Некалькі пластоў ходнікаў і камень з каронай. Што знайшлі на раскопках у Старым замку

Раскопкі каля цантральнай часткі палаца Баторыя ў Старым замку завершаны. Менавіта там, паводле праекта рэканструкцыі, меркавалі збудаваць спрэчны рызаліт на месцы галоўнага ўвахода ў палац. Hrodna.life распытаў археолага, што прынеслі раскопкі, ці накрыюць старажытныя ходнікі шклом, і ці існаваў усё ж рызаліт.

Археалагічныя даследванні вядуць уздоўж усяго палаца. Першая частка раскопу ад пачатку палаца, там, дзе быў уваход у касы, і да падвала ўжо засыпана.

Зараз археолагі скончылі распрацоўку другой, цантральнай часткі. Да канца жніўня спецыялісты будуць фіксаваць тое, што ўскрылі пры раскопках.

Працы па рэканструкцыі Старога замка пачаліся ў 2017 годзе. За аснову ўзялі замак часоў караля Стэфана Баторыя (канец XVI стагоддзя) і агульны праект архітэктара Уладзіміра Бачкова. У другую чаргу рэканструкцыі замка ўваходзіць сам палац Баторыя (былы будынак музея) і флігель адміністратара (прыбудова з боку Гараднічанкі). Перад пачаткам рэалізацыі другой чаргі праводзяцца даследаванні для ўдакладнення праекта, у тым ліку археалагічныя раскопкі.

«3D-сканаванне раскопа ўжо зроблена. Зараз я раблю фотафіксацыю і прамалёўваю ўсё на паперы: кожны камень, кожную цагліну. Калі пачынаеш маляваць, бачна, якія швы паміж імі, ці ёсць перавязкі паміж канструкцыямі. Калі не зрабіць адразу добры фотаздымак, гэтага можна не заўважыць», — расказала Hrodna.life археолаг Наталля Кізюкевіч, кіраўнічка раскопак.

У распрацоўцы знаходзіцца трэцяя частка раскопа ўздоўж палаца, таксама будзе даследавацца флігель, будуць рабіць унутраныя шурфы [невялікія спробныя раскопы].

Адкрылі ходнікі розных перыядаў і пабудовы XVI стагоддзя

«Мы выйшлі на некаторыя падмуркі, ускрылі брук гатычнага замка [XV стагоддзе. — Заўв. Hrodna.life] і брук XVI стагоддзя. На гэтых бруках мы вырашылі спыніцца: каб капаць ніжэй, трэба іх разбіраць», — расказала археолаг Наталля Кізюкевіч. Зараз вывучэнне Замкавай гары ідзе лакальна. Калі ж даследаваць ранейшую драўляную забудову шурфамі, помнік такім чынам можна знішчыць.

У месцах, дзе брук адсутнічаў, археолагі заглыбіліся ніжэй, і дайшлі да пласта канца XIV стагоддзя.

Знойдзеныя ўзоры цэглы на тэрмалюмінісцэнтны аналіз у Польшчу для дакладнейшага датавання пакуль не адпраўлялі. Гэтаму замінаюць зачыненыя межы.

Проста адкапаць — недастаткова

«Зараз у нас такі этап, калі гэта ўсё адкапалі, прааналізавалі археалагічныя пласты, і фактычна ўжо аналізуем архітэктуру, узаемасувязі: ці прымыкаюць гэтыя масівы адзін да другога, калі яны былі пабудаваныя, які быў папярэдні, які насупны. Мы вывучаем іх канструктыўныя асаблівасці», — расказала Наталля Кізюкевіч.

Гэта дазваляе канкрэтызаваць, калі збудавалі тыя ці іншыя канструкцыі. Усе яны з’явілася ў XVI стагоддзі, але не аднамомантна. «Замак жыў, перабудоўваўся, і гэтыя перабудовы мы зараз адсочваем». Пакуль поўнага паразумення паміж археолагам і архітэктарам наконт датавання знойдзеных масіваў няма.

«Недастаткова проста ўскрыць масівы і прааналізаваць, з якой яны цэглы зробленыя, з якой росчыны, з якога слоя пачаліся, куды сягаюць. Гэтыя канструкцыі былі прывязаны да палаца. Пасля таго, як адбудзеца фіксацыя, трэба пытацца „будаваць“ [на камп’ютары, паперы] гэтыя канструкцыі: сцяну, якая ляжыць, трэба „паставіць“ і ўбачыць, што яна закрывае, да якой вышыні яна ідзе. Напрыклад, ёсць план канструкцыі, ёсць фасад, і мы разумеем, на якой яна магла быць вышыні. Мы павінны ведаць, ад чаго гэта падмурак: апора пад лесвіцу, ці база калоны», — тлумачыць археолаг.

Праектны інстытут будзе рабіць такія канструкцыі і намагацца вызначыць па перыядах, як выглядаў замак. Такую ж працу зробяць і археолагі. Гэта будзе ўжо канчатковы аналіз вынікаў раскопак перад распрацоўкай падрабязнага праекта для другой чаргі.

Так ці быў рызаліт?

Шмат спрэчак выклікаў закладзены ў праект рызаліт у цэнтральнай частцы палаца — масіўная прыбудова, якая выступае з фасаду на ўсю яго вышыню. Даследчыкі замка тым часам мяркуюць, што на тым месцы была толькі лесвіца.

Макет Старога замка паводле праекта Уладзімера Бачкова

«У тых аб’ёмах і ў тым выглядзе, якім рызаліт планавалі зрабіць яшчэ палякі і Уладзімір Васільевіч [Бачкоў], яго дакладна не існавала — ні лесвіцы, ні рызаліта. Як выглядаў галоўны ўваход у XVI стагоддзі, будзе зразумела на падаставе аналізу фасада і раскопак», — удакладніла археолаг Наталля Кізюкевіч.

Ці накрыюць старажытныя ходнікі шклом?

Калі старажытныя руіны перад палацам і накрыюць шклом для экспанавання, то дакладна не зараз. Хаця археолаг і лічыць гэта цікавай ідэяй.

«На сённяшні дзень усё гэта будзе засыпацца, бо мы не ведаем, колькі будзе распрацоўвацца праект [экспанавання пад шклом. - Заўв. Hrodna.life], колькі спатрэбіцца часу, каб прайсці экспертызу, калі пачнецца будаўнічая стадыя», — растлумачыла археолаг Hrodna.life. Калі гэта расцягнецца на некалькі гадоў, адкрыты раскоп папросту не захаваецца. Зараз трэба або рабіць кансервацыю, або засыпаць зямлёй.

Спецыялістка патлумачыла, што далёка не заўсёды адразу атрымліваецца распрацаваць якасны праект, каб падмуркі і сцены, якія ўскрылі археолагі, пасля не пацярпелі. «Гэта складана тэхнічна. Шматлікія археалагічныя вокны планавалі, рабілі, пасля перараблівалі», — расказала Наталля.

Знайшлі частку кароны — першы элемент з каралеўскай сімволікай

Сярод апошніх знаходак Наталлі Кізюкевіч на тэрыторыі замка — камень з часткай выявы кароны.

«Магчыма, гэта фрагмент каменнага геральдычнага картуша, хутчэй за ўсё, фрагмент каралеўскай кароны. Кароны, якая ўваходзіць ў склад герба Рэчы Паспалітай. Падобныя гербы сустракаюцца на каралеўскіх рэзідэнцыях і капліцах на Вавелі. Пакуль я мяркую, што гэта карона або Стэфана Баторыя, або Жыгімонта бацькі Вазы», — напісаў у Facebook супрацоўнік гісторыка-археалагічнага музея гісторык Алесь Хацько.

Дэталь з каронай знайшлі ў шурфе пад падлогай на першым паверсе палаца. Імаверна, там можа быць засыпана больш каменных дэталяў з палаца, мяркуе гісторык.

«Мы знаходзім шмат архітэктурных элементаў і ў працэсе раскопак, і ў працэсе архітэктурнага зандажа, але звычайна гэта досыць распаўсюджаныя рэчы — карнізы, элементы з вядомымі ўпрыгожваннямі - пацеркі, напрыклад», — расказала Наталля Кізюкевіч.

Камень, які ўтрымлівае пачатак геральдычнай кароны, належыць канцу XVI стагоддзя. Фактычна, гэта першы архітэктурны элемент з даследаванняў, які ўтрымлівае каралеўскую сімволіку, зазначыла археолаг. Такія рэчы рэдкія і вельмі цікавыя.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024