Людзі і справы

Вушатая сава і зімародак. Топ-9 цікавых птушак, якіх можна пабачыць у Гродне

Да Міжнароднага дня птушак Hrodna.life спытаў гродзенскага бёрдвочара Андрэя Храмогіна пра нязвыклых гараджанам птушак, за якімі можна паназіраць у гэты час у Гродне і паблізу.

Яшчэ не ўсе птушкі вярнуліся з зімоўкі, распавёў Hrodna.life Андрэй Храмогін: пакуль няма пеначак, ластавак, стрыжоў, буслоў. Затое прыляцелі берасцянкі, шпакі, ужо спяваюць дразды.

Міжнародны дзень птушак (International Bird Day) 1 красавіка — інтэрнацыянальнае экалагічнае свята. Яго адзначаюць, каб нагадаць пра важнасць захавання відавой разнастайнасці і колькасці птушак. Ён узнік у ЗША ў 1894 годзе, стаў масавым, затым прыйшоў у Еўропу. Дата абраная не выпадкова — як раз у гэты час птушкі вяртаюцца з міграцыі і ўладкоўваюць гнёзды.

Вялікі голуб (вяхір)

Вялікія (лясныя) галубы ўжо прыляцелі ў Гродна пасля зімы, паўсюдна сядзяць на гнёздах і такуюць. Яны любяць рабіць гнёзды на елках, туях, у закрытых месцах. Гэтых птушак можна сустрэць у прыватным сектары, на тэрыторыі дзіцячых садкоў, дзе растуць старыя дрэвы, у Каложскім парку, шмат параў гняздуюцца ў парку каля Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.

Вяхір — самы буйны з дзікіх лясных галубоў, якія жывуць у Еўропе. Іх лёгка знайсці па характэрным буркатанні «гру-грух-гру-ру-ру», якое многія блытаюць з голасам савы.

Вялікі голуб. Фота: Дзмітрый Вінчэўскі, birdwatch.by

Вушатая сава

Вушатую саву можна знайсці ў двары гімназіі № 6 па вуліцы Брыкеля, за крамай «Лімож», на елках. Іх бачылі там і апошнія некалькі гадоў. Арыентавацца можна па «пагадках» пад дрэвам — спрасаваных неперавараных рэштках ежы жывёльнага паходжання (дробныя косткі, поўсць, пёры). Удзень сава сядзіць у кроне, не вельмі высока.

Увага! Каля «савінага» месца не шуміце, не прыцягвайце да птушак залішняй увагі варон і школьнікаў, не бярыце з сабой сабак.

Вушатая сава. Фота: Facebook «Дзікая прырода побач», Наталля Бачурынская

Шызыя чайкі на «Кароне»

На Горкага, у раёне рынку «Карона» лётае шмат чаек, у асноўным — шызыя. Калоніі жывуць проста на дахах цэхаў. З імі можна ўбачыць і чаек-рагатух. Шызая чайка — чырвонакніжны від, колькасць якога скарачаецца ў Еўропе (мае пагражальны статус). «Карона» — бяспечнае месца для гнездавання: у горадзе ім хапае ежы, у тым ліку на сметніках, няма наземных драпежнікаў, а ад ястрабаў яны ў калоніі могуць абараніцца.

Шызая чайка. Фота: pixabay.com

Зімародак

Зімародак так добра ловіць рыбу, што яго назва па-англійску — kingfisher (кароль-рыбак). Заляцаючыся да самкі, зімародак прапануе ёй злоўленую рыбку, і калі яна яе прыме — птушкі ствараюць пару. Зімародка можна ўбачыць днём у вусці Гараднічанкі. Гняздо, хутчэй за ўсё, размешчана дзесьці вышэй па плыні, на абрывістым беразе, а на Нёман птушка прылятае паляваць.

Зімародак падчас палявання. Фота: pixabay.com

Чорная (а калі пашанцуе — і зялёная) жаўна

Черную жаўну (чорнага дзятла) можна знайсці ў Пышках. Жаўна любіць «саспелыя» лясы. Пад пер’ем у дарослай птушкі няма пуху, а жорсткі хвост яна выкарыстоўвае як апору ў час выдзёўбвання дупла. Скура таксама вельмі жорсткая і абараняе жаўну ад укусаў насякомых. Буйная птушка добра заўважная, у жаўны вельмі характэрны голас. У Пышкі можна знайсці і больш рэдкую зялёную жаўну.

Чорная жаўна. Фота: pixabay.com
Зялёная жаўна і яе язык. Фота: Facebook «Дзікая прырода побач», Margaret Holland

Шэрыя чаплі

Калонію шэрых чапляў нядаўна бачылі каля вёскі Палоткава каля Гродна, непадалёк ад возера Бросты. Шэрую чаплю можна сустрэць і на Нёмане ў цэнтры Гродна.

Шэрая чапля на Нёмане. Фота: Дзмітрый Вінчэўскі, birdwatch.by

Белыя чаплі

Белая чапля, як і шэрая, палюе на Нёмане. У Гродне іх можна ўбачыць каля рачнога порта, насупраць Каложскай царквы.

Фота: Дзмітрый Вінчэўскі, birdwatch.by

Вялікая коўра

Вялікая коўра есць шмат рыбы, таму час ад часу глынае ўласныя пёры. Пух ахінае вострыя косткі і абараняе ўнутраныя органы птушкі. Потым яна адрыгвае пёры разам з косткамі. Птушанят першы час птушка «возіць» проста ў сябе на спіне.

Вялікую коўру можна пашукаць на азёрах каля Гродна (жыве на Белым, Бростах, можа быць на Юбілейным, на азёрах рыбгасаў). Характэрны хахалок з’яўляецца вясной, зімой яго няма.

Бакланы

Бакланы ўмеюць калектыўна рыбачыць, пад вадой выкарыстоўваюць зрок і слых. Пасля рыбалкі ім трэба сушыць крылы, інакш яны не змогуць узляцець. Узімку бакланаў лёгка заўважыць каля Гродзенскай ГЭС, дзе яны палююць і адпачываюць з расстаўленымі крыламі. Яны могуць быць там і ў гэты час. Зараз птушкі сыходзяць на калоніі. Нядаўна іх бачылі на возеры Бросты за Альшанкай, ужо могуць быць на рыбагадавальніку ў Каробчыцах, збіраюцца на Нёмане каля вёскі Дарашэвічы, у заказніку «Гродзенская Свіслач» збіраюцца ў групы ў некалькі сотняў птушак. У гнездавы перыяд у бакланаў з’яўляюцца белыя плямы на баках тулава.

Каго яшчэ можна ўбачыць у Гродне і ваколіцах

У Гродна часам залятаюць папаляваць ястрабы. На Нёмане ў раёне рачнога порта можна ўбачыць вялікага савука (крохаля) — драпежную качку з чорнай галавой і шыяй і белымі бакамі і жыватом у самцоў. У самак галава рудая з падвойным шырокім хахлом, белыя горла і валлё.

Добры маршрут для назіранняў за птушкамі - ад драмтэатра па набярэжнай, уздоўж Нёмана да Каложскага (новага) парку. У розных біятопах на гэтым шляху можна сустрэць і каляводных птушак, і паркавых, і гарадскіх, і нават лясныя віды. Азёрныя чайкі з чорнымі галовамі сядзяць проста на гарадской набярэжнай. У Каложскім парку на цантральнай алеі ў елках можна знайсці вялікіх галубоў, драздоў-піскуноў, зелянушак. Іншы добры варыянт для шпацыраў у пошуках розных відаў птушак — Пышкі, шмат відаў можна сустрэць і ў Румлёва.

Калі ж выехаць крыху за горад, можна патрапіць на месцы, дзе цяпер збираюцца вадаплаўныя птушкі пад час міграцыі: рака Свіслач, месца яе ўпадзення ў Нёман. На возеры непадалёк ад вёскі Карозічы можна знайсці багата качак, гусяў, розных відаў кулікоў, кнігавак, будуць там і лысухі, розныя віды чапляў, лебедзяў, коўры. Праўда, туды варта браць з сабой бінокль. Яшчэ зусім нядаўна нават ноччу можна было чуць, як ляцяць зграі гусей. У Гродзенскі раён ужо прыляцелі журавы, хутка пачнецца масавы прылёт кулікоў - яны з’явяцца ў рачных поймах, забалочаных малалюдных месцах.

Раней птушкі мелі больш шанцаў на ахову

Да 2022 года пытаннямі аховы прыроды, абароны птушак і захавання біяразнастайнасці і біятопаў, папулярызацыяй птушак і адукацыяй займалася грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Гэта была самая буйная прыродаахоўная арганізацыя Беларусі. Яна супрацоўнічала з Міністэрствам прыродных рэсурсаў Беларусі і іншымі дзяржаўнымі органамі, з Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія) і Каралеўскім таварыствам аховы птушак Вялікабрытаніі. Актыўным было і гродзенскае аддзяленне арганізацыі: не аднойчы праходзілі арніталагічныя экскурсіі, майстар-класы, летам 2021 года можна было навучыцца вызначаць розныя віды птушак у «Школе бёрдвочара».

18 сакавіка 2022 года Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць АПБ на пазоў Міністэрства юстыцыі. На думку ведамства, арганізацыя ў сваіх інфармацыйных матэрыялах выказвала падтрымку пратэстнай актыўнасці, выкарыстоўваючы выраз «Птушкі з народам», публікавала дэструктыўныя фота, а некаторыя супрацоўнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34. У 2023 годзе арганізацыі павінна было споўніцца чвэрць стагоддзя.

Штогод АПБ праводзіла кампанію «Птушка года». Птушка, абраная на гэтую ролю, атрымлівала асаблівую ўвагу, ёй былі прысвечаны адукацыйныя і ахоўныя мерапрыемствы. У 2022 годзе птушкай года стала белая сініца. Перад ліквідацыяй выбралі і птушак года на будучыню — звычайную туркаўку для 2023 года, шэрую варону для 2024 і вялікага вераценніка на 2025 год.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024