Людзі і справы

Пяцізоркавая гасцініца ці пакуты? У Гродне адчыніўся кантактны заапарк: разбіраем за і супраць

Кантакныя заапаркі - справа неадназначная. Стваральнік гродзенскага «Звераполюса» кажа, што іх жывёлы хатнія, любяць увагу людзей і ахвотна ідуць на кантакт. Абаронцы жывёл лічаць, што такія заапаркі прывучаюць людзей па-спажывецку ставіцца да жывёл. Дзіцячыя псіхолагі прапануюць альтэрнатыву — завесці хатняга гадаванца. Hrodna.life разбіраецца, хто з іх мае рацыю.

У гродзенскай установе ёсць марскія свінкі, міні-пігі, трусы, яноты, шыншылы, афрыканскія вожыкі і баранчык. Іх можна пагладзіць і пакарміць.

Дырэктар і сузаснавальнік «Звераполюса» Вадзім Клепча
— У нас прадстаўлены жывёлы, якія любы чалавек можа трымаць дома. Усе яны купленыя ў беларускіх заводчыкаў, якія трымалі іх у хатніх умовах, — кажа дырэктар і сузаснавальнік «Звераполюса» Вадзім Клепча. — Мы збіралі інфармацыю пра кожную жывёлу і ведаем, як іх утрымліваць.

«Звераполюс» таксама ёсць у іншых гарадах, таму жывёлы будуць падарожнічаць. Хутка ў Бабруйск паедуць шыншылы і яноты, а адтуль у Гродна прыедуць тхары і насуха.

Вадзім плануе прывезці пітона. Яго можна будзе пагладзіць толькі раз на пяць дзён. Змеі ідуць на кантакт толькі сытымі, а кормяць іх акурат раз у пяць дзён. Жыць пітон будзе ў тэрарыуме, бо патрабуе адпаведнай тэмпературы.

У першую чаргу, сацыяльны праект

Найчасцей у «Звераполюс» прыходзяць сям'і з дзецьмі. Асобы з інваліднасцю могуць наведаць «Звераполюс» бясплатна. Ёсць зніжкі для школьных экскурсій.

— У першую чаргу, гэта сацыяльны праект. Хацелася несці людзям дабро, — кажа Вадзім. — Гуляючы з трусамі, свінкамі, людзі супакойваюцца. Сапраўды, паспрабуйце!

Штотыдзень — агляд ветэрынара і банныя працэдуры

Для наведвальнікаў «Звераполюса» існуюць правілы. На ўваходзе і выхадзе трэба апрацаваць рукі і апрануць бахілы, каб не заразіць прынесенай інфекцыяй звяркоў. Нельга заходзіць у вальеры без супрацоўнікоў заапарку. Чатыры кансультанты сочаць, каб наведвальнікі не пакрыўдзілі і не перакармілі жывёл. Таксама яны раскажуць, як звяркі жывуць у дзікіх умовах і чым харчуюцца. Кансультанты не маюць ветэрынарнай адукацыі, але прайшлі навучанне ў заолога. Таму яны ўмеюць даглядаць жывёл і ведаюць іх характар.

Зааабаронцы раяць мець па два «наборы» жывёл і мяняць іх, калі жывёлы стаміліся. «У нас няма ратацыі, але калі мы бачым, што жывёла стамілася, то не пускаем людзей у клеткі», — кажа Вадзім. Ён абяцае выконваць парады зааабаронцаў і ветэрынараў наконт утрымання жывёл, калі такія з’явяцца.

Афрыканскі вожык ужо спіць
Штотыдзень у кантактным заапарку ладзяць «банны дзень», калі жывёл мыюць і даюць цэлы дзень на адпачынак. Ноччу жывёлы адпачываюць у поўнай цемры. Праўда, ёсць тут і начныя жывёлы — афрыканскія вожыкі. Днём ім не ўдаецца паспаць. Агулам, жывёлы тут «як у пяцізорнай гасцініцы», кажа Вадзім.

Усе жывёлы ў «Звераполюсе» прышчэпленыя і маюць пашпарты. Ветэрынар правярае жывёлак раз на тыдзень. Таму, калі жывёла пацарапае ці ўкусіць, то наведвальнік нічым не заразіцца.

Ветэрынар: «Усё індывідуальна»

У Беларусі няма прапісаных ветэрынарна-санітарных правіл для кантактных заапаркаў, таму ўсё вызначае ўладальнік: ад плошчы вальеру да колькасці супрацоўнікаў у штаце. Існуюць толькі агульныя ветэрынарныя патрабаванні. У клетцы павінна быць чыста, жывёла павінна быць здаровай і з пэўнымі прышчэпкамі, атрымліваць адпаведнае харчаванне і лячэнне ў выпадку хваробы.

Адпаведны закон павінен з’явіцца, лічыць намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Гродна Дзмітрый Гайда. У Расіі ўжо спрабуюць унармаваць працу кантактных заапаркаў. Між тым, Дзмітрый Гайда не супраць такога віду камунікацыі з жывёламі:

— Кожная жывёла, як і чалавек, мае свой характар: аднаму падабаецца камунікацыя з людзьмі, іншаму — не. Усё індывідуальна. Калі жывёле нешта не падабаецца, гэта будзе бачна па паводзінах: яна будзе палахлівай, дрэнна есці, дрэнна выглядаць або нават праяўляць агрэсію. Але кантактны заапарк таму і называюць кантактным, бо жывёлы там маюць магчымаюць ісці на кантакт, — кажа ўрач.

Паводле меркавання ветэрынара, праблемы перакормкі ў кантактным заапарку не ўзнікне, бо звер проста не з’есць больш, чым яму неабходна. Інфекцый баяцца не трэба, бо на жывёле можа быць менш мікраарганізмаў, чым на поручні ў грамадскім транспарце ці на грашовай купюры. Але за гігіенай сачыць варта, асабліва маленькім дзецям.

Меркаванні: лепш аддаць грошы на прытулак

Яна Каралёва з еўрапейскай арганізацыі «Адчыненыя клеткі» лічыць, што жывёлы ў кантактных заапарках выкарыстоўваюцца людзьмі, быццам рэчы, і служаць інструментам для зарабляння грошай.

— Жывёл для кантактных заапаркаў падбіраюцца так, каб яны не маглі пакусаць або падрапаць чалавека. Але гэта не значыць, што жывёлы атрымліваюць задавальненне ад зносін з чалавекам. Некаторыя віды, напрыклад, яноты і лісы, з’яўляюцца начнымі жывёламі, і для іх ненатуральна знаходзіцца пад яркім святлом на працягу ўсяго дня.

Грызуны адчуваюць велізарны стрэс з-за бесперапыннага кантакту з дзецьмі. На жаль, маленькія дзеці часта не кантралююць свае дзеянні і могуць нанесці траўму далікатным марской свінцы або трусам. Вядома шмат выпадкаў, калі закатаваныя жывёлы паміралі ў кантактных заапарках на вачах у дзяцей.

Яшчэ ёсць такі момант: у кантактныя заапаркі часта завозяць дзіцянятаў буйных жывёл, напрыклад, аленя. Што будзе з гэтым аленем, калі ён вырасце? Ён перастане быць рэнтабельным для ўладальніка і ад жывёлы могуць проста пазбавіцца.

Яна кажа, што лепш наведваць прытулкі для сабак і катоў. Гэтым жывёлам сапраўды патрэбна дапамога, бо прытулкі існуюць за кошт ахвяраванняў. За тыя грошы, якія сям’я траціць на наведванне заапарка, яна магла б набыць корм ці медыкаменты для прытулку. Або проста выгуляць некалькі сабак. Калі ж чалавек хоча паглядзець на дзіках жывёл, то лепш паехаць у лес.

«Заапарк і цырк — знявага і пакута»

Дзіцячы псіхолаг Вольга Цярэхіна кажа, што альтэрнатыва кантактнаму заапарку — хатнія гадаванцы і дапамога ў прытулку, запаведнікі і іншыя месцы вольнага пражывання жывёл.

— Заапарк і цырк звяроў - зневажальна для чалавека і пакутліва для жывёлы, — кажа яна. — Дзікія жывёлы не павінны жыць у клетках, вальерах, на ланцугу, адным словам — у няволі. У іх ёсць уласны дом: лес, горы, стэп. Гвалт над жывёламі павінен быць пакараны.

Вольга кажа, што жывёлы — выдатныя педагогі, псіхолагі і лекары:

— Жывёлы не могуць дрэнна ўплываць на дзяцей, таму што яны адэкватныя ў праяве сваіх эмоцый і рэакцый. Дрэнна ўплывае на дзяцей прагматычнае стаўленне навакольных дарослых не толькі да жывёл, але і да прыроды агулам. Дзецям, як і некаторым дарослым, складана зразумець, што сабака, хомячок або чарапаха каштоўныя самі па сабе, а не таму, што яны могуць нешта даць.

Даведка

Свой першы кантактны заапарк Вадзім Клепча разам з сузаснавальнікам адкрыў у Наваполацку летась. Зараз ён пераедзе ў Бабруйск. Тыдзень назад кантактны заапарк адчыніўся ў Гродне. У планах — Барысаў і Пінск. Адкрываюць кантактныя заапаркі ў горадзе, дзе не менш за сто тысяч насельніцтва.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024