныя лекі, неабходна распрацаваць спецыяльную схему і запусціць на заводзе печ для спальвання медадходаў. Яе ўзгадняюць у розных інстанцыях ужо чацверты год.
Эколагі з Баранавічаў спарабавалі пачаць дыялог з гродзенскімі ўладамі з верасня 2020 года. Актывісты ствараюць сістэму раздзельнага збору і ўтылізацыі пратэрмінаваных лекаў па ўсёй Беларусі ў межах агульнанацыянальнага пілотнага праекта «Прырода без фармацэўтычных адходаў». У Гродне прапанавалі ўсталяваць 7 кантэйнераў у гарадскіх паліклініках, расказала Hrodna.life дырэктарка Цэнтру экалагічнага і сацыяльнага развіцця Вікторыя Калач.
За 8 месяцаў Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця ўсталяваў у беларускіх гарадах 33 пункты збору пратэрмінаваных лекаў. У Гродзенскай вобласці адзін кантэйнер стаіць у Зэльве і два — у Смаргоні. Сярод абласных цэнтраў на першым месцы Брэст — там размясцілі шэсць боксаў.
Экаактывісты адправілі ў Гродзенскі гарвыканкам некалькі пісем з прапановай аб супрацоўніцтве. Адказ атрымалі пасля трэцяга звароту. 5 лютага ў Гродне зладзілі прэзентацыю праекта і перадалі пакет дакументаў для заключэння дагавору ў цэнтральную паліклініку.
За 4 месяцы дакументы не падпісалі. Адной з умоў было ўзгадненне кантэйнераў у МУС. Па дадзеных Вікторыі Калач, міліцыя гэта дазволіла. «Апошняе, што нам патлумачылі, — не гатовая схема абыходжання з камунальнымі адходамі».
У канцы траўня Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця атрымаў адказ ад Гродзенскага гарвыканкама. З яго вынікае, што схема ўжо амаль дапрацаваная, а раздзельным зборам пратэрмінаваных лекаў будзе займацца мусарасарціровачны завод. «Прыцягненне дадатковых устаноў не разглядаецца», — гаворыцца ў лісце.
Гродзенскія паліклінікі прымаць удзел у праекце «Прырода без фармацэўтычных адходаў» пакуль не будуць, пацвердзіў Hrodna.life галоўны ўрач Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Аляксандр Раманчук. «Нам трэба, каб кантэйнеры былі антывандальнымі, каб туды ніхто не атрымаў доступ», — патлумачыў Аляксандр Раманчук.
Мусарасарціровачны завод зможа прымаць пратэрмінаваныя лекі пасля того, як запрацуе абсталяванне для спальвання медадходаў, паведаміў Hrodna.life дырэктар Гродзенскага завода па ўтылізацыі і механічнай сартыроўцы адходаў Вячаслаў Андрэеўскі. Печку купілі тры гады таму, але яна не працуе з-за складаных узгадненняў. Зараз дакументы разглядае санстанцыя, гэта можа заняць два-тры тыдні. Але ў дадзены момант, адзначае Вячаслаў Андрэеўскі, размова ідзе толькі аб утылізаціі фармацэўтычных адходаў медустаноў - бальніц і паліклінік.
Магчымасць здаць пратэрмінаваныя лекі з хатніх аптэчак для гродзенцаў прадугледзілі ў рэгіянальнай схеме абыходжання з камунальнымі адходамі. Для гэтага мяркуецца ўсталяваць каля 150 кантэйнераў у Гродне і Гродзенскім раёне. Калі і дзе іх размесцяць, пакуль невядома. Зараз дакумент узгадняюць у гарадскіх службах, потым яго разгледзяць у Мінску, расказаў Hrodna.life начальнік аддзела тэхнагляду за будаўніцтвам, рамонтам і ўтрыманнем аб’ектаў добраўпарадкавання Гродзенскай гарадской ЖКГ Дзяніс Конан.
Чытайце таксама: Следы пандемии. Что делать с масками, чтобы не вредить себе и природе
«На жаль, страцілі шмат часу. Яго можна было выкарыстоўваць з пользай і ўжо збіраць пратэрмінаваныя лекі ў гродзенцаў», — шкадуе аб адмове Вікторыя Калач. Цэнтр, па яе словах, быў гатовы паставіць кантэйнеры ў мінулым годзе, прапанаваў апрабаванае рашэнне і вопыт.
Акрамя эколагаў ініцыятыву з раздзельным зборам лекаў у Гродне спрабавалі прасоўваць пенсіянеры з Універсітэта залатога веку. Яны вырашылі не чакаць, пакуль з’явяцца афіцыйныя кантэйнеры, і паставілі ў аўдыторыі картонную каробку. Сёння гэта адзінае месца ў горадзе, куды можна прынесці непатрэбныя лекі. Карыстацца ёй могуць толькі наведвальнікі УЗВ.
«Я пісала ў гарвыканкам пісьмо з просьбай патлумачыць, дзе ў Гродне можна выкінуць пратэрмінаваныя лекі, але адказу не атрымала», — распавяла Hrodna.life слухачка УЗВ Наталля Дрозд.
Фармацэўтычныя прэпараты — гэта небяспечны від бытавых адходаў. У Беларусі яны падлягаюць раздзельнаму збору. Такія нормы дзейнічаюць з верасня 2020 года ў адпаведнасці з тэхнічным кодэксам «Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі».
Калі лекі выкідаць у каналізацыю ці ў агульны кантэйнер, яны захоўваюцца ў навакольным асяроддзі і негатыўна ўплываюць на здароўе. У 2016 годзе падчас даследвання беларускія навукоўцы знайшлі ў сцёкавых водах Гроднавадаканалу антыбіётык цыпрафлаксацын, спазмалітык дратаверын, гарманальны прэпарат этінілэстрадыёл і супрацьзапаленчы сродак кетапрафен.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…