Летам 1943 года, калі ў акупаванай Еўропе ў поўнай меры працавала фашысцкая машына знішчэння людзей, юрыст Рафаэль Лемкін у ЗША заканчваў кнігу пад назвай «Праўленне дзяржаваў Асі ў акупаванай Еўропе». Дзявяты раздзел гэтай кнігі Лемкін назваў «Генацыд». Вучоны-юрыст тады мог толькі здагадвацца, што з паўсотні яго яўрэйскіх сваякоў, якія засталіся ў Польшчы і Беларусі, фашысцкі генацыд перажывуць толькі чатыры чалавекі.

Яны родам з Гродзеншчыны: Рафаэль Лемкін – чалавек, які “прыдумаў” генацыд

Даць назву абстракцыі

Слова «генацыд» паходзіць ад двух грэчаскіх словаў: «генас» — від і «цыд» — забіваць. Лемкін хацеў даць назву нечаму, што дасюль было абстракцыяй. Ён атрымаў адукацыю ў Львоўскім універсітэце пасля Першай сусветнай вайны і там юрысты часта падымалі пытанне нямецкіх і турэцкіх злачынстваў у 1914−1918 гг.

Можна было гаварыць пра злачынствы супраць асобных людзей, але падставаў і фармулёвак для абгрунтавання судовых працэсаў у дачыненні да тых, хто нішчыў цэлыя народы, не было. Іх пошукам заняўся ўраджэнец Гродзеншчыны Рафаэль Лемкін.

Самы вядомы юрыст Варшавы

Лемкін нарадзіўся ў вёсцы Бязводнае Мяжырэчскай воласці Ваўкавыскага ўезда Гродзенскай губерні. Цяпер гэта Зельвенскі раён Гродзенскай вобласці. Яго бацькі, Іосіф і Бэла Лемкіны, былі адукаванымі яўрэямі, якія арандавалі зямлю ў мясцовага памешчыка. Акурат тады, у пачатку ХХ ст., царскія ўлады істотна аблегчылі магчымасці для заняткаў яўрэямі земляробствам.

Праз некалькі гадоў бацькі перабраліся ў недалёкі ад Гродна Беласток, дзе Лемкін скончыў гандлёвую школу. У час савецка-польскай вайны Лемкін у ваколіцах Ваўкавыска ўступіў у польскае войска і служыў там санітарам.

У 1920-х ён скончыў Львоўскі ўніверсітэт і з пачатку 1930-х быў адным з самых адукаваных і вядомых юрыстаў Варшавы. Цікава, што як і маці Лемкін спачатку хацеў вывучаць старажытныя мовы, але з часам больш зацікавіўся юрыдычнымі праблемамі.

Яны родам з Гродзеншчыны: Рафаэль Лемкін – чалавек, які “прыдумаў” генацыд
Шыльда Лемкіну на Львоўскім універсітэце
Лемкін з самага пачатку цікавіўся справамі масавага забойства (і не толькі забойства, але і прыгнёту) людзей па культурнай або этнічнай прыкмеце. Самай гучнай тады справай было знішчэнне асманскімі ўладамі некалькіх мільёнаў армян у гады Першай сусветнай вайны. На гэтыя пытанні мала хто звяртаў увагі, еўрапейскае грамадства як мага хутчэй хацела забыцца пра ваенныя кашмары, але ўжо функцыянавала Ліга Нацый, правобраз цяперашняй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Даклад Лемкіна

У 1933 годзе Лемкін як прадстаўнік Польшчы (тады ён быў варшаўскім акружным пракурорам) на міжнароднай канферэнцыі па ўніфікацыі міжнароднага права ў Мадрыдзе прапанаваў распрацаваць міжнародную канвенцыю супраць генацыду, а таксама вылучыў наступныя прыкметы генацыду:

  • Разбурэнне культурных каштоўнасцяў і гістарычнай спадчыны праз перадачу дзяцей з адной этнічнай групы ў іншую, прымусовае і сістэматычнае выключэнне цывілізацыйна-культурных элементаў, забарона на выкарыстанне роднай мовы, сістэматычнае знішчэнне кніг на роднай мове гэтай групы, разбурэнне аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны (помнікаў, рэлігійных устаноў, музеяў)
  • Акты жорсткай агрэсіі ў дачыненні да асобных фізічных асоб і сацыяльных груп; гвалтоўнае ўварванне ў прыватнае жыццё прадстаўнікоў пэўных груп; мэтанакіраванае знішчэнне гістарычнай, культурнай і эканамічнай асноў для існавання гэтых груп.

Прыватны вораг нацыстаў

Польшча па палітычных прычынах (акурат рыхтавалася дамова аб неагрэсіі з Германіяй) прыпыніла ўдзел у мадрыдскай канферэнцыі, але Лемкін самастойна апублікаваў свой даклад і хутка ён быў выдадзены на асноўных еўрапейскіх мовах. Назва дакладу гучала «Тэрарызм» і ў значанай ступені была прысвечана гітлераўскай палітыцы ў дачыненні да яўрэяў.

Рафаэль Лемкін генацыд

Праз некаторы час Лемкін перайшоў у адвакатуру, але яго работы былі заўважаны не толькі сярод юрыстаў, на іх звярнулі ўвагу і нацысты, якія акурат пачыналі планаваць «канчатковае вырашэнне» яўрэйскага пытання. Сціплы варшаўскі адвакат, да ўсяго і яўрэй, стаў прыватным ворагам нацыстаў.

Пераезд у ЗША і Нюрнбергскі працэс

У верасні 1939 года Лемкіну было 39 гадоў і ён прыняў асабісты ўдзел у абароне Варшавы, нават быў паранены. Ведаючы, што ў акупаванай сталіцы ён не мае ніякіх шансаў выжыць, Лемкін перабіраецца ў Літву (магчыма нават праз Гродна), а адтуль у Швецыю. У 1941 годзе ён ужо ў ЗША, дзе працуе ў Ельскім універсітэце. Акурат у гады вайны, калі раскрыліся злачынствы нацыстаў, бясцэнны вопыт Лемкіна як вучонага-юрыста аказаўся вельмі прыдатны.

Рафаэль Лемкін генацыд

У 1946 г. ён стаў памочнікам галоўнага абвінаваўцы з боку ЗША на Нюрнбергскім працэсе, а ў 1951 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго. Фактычна «прабіў» гэтую канфенцыю адзін чалавек — яго імя было Рафаэль Лемкін. Цікава, што на той момант Лемкін не быў грамадзянінам ніводнай краіны свету.

Як намінант на Нобелеўскую прэмію стаў экстрэмістам

Пасля Нюрнбергскага працэса цікавасць да справаў генацыду ізноў перастала цікавіць палітыкаў. Лемкін вёў сціплае жыццё і хаця яго сем (!) разоў намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру, на ягонае пахаванне ў 1959 годзе прыйшло ўсяго сем чалавек.

Яны родам з Гродзеншчыны: Рафаэль Лемкін – чалавек, які “прыдумаў” генацыд
Ратыфікацыя канвенцыі аб папярэджанні генацыду
Адным з апошніх тэкстаў Лемкіна быў рэферат прысвечаны генацыду ўкраінцаў у СССР. Лемкін называў Галадамор класічным прыкладам нацыянальнага генацыду. Сучасныя расійскія ўлады катэгарычна адмаўляюць, што Галадамор задумваўся як генацыд украінскага народа. Даклад Лемкіна некалькі гадоў таму расійскім судом быў уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вось так яўрэй з Гродзеншчыны, адзін з галоўных абвінаваўцаў у Нюрнберзe, стаў у Расіі «экстрэмістам».

Уклад Лемкіна

Сёння Канвенцыю ААН аб папярэджанні генацыда і пакаранні за яго падпісала 141 краіна свету, але нельга сказаць, што яна стала паспяховым інструментам міжнароднай палітыкі і права. Напрыклад ЗША, баючыся прэтэнзій да сябе з боку карэннага насельніцтва, падпісалі канвенцыю толькі праз сорак гадоў.

Рафаэль Лемкін генацыд

Тэрміна «генацыд» саромееюцца, стараюцца не ўжываць, але другая палова 20 ст. дала нам страшныя прыклады генацыду. Гэта знішчэнне мільёнаў грамадзян Камбоджы рэжымам Пол Пота або генацыд у Руандзе ў 1994 годзе. Сёння таксама адбываюцца страшныя рэчы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе, але сусветная супольнасць прынамсі мае адпаведныя юрыдычныя інструменты для ацэнкі злачынстваў супраць людзей па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце. У гэтым ёсць вялікі ўклад юрыста з-пад Гродна Рафаэля Лемкіна.


Знакамітыя вучоныя Гродна: браты Урублеўскія — навукоўцы і інжынеры, пра якіх сорамна не ведаць

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life