Летам 1943 года, калі ў акупаванай Еўропе ў поўнай меры працавала фашысцкая машына знішчэння людзей, юрыст Рафаэль Лемкін у ЗША заканчваў кнігу пад назвай «Праўленне дзяржаваў Асі ў акупаванай Еўропе». Дзявяты раздзел гэтай кнігі Лемкін назваў «Генацыд». Вучоны-юрыст тады мог толькі здагадвацца, што з паўсотні яго яўрэйскіх сваякоў, якія засталіся ў Польшчы і Беларусі, фашысцкі генацыд перажывуць толькі чатыры чалавекі.
Слова «генацыд» паходзіць ад двух грэчаскіх словаў: «генас» — від і «цыд» — забіваць. Лемкін хацеў даць назву нечаму, што дасюль было абстракцыяй. Ён атрымаў адукацыю ў Львоўскім універсітэце пасля Першай сусветнай вайны і там юрысты часта падымалі пытанне нямецкіх і турэцкіх злачынстваў у 1914−1918 гг.
Можна было гаварыць пра злачынствы супраць асобных людзей, але падставаў і фармулёвак для абгрунтавання судовых працэсаў у дачыненні да тых, хто нішчыў цэлыя народы, не было. Іх пошукам заняўся ўраджэнец Гродзеншчыны Рафаэль Лемкін.
Лемкін нарадзіўся ў вёсцы Бязводнае Мяжырэчскай воласці Ваўкавыскага ўезда Гродзенскай губерні. Цяпер гэта Зельвенскі раён Гродзенскай вобласці. Яго бацькі, Іосіф і Бэла Лемкіны, былі адукаванымі яўрэямі, якія арандавалі зямлю ў мясцовага памешчыка. Акурат тады, у пачатку ХХ ст., царскія ўлады істотна аблегчылі магчымасці для заняткаў яўрэямі земляробствам.
Праз некалькі гадоў бацькі перабраліся ў недалёкі ад Гродна Беласток, дзе Лемкін скончыў гандлёвую школу. У час савецка-польскай вайны Лемкін у ваколіцах Ваўкавыска ўступіў у польскае войска і служыў там санітарам.
У 1920-х ён скончыў Львоўскі ўніверсітэт і з пачатку 1930-х быў адным з самых адукаваных і вядомых юрыстаў Варшавы. Цікава, што як і маці Лемкін спачатку хацеў вывучаць старажытныя мовы, але з часам больш зацікавіўся юрыдычнымі праблемамі.
У 1933 годзе Лемкін як прадстаўнік Польшчы (тады ён быў варшаўскім акружным пракурорам) на міжнароднай канферэнцыі па ўніфікацыі міжнароднага права ў Мадрыдзе прапанаваў распрацаваць міжнародную канвенцыю супраць генацыду, а таксама вылучыў наступныя прыкметы генацыду:
Польшча па палітычных прычынах (акурат рыхтавалася дамова аб неагрэсіі з Германіяй) прыпыніла ўдзел у мадрыдскай канферэнцыі, але Лемкін самастойна апублікаваў свой даклад і хутка ён быў выдадзены на асноўных еўрапейскіх мовах. Назва дакладу гучала «Тэрарызм» і ў значанай ступені была прысвечана гітлераўскай палітыцы ў дачыненні да яўрэяў.
Праз некаторы час Лемкін перайшоў у адвакатуру, але яго работы былі заўважаны не толькі сярод юрыстаў, на іх звярнулі ўвагу і нацысты, якія акурат пачыналі планаваць «канчатковае вырашэнне» яўрэйскага пытання. Сціплы варшаўскі адвакат, да ўсяго і яўрэй, стаў прыватным ворагам нацыстаў.
У верасні 1939 года Лемкіну было 39 гадоў і ён прыняў асабісты ўдзел у абароне Варшавы, нават быў паранены. Ведаючы, што ў акупаванай сталіцы ён не мае ніякіх шансаў выжыць, Лемкін перабіраецца ў Літву (магчыма нават праз Гродна), а адтуль у Швецыю. У 1941 годзе ён ужо ў ЗША, дзе працуе ў Ельскім універсітэце. Акурат у гады вайны, калі раскрыліся злачынствы нацыстаў, бясцэнны вопыт Лемкіна як вучонага-юрыста аказаўся вельмі прыдатны.
У 1946 г. ён стаў памочнікам галоўнага абвінаваўцы з боку ЗША на Нюрнбергскім працэсе, а ў 1951 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго. Фактычна «прабіў» гэтую канфенцыю адзін чалавек — яго імя было Рафаэль Лемкін. Цікава, што на той момант Лемкін не быў грамадзянінам ніводнай краіны свету.
Пасля Нюрнбергскага працэса цікавасць да справаў генацыду ізноў перастала цікавіць палітыкаў. Лемкін вёў сціплае жыццё і хаця яго сем (!) разоў намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру, на ягонае пахаванне ў 1959 годзе прыйшло ўсяго сем чалавек.
Сёння Канвенцыю ААН аб папярэджанні генацыда і пакаранні за яго падпісала 141 краіна свету, але нельга сказаць, што яна стала паспяховым інструментам міжнароднай палітыкі і права. Напрыклад ЗША, баючыся прэтэнзій да сябе з боку карэннага насельніцтва, падпісалі канвенцыю толькі праз сорак гадоў.
Тэрміна «генацыд» саромееюцца, стараюцца не ўжываць, але другая палова 20 ст. дала нам страшныя прыклады генацыду. Гэта знішчэнне мільёнаў грамадзян Камбоджы рэжымам Пол Пота або генацыд у Руандзе ў 1994 годзе. Сёння таксама адбываюцца страшныя рэчы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе, але сусветная супольнасць прынамсі мае адпаведныя юрыдычныя інструменты для ацэнкі злачынстваў супраць людзей па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце. У гэтым ёсць вялікі ўклад юрыста з-пад Гродна Рафаэля Лемкіна.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…