Дыягназ “рак грудзей” яе маці паставілі, калі Кацярыне Пытлевай было чатыры гады. Лекі, хіміётэрапія, шпіталізацыі – усё гэта стала часткай Кацярыніных дзіцячых успамінаў. “Памятаю, як прыязджалі ў бальніцу, як мы з сястрой бегалі вакол мамы. Памятаю гэты бальнічны пах”. Хвароба аказалася генетычнай. Кацярына – ужо з трэцяга пакалення жанчын сям’і, якія хварэюць на рак малочных залоз. Ведаючы гэта, яна планавала зрабіць прэвентыўную мастэктамію і выдаліць грудзі, не чакаючы раку. Але – не паспела. Пра тое, як жыла ў чаканні раку, сустрэла хваробу і праходзіць лячэнне, Кацярына распавяла Hrodna.life.
«Бабуля паводзілася незразумела»
Больш просты і падрабязны адказ на пытанне, што адбываецца c маці, Кацярына атрымала ад бабулі, татавай маці.
“Калі мы прыехалі ў госці, яна паводзіла сябе неяк мне не зразумела – выдавала маме асобны посуд, кіпяціла талеркі. Я звярнула на гэта ўвагу, пачала прыслухоўвацца [што кажуць дарослыя]. Разумела, што маці хварэе, але не фіксавалася на тым, што гэта за хвароба. Потым ужо пачалі мне тлумачыць, што ў мамы рак грудзей. Не памятаю, хто. Можа і не бацькі, а хто-небудзь са сваякоў. У сям’і пра гэта не было размоў».
“Памятаю толькі асобныя моманты. Што мама рабіла гімнастыку, што ў яе з’яўляліся кнігі пра лячэбнае галаданне, правільнае харчаванне. Тады гэта былі вельмі рэдкія кнігі, ні ў каго больш такіх не бачыла. Памятаю, што калі тату ўдавалася неяк дастаць кроплі для ўзняцця мамінага імунітэту, то ўся сям’я вельмі радавалася. Цяпер у мяне такія флэшбэкі кожны дзень. Раблю гімнастыку – і проста ўспамінаю, як заходжу ў пакой і яна робіць гімнастыку».
Калі прыйшоў час тлумачыць, чаму маці ўсё ніяк не здаравее, дзецям распавялі пра метастазы. І вось так, па крупінках, пачала складвацца карціна.

Асабліва ў тлумачэнні ніхто не заглыбляўся. Проста было не да таго.
“Маці не магла нешта рабіць. Тата быў заняты працай і тым, каб маці дапамагчы. Наша задача была – быць самастойнымі”, – кажа Кацярына. Праз гэта, на яе думку, пасталець і навучыцца несці за сябе адказнасць прыйшлося вельмі хутка. “Дарослыя намагаліся, каб не было нейкай траўмы. Мы былі ва ўсіх гуртках, якія толькі могуць быць: і гімнастыка, і мастацкія, – усюды. Цяпер думаю, магчыма гэта было для таго, каб мы менш бачылі маму ў цяжкім стане. Памятаю як тата дзверы зачыняў, каб мы лішні раз не бачылі яе, не чулі».
“Стала зразумела, што гэта здарыцца і са мной”
У памяці ў Кацярыны застаўся першы матчын пратэз для ампутаванай грудзі – мяшочак з ільняным насеннем. «Памятаю, як мацала. Мне вельмі падабалася – мяккі такі быў, прыемны навобмацак. А калі маці прыехаў сіліконавы пратэз, гэта была падзея. Мне было ўжо гадоў 10 можа, або 9. Мама сачыла, каб з ім нічога не здарылася. Тады мяне да яго не падпускалі, а цяпер у мяне зусім такі ж».
Калі маці памерла, Кацярыне было 12 гадоў. “Практычна адразу нас з сястрой паставілі на ўлік. Мы хадзілі да генетыку на абследаванне, нам усё патлумачылі. Да таго часу ўжо захварэла і бабуля, маміна мама. Потым захварэлі цёткі, усе тры мамчыныя сястры. Так стала ясна, што ёсць вельмі вялікая верагоднасць, што гэта здарыцца і са мной”.
Чытайце таксама: Грудзі, дзеці, валасы. Кацярына Ваданосава — пра самыя складаныя моманты перажывання раку
Выдаленне грудзей мяне не пужала
Па словах Кацярыны, з тых часоў самаабследаванне стала пастаяннай часткай яе жыцця. Пазней ўвайшло ў звычку і праходзіць абследаванні ў мамолага. “Калі даведалася пра хваробу ў мамчыных сясцёр, стала шукаць нейкія даследаванні на гэтую тэму. Уласна, на біяфак паступіла, каб самой даследаваць праблему генетычных каранёў розных хвароб і ў першую чаргу раку”.

З біялогіяй, як кажа Кацярына, не склалася: «Мала было даследчых групаў на гэтую тэму, і ў выніку мяне зацягнула журналістыка». Ужо журналісткай яна шмат пісала пра анкапацыянтаў і лекараў, якія лечаць рак.
“Вядома, пыталася ў спецыялістаў і пра сваю сітуацыю. Даведалася пра магчымасць прэвентыўнай мастэктаміі, як зрабіла Анжаліна Джалі. Выдаленне грудзей мяне не пудзіла. Не хацелася хварэць на рак – я бачыла, як гэта было ў маці і чым скончылася».
Перспектыву выдаліць грудзі, не чакаючы хваробы, Кацярына абмяркоўвала і з мужам. “Тады мы як раз “працавалі” над з’яўленнем дзяцей. [Кацярына тройчы праходзіла працэдуру ЭКА]. Вырашылі, што выдаленне грудзей трэба разглядаць у перспектыве бліжэйшых пяці гадоў. У 2020 як раз пачала збіраць дакументы і збіралася здаваць аналізы для аперацыі».
Крыўды на лёс за рак не было
“Фізічная актыўнасць, спорт – заўсёды былі ў маім жыцці. Практычна ўжо гадоў 20 вегетарыянка, 4 гады была веганка, – распавядае Кацярына. – Сачыла за гэтым, старалася дапамагаць свайму арганізму».
Але крыўды на лёс і пытанняў “Чаму гэта здарылася са мной” у Кацярыны не было:
“Гісторыю з “Чаму я?” я прайшла, калі расла без маці, калі памёр тата, калі сама за сябе і няма на каго пакласціся, калі былі выкідышы, калі былі ЭКА, якія пастаянныя вымотваюць, калі загінула дачка… тады былі пытанні – “Чаму я?”.

Адразу зразумела, што гэта яна. Пухліна
Нармальную плынь жыцця Кацярыны парушылі спачатку палітычныя перамены ў Беларусі, якія вымусілі сям’ю з’ехаць з краіны, а потым вайна ва Украіне. “У пачатку вайны былі вельмі цяжкія месяцы ў плане працы. Мы практычна жылі ў офісе. Я проста зусім пра сябе не клапацілася – ясі, што падвернецца пад руку, спіш, калі атрымаецца – вельмі сур’ёзны стрэс. Я неяк вырашыла, што трэба сябе выцягваць з гэтага. Хоць бы нейкую фізічную актыўнасць праяўляць, неяк адцягвацца эмацыйна і фізічна, і прымусіла сябе па раніцах хадзіць у спартзалу», – распавядае Кацярына.

У фітнес-цэнтры была не толькі спартзала, а яшчэ і басейн з лазняй.
“Зразумела, што там можна было і душ прыняць не так, як дома, прыхапкам перад працай. Там я напэўна ўпершыню за паўгода нармальна сябе прамацала. І адразу зразумела, што гэта яна – пухліна. Яна была проста вялікая, выступала проста. Не тое, што намацала гарошынку. Вядома, былі надзеі, што можа нешта іншае. Але наогул я зразумела адразу”.
Чытайце таксама: «Будут у меня красивые новые сиськи». Как рак научил Лену любить себя и радоваться жизни
Сказала ўсім, што ў мяне рак, і папрасіла не нерваваць
Хаваць, што захварэла, Кацярына не стала. Муж даведаўся пра гэта ў той жа дзень, як яна выявіла пухліну, калегі – пасля даследаванняў і біяпсіі. “Прыходжу пасля абследавання, калега пытаецца: “Ну як?”. Я кажу: “Ну – так”. А ў самой камяк у горле, ледзь стрымліваюся, каб не расплакацца. Натуральна, тыя хто побач, таксама чулі, я ж не спрабавала хаваць. Вось так і атрымалася, што ўсе калегі ў курсе».

Кацярына папрасіла калег не нерваваць яе і асцярожней паставіцца.
“Хтосьці словы падтрымкі казаў, хтосьці распавядаў, што ў іх у сям’і таксама так было, парады нейкія давалі, што дапамагло сваякам. У цэлым, вельмі падтрымальная атмасфера была. І цяпер усе сочаць за маімі навінамі”.
Зараз маці з пратэзам, а потым ёй зробяць новыя грудзі
Дзеці Кацярыны ўжо ведалі, што такое рак. Яшчэ раней гэта прыйшлося растлумачыць, калі пыталіся, чаму няма другой бабулі.
“Дачка ведае больш, – кажа Кацярына. – Яна цікавіцца медыцынай, лечыць жывёл. Бывае, ідзем кудысьці ці сядаем адпачываць, і яна пачынае: «Ну так, мама, расказвай, якія яшчэ бываюць хваробы». Таму цяпер тлумачыць, што такое рак, мне не давялося».
Дзецям проста распавядалі, што адбываецца. Калі ішло абследаванне – што лекарам трэба высветліць, што ў маці за хвароба. Калі клалася ў бальніцу – што маці трэба прайсці лячэнне. Калі ішла на аперацыю – што маці будуць выдаляць грудзі.

“Так і сказала. Мы ж жывем у адной кватэры. Калі я пераапранаюся і дзіця зайшло, каб не спалохаўся, убачыўшы шнар. Навошта гэта? Лепш, каб дзеці разумелі, што адбываецца, каб не было ніякіх таямніц, каб яны не дадумвалі, не баяліся, каб яны бачылі ўпэўненасць у нас – у тату і ў маці – што мы кантралюем працэс, што ўсё адбываецца так, як павінна адбывацца”.
“Пасля аперацыі мы казалі, што ў маці была пухліна, такі шарык у грудзях. І што цяпер яго выдалілі разам з грудзьмі. Пакуль маці ходзіць з пратэзам, а потым ёй зробяць новыя грудзі. Казалі, што ў маці хутка выпадуць валасы”.
Праца заўсёды ратавала
“Калі б гэта адбылося год таму, было б цяжэй, – кажа Кацярына. – Тады я толькі выбудоўвала працэсы [на тэлеканале “Маланка”] , трэба было ўсё кантраляваць. Цяпер нейкія моманты змагла дэлегаваць”. А наогул працу яна лічыць сваімі галоўнымі лекамі. Ад яе не адрывалася нават у час лекавання. На хіміятэрапіі, пад кропельніцай, Кацярына мантавала відэа і вяла перамовы ў чаце з калегамі.
“Я такі чалавек, што мяне праца заўсёды ратавала. Пачынаючы са смерці маці. Бо дома было не вельмі – з розных прычынаў. Для мяне праца стала такім safety place, месцам бяспекі. Нават нейкія хобі ў мяне не прыжываюцца. Тое, чым я займаюся – гэта маё жыццё. Я заўсёды спачуваю людзям, якія вымушаныя прыйсці «адштукаваць» нешта – як быццам здаваць сябе ў арэнду. У мяне не так. Задавальненне, станоўчыя эмоцыі, радасныя моманты – я гэта чэрпаю ў працы”.
Чытайце таксама: «Быть женщиной — уже фактор риска». Онколог рассказал, как лечат рак молочной железы, почему болезнь помолодела и зачем онкохирургу быть еще и психологом
Хімія: “Я да чаго толькі не рыхтавалася»
Па расказах знаёмых і досведу тых, хто праходзіў хіміятэрапію раней, Кацярына ведала, з чым можа сутыкнуцца. “Я падрыхтавалася маральна, што я выпаду на пару дзён. У першы дзень [пасля кропельніцы] прыехала і да позняй ночы працавала, бо казалі – накрывае на другі. Хацелася пабольш паспець зрабіць. На другі дзень прачнулася – быццам нармальна. Нават зарадку зрабіла. Ведаю, што чым больш рухаешся, хоць і ў ашчадным рэжыме, – тым лепш. Зараз у ложку працую, хоць галава трошкі цяжкая», – распавяла Кацярына пасля першага сеансу хіміятэрапіі. А яшчэ ў чаканні хіміі яна купіла тазік – папярэджвалі, што можа быць млоснасць і ваніты. «Але неяк у мяне па-іншаму».
Зразумела, што я не адна
Калі ў жыццё прыходзіць рак, то гэта мяняе прыкладна ўсё. Хтосьці можа ставіцца да праяў хваробы больш спакойна, іншых накрывае трывожнасцю аж да панічных нападаў. “У мяне таксама так было і пра гэта таксама важна казаць, – мяркуе Кацярына. – Калі чалавек з гэтым сутыкаецца і не ведае што гэта, то перанесці ў разы цяжэй».

Самой Кацярыне прыйшлося перанесці панічную атаку двойчы. Адзін раз – у прамым эфіры. “Гэта здарылася, калі я чакала вынікі абследавання. Была ў тым стане, калі ты ўжо разумееш, што адбылося, але трэба чакаць адказ. А гэта цяжка – чакаць. І мяне накрыла проста ў прамым эфіры. Балазе, калегі паспелі зарыентавацца. У нас ёсць умоўны рух – я паказала, каб мне адключылі гук і перавялі камеру на іншага вядучага. А сама проста выпаўзла са студыі. Прыйшлося нават выклікаць хуткую – гэта сур’ёзная гісторыя і ставіцца да яе трэба сур’ёзна».
“Ты можаш быць моцнай колькі заўгодна, быць аптымісткай колькі заўгодна. У цябе можа быць план. Але гэты ўзровень стрэсу ўсё роўна неяк выявіцца. У кагосьці можа сыходзіць у эмоцыі, істэрыкі, слёзы, У кагосьці – у панічныя атакі. Бо стрэс, страх за сваё жыццё, за сваіх блізкіх, страх за дзяцей. Важна, каб жанчыны ведалі – не трэба заставацца з гэтымі страхамі сам-насам. Трэба звярнуцца да псіхолагаў, каб гэтыя станы кантраляваць. Важна гэтым займацца і рабіць гэта не на самоце”.




